Паводле дадзеных Федэральнай міграцыйнай службы Расіі (ФМС), за 7 месяцаў гэтага года два жыхары Беларусі звярнуліся з хадайніцтвамі аб наданні статусу бежанца. Усяго ж за апошнія пяць гадоў у суседняй дзяржаве шукалі прытулак больш за сорак беларусаў.
Падобна, не ўсіх задавальняе пражыванне ў самай спакойнай краіне ў цэнтры Еўропы.

З іншага боку, расійскі орган, які адказвае за міграцыю, не асабліва вітае прыезджых з саюзнай дзяржавы. У 2008 была задаволеная толькі адна заява беларускага грамадзяніна аб прытулку ў Расіі. Гэта пакуль адзіны выпадак за апошнія 5 гадоў.

Дарэчы, менавіта ў 2008 было зарэгістравана больш за ўсё нашых суайчыннікаў, што прасілі прытулку ў Расіі, — у ФМС паступіла ад беларусаў 12 хадайніцтваў аб наданні статусу бежанца і 5 заяваў на часовы прытулак. Вылучаўся міграцыйнай актыўнасцю і 2007, калі стаць бежанцамі ў Расіі пажадалі 15 чалавек з Беларусі.

Па гэтым паказчыку Беларусь апярэджвае ўсе прыбалтыйскія краіны разам узятыя. Да прыкладу, з Латвіі за апошнія пяць гадоў у ФМС Расіі паступіла 7 заяваў аб наданні статусу бежанца і 3 — на часовы прытулак, з Эстоніі, адпаведна, 7 і 2, з Літвы — 3 і 1.

Сярод беларусаў было больш ахвотных атрымаць прытулак у Расіі, чым сярод казахаў і малдаван. З Казахстана на працягу разгляданага перыяду хацелі стаць бежанцамі ў Расіі 23 чалавекі, 8 спрабавалі атрымаць часовы прытулак. З Малдовы міграваць ў Расію планавалі 23 чалавекі ў якасці бежанцаў і 7 хацелі атрымаць часовы прытулак.

Прыблізна на адным узроўні з Беларуссю прарасійскі міграцыйны бум быў у Кыргызстане (35 заяваў на бежанцаў і 6 — на часовы прытулак) і Арменіі (37 і 9). Ва Украіне гэтыя паказчыкі склалі, адпаведна, 61 і 8.

Сярод краін былога СССР безумоўным лідэрам па колькасці пададзеных заяваў на гэтыя два статусы сталі жыхары Грузіі — 4789 і 3330 чалавек. У сусветным маштабе грамадзян гэтай краіны і асоб без грамадзянства, якія пражываюць на грузінскай тэрыторыі, абышлі толькі афганцы: за 5 гадоў аб статусе бежанца ў Расіі хадайнічалі 5386 чалавек, аб часовым прытулку — 4617. Грузія, такім чынам, займае другое месца ў свеце па колькасці ахвотных асталявацца ў Расіі ў якасці бежанцаў і часовых жыхароў.

Трэцяе месца ў свеце па колькасці ахвотных атрымаць правы бежанца ў Расіі таксама дасталося былой саюзнай рэспубліцы — Узбекістану, адкуль у ФМС паступіла практычна пароўну хадайніцтваў на статус бежанца і на часовы прытулак — адпаведна 265 і 205.

На прыкладзе заяваў з Беларусі, калі з больш чым 40 заяваў была задаволеная толькі адна, зразумела, што адна справа накіраваць хадайніцтва, іншая — быць пастаўленым на ўлік у ФМС. Напрыклад, з 5720 заяваў на наданне статусу бежанца ў Расіі на працягу апошніх пяці гадоў яго атрымалі толькі 225 чалавек.

Па колькасці чалавек, якія ўсё-такі сталі ў Расіі бежанцамі або атрымалі часовы прытулак, Беларусь знаходзіцца ў адной групе з Літвой (1 бежанец), Латвіяй і Малдовай (па 2 бежанцы). Часовы прытулак у Расіі атрымалі два армяніна, па адным казаху і эстонцу, прызнаныя бежанцамі 6 украінцаў, яшчэ двое атрымалі часовы прытулак.

Шэраг грамадзян з краін былога СССР за гэты перыяд звярталіся ў расійскія органы ўлады па наданне палітычнага прытулку. Хадайніцтвы паступалі з Азербайджана, Грузіі, Казахстана і Украіны. З Беларусі такіх заяваў у ФМС пакуль не паступала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?