Apple цяпер зможа адсочваць узламаныя iPhone і блакаваць іх дыстанцыйна. Смартфоны самі будуць адсылаць у кампанію інфармацыю пра неліцэнзійныя праграмы і парушальнікаў. Палова апаратаў iPhone, якія прадаюцца ў Расіі, па стандартах Apple з’яўляюцца ўзламанымі. Эксперты спадзяюцца, што да масавага адключэння справа не дойдзе.

Бюро па рэгістрацыі патэнтаў і гандлёвых марак ЗША апублікавала заяўку карпарацыі Apple, якая апісвае тэхналогію дыстанцыйнага кантролю сваіх прыладаў.

Патэнт у першую чаргу датычыць тэлефонаў iPhone і плэераў iPod touch. Гаворка ідзе як пра прылады, якія пацярпелі ад хакерскай атакі, так і пра тыя, якія прайшлі працэдуру «разблакавання», так званага JailBreak, практыкаванага многімі ўладальнікамі гаджэтаў. JailBreak уключае ў сябе «адвязку» тэлефона ад аператара сувязі, з падключэннем да якога прадаецца iPhone, і магчымасць усталявання праграмаў, якіх няма ў афіцыйнай краме дадаткаў iTunes AppStore.

У ліпені 2010 працэдура JailBreak была прызнаная законнай, калі ўрад ЗША ўнёс адпаведныя папраўкі ў Закон аб абароне аўтарскіх правоў у лічбавую эпоху. Аднак самой кампаніяй Apple узлом iPhone (і іншых прыладаў пад кіраўніцтвам iOS, такіх як iPad або iPod touch) афіцыйна забаронены.

Апараты, якія падвергнуліся разблакаванню, здымаюцца з гарантыі вытворцы і пазбаўляюцца тэхпадтрымкі.

Патэнтная заяўка апісвае механізмы выяўлення такіх узламаных апаратаў і меры, якія кампанія можа пры гэтым скарыстаць. Напрыклад, ужо ў найбліжэйшы час iPhone або iPad новага пакалення змогуць «пазнаваць» сваіх уладальнікаў па выглядзе, голасе і нават па індывідуальным сэрцабіцці. Каб гаджэт пазнаў сапраўднага гаспадара, трэба будзе ўвесці ў яго свае дадзеныя, якія захаваюцца ў памяці ў якасці эталону. Пры несупадзенні апарат дасць сігнал у кампанію, што адбыўся доступ «несанкцыянаванага карыстальніка», магчыма, у выніку крадзяжу або страты. Акрамя таго, інжынеры Apple даведаюцца, калі над прыладай будуць рабіцца пэўныя дзеянні, такія як выманне SIM-карты, узлом або праграмнае адключэнне настроек аператара сувязі.

Праграма прадугледжвае паведамленне ўладальніку пра несанкцыянаваны доступ праз СМС ці электронную пошту. Таксама Apple зможа дыстанцыйна абмежаваць функцыянальнасць апарата: забараніць запуск пэўных дадаткаў, закрыць доступ да персанальных дадзеных уладальніка, выдаліць усю захаваную інфармацыю або проста заблакаваць апарат. Паведамляецца таксама, што прылада зможа паведаміць у кампанію інфармацыю пра злачынцу — даслаць фота, зробленае франтальнай камерай, паказаць месцазнаходжанне, вызначанае ўбудаваным GPS-прымачом.

Эксперты спадзяюцца, што да жорсткіх мераў у дачыненні да ўладальнікаў апаратаў справа не дойдзе.

«Не варта панікаваць і чакаць, што ўсе апараты ад Apple хутка заблакуюць, і яны зробяцца бяздзейным кавалкам жалеза, — супакойвае галоўны аналітык Mobile Research Group Эльдар Муртазін. — Гэтага ніхто не збіраецца рабіць».

Па яго словах, такія метады дыстанцыйнага адключэння ёсць у кожнага з вытворцаў — існуюць сістэмы для Android, Symbian, Blackberry, Windows Mobile. І ні адна з кампаній не выкарыстоўвала маштабна гэтыя магчымасці. Задача кампаніі проста ў стварэнні патэнту на гэтую тэхналогію. «Адпаведна, на рынак гэты патэнт ніяк не паўплывае, і масавага адключэння такіх тэлефонаў не будзе, — перакананы Муртазін. — Гэта нявыгадна кампаніі і дрэнна б адбілася на яе іміджы».

«Патэнт накіраваны на абарону ад несанкцыянаванага доступу і на барацьбу з крадзяжамі апаратаў. Апарат дасць сігнал пра неліцэнзійныя праграмы на ім,
але санкцыі выкарыстоўвацца наўрад ці будуць, інакш гэта скароціць рынак для Apple», — згаджаецца рэдактар партала Mobile Review Сяргей Кузьмін.

Не сакрэт, што палова тэлефонаў iPhone, якія прадаюцца ў Расіі, трапілі ў краіну з дапамогай «шэрых» схем і па стандартах Apple з’яўляюцца ўзламанымі. У некаторых краінах апараты прадаюцца толькі з падключэннем да аператара. У ЗША, напрыклад, гэта аператар AT&T — апарат прадаецца разам з SIM-картай і з кантрактам, які абавязвае ўладальніка карыстацца паслугамі толькі AT&T.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?