У Мінск прыбыў новы пасол ФРГ Крыстаф Вайль. Як паведамілі ў германскай дыпмісіі, 18 жніўня ён уручыў копіі даверчых лістоў кіраўніку МЗС Беларусі Сяргею Мартынаву.

Крыстаф Вайль нарадзіўся ў 1954 годзе ў Хайльброне, вывучаў правазнаўства і абараніў дысертацыю ў Хайдэльбергу. З 1985 года — на службе ў Федэральным міністэрстве замежных спраў, працаваў у аддзеле па справах Берліна і Германіі, аддзеле НАТО, аддзеле планавання. У 2003–2007 гадах узначальваў аддзел еўрапейскай палітыкі бяспекі і абароны ў МЗС ФРГ.

У 1986–1989 гадах Вайль працаваў у германскім пасольстве ў Маскве, у 1989–1991 гадах — у Бразіліі, у 1999–2003 гадах — у міжнародным сакратарыяце НАТО. У 2008–2009 гадах узначальваў дыпмісію ФРГ у Багдадзе.

Новы пасол ФРГ жанаты, у яго двое дзяцей.

Дата ўручэння даверчых грамат прэзідэнту пакуль невядомая.

Місія ў Беларусі папярэдняга пасла Германіі Гебхарта Вайса завяршылася ў ліпені. 1 ліпеня на сустрэчы з Вайсам Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму «за імкненне палепшыць беларуска-германскія і ў цэлым беларуска-еўрапейскія адносіны», а таксама заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў захаванні добрых адносін з Германіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?