23.08.2010 / 15:07

У Чылі знайшлі зніклых гарнякоў

У Чылі ратавальнікі знайшлі 33 гарнякоў, заблакаваных у шахце ў выніку абвалу пароды.
Прадстаўнік мясцовай пракуратуры Гектар Мела адзначыў, што праз спецыяльную адтуліну ў шахту была апушчаная відэакамера, дзякуючы чаму з некаторымі рабочымі атрымалася ўсталяваць візуальны кантакт.

Гарнякі правялі пад зямлёй 17 дзён. Абвал пароды на шахце, размешчанай за 800 кіламетраў на поўнач ад чылійскай сталіцы Санцьяга, адбыўся 5 жніўня. Да гэтага часу не было вядома, ці ўдалося каму-небудзь з гарнякоў выжыць у выніку аварыі.

У нядзелю, 22 жніўня, ратавальнікі прасвідравалі невялікую адтуліну глыбінёй 700 метраў. Праз яе гарнякі перадалі запіску, якую пазней зачытаў прэзідэнт краіны Себасцьян Піньера. У ёй гаварылася, што ўсе 33 шахцёры жывыя.

У найбліжэйшы час гарнякам, заблакаваным пад зямлёй, перададуць ежу, ваду і неабходнае абсталяванне. Па словах ратавальнікаў,

каб вывесці ўсіх шахцёраў на паверхню, спатрэбіцца каля чатырох месяцаў.
Для таго каб прасвідраваць адтуліну дыяметрам 66 сантыметраў, праз якую гарнякі змогуць выбрацца, спатрэбіцца больш магутная свідравальная ўстаноўка.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру