У радасным чаканні ўключаеш фільм пра Шэрлака Холмса. Першае, што бачыш, - чорны экран і на ім буйнымі белымі літарамі: "Мінск. Беларусь".
Затым - вялікае пустое памяшканне з выбітым шклом. За акном дзень, але ўнутры няма электрычнасці. Шэрлак дапытвае чалавека, у абодвух з рота ідзе пара. Халодна, цёмна. Мінск, Беларусь.

На хвалі новай папулярнасці майстра дэдукцыі, паднятай фільмам Гая Рычы "Шэрлак Холмс", сусветна вядомы брытанскі тэлеканал BBC зняў уласны фільм пра Шэрлака, які перамясціў яго ў ХХІ стагоддзе. Прынцыпы дэдукцыі застаюцца некранутымі, але дастасоўваюцца да сённяшняй рэальнасці: замест люлькі - нікатынавы пластыр, замест газеты The Times - інтэрнэт і iPhone, замест трушчобаў - добра вядомы цэнтральны Лондан. Холмс – малады, бледны, імклівы; Ватсан – практычны, надзейны, сентыментальны. Фільм глядзець цікавей, чым віктарыянскую класіку: героі і сюжэты блізкія і зразумелыя, прадметы знаёмыя і рэальныя, таму яго змест лёгка ўспрымаецца і застаецца ў памяці. Фільм меў вялікі поспех - ён ішоў у нядзелю ўвечары, у прайм-тайм, сабраўшы больш за 7,2 мільёна гледачоў.

І ўсе яны (плюс тыя, хто тыдзень пасля паказу мог бясплатна спампаваць фільм з сайта BBC, плюс тыя, хто купіць DVD) пачалі прагляд з "Мінск. Беларусь" на чорным экране.
Зразумела, што законы жанру дыктуюць наяўнасць цёмнага боку, ворагаў, асабліва з краіны, з якой ідзе небяспека. Традыцыйна такая роля адводзілася Расіі, на кароткі перыяд у 1990-я - Кітаю. І вось - "Як там тая расійская справа?" - пытаецца Ватсан. "Бе-ла-русь, - чаканіць у адказ Холмс. - Поўная лухта". Яшчэ - у калядным выпуску ўлюбёнага брытанцамі серыяла "Толькі дурні і коні" галоўны герой пытаецца: "І што, мне паслаць гэта наркадылера ў Беларусь?" Такія згадкі пра нашую краіну памнажаюцца.

Здавалася б, чаму б беларусам і не парадавацца? Нарэшце пра краіну кажуць шматмільённай аўдыторыі - і якая розніца, што менавіта.

Але розніца ёсць: Беларусь трывала забіла ячэйку памяці "небяспечнае адсталае месца, ад якога трэба трымацца далей":
там нясцерпна, дэпрэсіўна і чорна-бела. А гэта значыць, што інвестары не захочуць несці грошы ў гэтую краіну, пакупнікі не захочуць плаціць за прадукты з гэтай краіны, а турысты будуць трымацца ад яе падалей. Інвестары, пакупнікі, турысты - у першую чаргу проста людзі, і Шэрлак, што мерзне ў Мінску з парай з рота, эмацыйна закранае і пераконвае іх значна мацней, чым даклады чыноўнікаў пра станоўчыя змены беларускага заканадаўства на дарагіх інвестыцыйных форумах.
У згаданым эпізодзе Шэрлак раскрывае беларускага шпіёна, таму што той хоць і размаўляе па-ангельску, але няўмела карыстаецца мовай.
Гэтак жа справа ідзе і з прасоўваннем іміджу Беларусі ў Еўропе: чыноўнікі задыхаліся, заклікаючы інвестараў, а відавочнай карысці пакуль няма. Таму што беларусы трацяць намаганні не там: трэба працаваць у першую чаргу з шырокай публікай, са СМІ, з масавай культурай, каб стварыць спрыяльную глебу, станоўчае базавае стаўленне да краіны ў еўрапейцаў у цэлым. Толькі потым з яго пачнуць прабівацца фінансавыя і чалавечыя патокі ў Беларусь. Інакш тры хвіліны ў фільме на BBC перакрэсліваюць месяцы цяжкай працы і бюджэтныя выдаткі. Зацікавіш людзей - прыйдуць інвестыцыі.

Як сказаў бы сам Шэрлак, "элементарна, Ватсан".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?