Нядаўна давялося ўпершыню наведаць расейскія белагвардзейскія могілкі Сэн-Жэнэўеў-дэ-Буа, што ў прадмесьцях Парыжа. Расейская белая эміграцыя выклікае бязьмерную павагу. Гонар і адданасьць гэтых людзей сваёй радзіме дастойныя быць прыкладам для любога.

Гісторыя ня любіць умоўнага ладу — але могілкі Сэн-Жэнэўеў ня могуць ня выклікаць думак пра тое, якой іншай, якой лепшай была б Расея, калі б тысячы гэтых людзей, афіцэраў, інтэлектуалаў, арыстакратаў, змаглі б застацца і рэалізаваць сябе на радзіме.

Пра гісторыю белай эміграцыі магу параіць дакумэнтальны сэрыял Нікіты Міхалкова «Расейцы без Расеі» («Русские без России»).

* * *

Падчас пары здаецца, што

галоўная расейская памылка 20 стагодзьдзя — гэта няздольнасьць белых генэралаў у час Грамадзянскае вайны ўсьведаміць агульнасьць інтарэсаў з новымі незалежнымі дзяржавамі на ўскрайках былой Расейскай Імпэрыі
перад агульнай камуністычнай пагрозай. Прайгралі ад гэтага і белае войска, разьбітае камуністамі, і нацыянальныя дзяржавы, якія на дзесяцігодзьдзі трапілі пад савецкую акупацыю — хто ў 1919 (Беларусь, Украіна), хто ў 1939 (краіны Балтыі, Бэсарабія), хто ў 1945 гг. (Польшча, большасьць Усходняй Эўропы).

Ёсьць меркаваньне, што ў пэўны момант Ґустаў Манэргайм быў гатовы пайсьці на вызваленьне Петраграда ад бальшавікоў, але не зрабіў гэтага з-за адмовы белых прызнаць незалежнасьць Фінляндыі. У 1919 г. Юзэф Пілсудзкі адмовіўся дапамагчы Дзянікіну ў яго наступленьні на Маскву. Кантакты зь белымі войскамі мелі кіраўнікі Ўкраіны Скарападськый і Пэтлюра, у хаўрусе зь белымі ваявала беларуская армія Булака-Балаховіча.

Расейскія антыкамуністы баяліся незалежнасьці ўскраін імпэрыі, змагаліся за «Адзіную Расею», але ў выніку і прайгралі камуністам, і згубілі землі на захад ад Смаленску ў 1991 г.
Імпэрыялізм спрычыніўся да пагібелі Расеі ў 20 стагодзьдзі і паслужыў ёй толькі дрэнную службу.

Гісторыя ня ведае ўмоўнага лада, але з гісторыі трэба спрабаваць рабіць высновы.

* * *

Цікава параўноўваць расейскую белую эміграцыю і беларускую пасьляваенную эміграцыю. Абодва разы гэта былі палітычна актыўныя людзі, вымушаныя эміграваць пад пагрозай сьмерці, у адрозьненьне ад сучаснай эміграцыі, якая носіць збольшага эканамічны характар. Абодва разы людзі дзесяцігодзьдзямі жылі ў надзеі на хуткае вяртаньне, рыхтаваліся да яго — і збольшага так яго і не дачакаліся.

На жаль, аднак,

у адрозьненьне ад расейцаў, беларуская эміграцыя збольшага так і ня здолела выгадаваць сваіх дзяцей беларусамі
, у беларускіх асяродках часта адчуваецца правал паміж пакаленьнем паваенных эмігрантаў і пакаленьнем эмігрантаў 1990-х гг. Беларускай дыяспары яшчэ трэба знайсьці рэцэпт, як зрабіць так, каб маленькія ангельскамоўныя дзеткі, што цяпер водзяць карагоды на Купальле, у дарослым жыцьці праз дваццаць-трыццаць гадоў таксама цікавіліся беларускім жыцьцём. Ва ўмовах, калі беларуская мова і культура мала патрэбныя на самой Беларусі, гэтая задача моцна ўскладняецца.

Аднак,

роля беларускай дыяспары — беларускай бібліятэкі ў Лёндане, беларускага духавенства ўсіх канфэсій, беларускай рэдакцыі Радыё Свабода — была і ёсьць канечне ж нашмат большай для Беларусі, чым нават роля белай эміграцыі для Расеі.
Для Беларусі савецкая ўлада была ня проста таталітарным рэжымам, але і вонкавай акупацыяй, якая імкнулася да вынішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, і таму так важна было захаваньне гэтай спадчыны, захаваньне вобраза свабоднай Беларусі і нават вобраза іншай беларускай дзяржаўнасьці, увасобленай Радай БНР. Шкада, што гэта місія беларускай дыяспары яшчэ далёка ня вычарпаная.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?