«За дзеянні, якія ганьбяць гонар і годнасць сябра Моладзі БНФ». З такой фармулёўкай Вячорку, Крэчку і Анісімава выключылі з шэрагаў моладзевага крыла Фронту. Анісімаву, акрамя гэтага, пагражае выключэнне з партыі.

Увечары 19 жніўня адбылося пасяджэнне Рады Моладзі БНФ, на якім прысутнічалі 8 сяброў Рады (усяго ў радзе 15 чалавек), паведамляе Радыё Свабода. За выключэнне з шэрагаў арганізацыі Вячоркі, Крэчкі і Анісімава прагаласавалі сем чалавек, адзін галасаваў супраць. Вось вытрымка з пратаколу паседжання:

«Пункт парадку дня №2. Аб выключэнні сп. Ф.Вячоркі, А. Крэчкі, А. Анісімава з ліку сяброў Моладзі БНФ. Выступіў: сябра Рэвізійнай камісіі Моладзі БНФ Алесь Каліта, які азнаёміў сяброў Рады Моладзі БНФ, з рашэннем Рэвізійнай камісіі Моладзі БНФ №1 ад 18.08.2010 г., якое рэкамендавала Радзе Моладзі БНФ выключыць з ліку сяброў Моладзі БНФ Ф. Вячорку, А. Анісімава, А. Крэчку за дзеянні, якія ганьбяць гонар і годнасць сябра Моладзі БНФ».

Нагадаем, што Франак Вячорка, Андрэй Крэчка, Антон Койпіш і Уладзімер Малей 12 чэрвеня 2010 г. былі выключаныя з шэрагаў Партыі БНФ.

А. Каліта: Інтэрв’ю з Анісімавым стала апошняй кропляй

Сябра Рэвізійнай камісіі Моладзі БНФ Алесь Каліта пракаментаваў «НН» прычыны выключэння з шэрагаў арганізацыі трох яе сяброў. Па яго словах, Вячорку, Крэчку і Анісімава выключылі за парушэнне этыкі і дысцыпліны. «Апошняй кропляй стала распаўсюджанае ў інтэрнэце інтэрв’ю Франака Вячоркі з Алесем Анісімавым», — кажа сп. Каліта. Па яго словах, гутарка была выкананая ў надзвычай хамскім і непаважлівым тоне. У інтрэв’ю Анісмаў нібыта абразіў шэраг сваіх паплечнікаў, у прыватнасці Антона Каліноўскага. Гэта не адзіная прычына выключэння з Моладзі БНФ, падкрэсліў сябра Рэвізійнай камісіі. Ён дадаў таксама, што ў Магілёўскую Раду БНФ накіраваная прапанова разгледзець пытанне аб выключэнні Анісімава з шэрагаў партыі.

Што датычыць Андруся Крэчкі, то яму закідаецца працяг нядобрасумленнай дзейнасці. «Хоць ён і быў адхілены ад пасады старшыні Моладзі БНФ, сп. Крэчка працягвае прадстаўляцца ім. Сваімі дзеянні ён перашкаджае працы новага кіраўніцтва», — адзначыў Алесь Каліта.

Апошнія падзеі ў арганізацыі не паўплываюць на перадвыбарчую кампанію Моладзі БНФ, запэўніў Каліта.

Ф. Вячорка: Мяне здзівіла не рашэнне, а сакрэтнасць вакол яго

Ужо былы сябар Моладзі БНФ Франак Вячорка ў сваім блогу на падзею адгукнуўся наступным чынам: «Мяне здзівіла не рашэнне, а сакрэтнасць, пры якім адбывалася паседжанне. Нават у савецкія часы пытанне аб выключэнні каго-кольвек адбывалася ў яго прысутнасць.

Сумна назіраць, як спецслужбы дабіваюць БНФ. Не, я зусім не лічу, што ўсе гэтыя людзі — агенты КДБ. Яны шчыра вераць у тое, што робяць добрую справу. Як і чальцы камісіяў, якія падтасоўваюць выбары. Як і салдаты тэрміновай службы, збіваючы дручкамі дэманстрантаў. Бог ім суддзя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?