Чарговая нелегальная міні-лабараторыя па вырошчванні канопляў выяўленая ў Шчучынскім раёне. Паспяховую аперацыю правялі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

Каноплі вырошчваў 31-гадовы жыхар вёскі Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна. Пры гэтым лабараторыю ён прадбачліва размясціў у доме свайго брата. Але гэта не выратавала яго ад сустрэчы з аператыўнікамі.

Наркалабараторыя была абсталяваная па ўсіх канонах падпольнай вытворчасці, а па тэхнічным абсталяванні з’яўлялася адной з найлепшых у Беларусі. «Вытворчасць» размяшчалася ў непрыкметным сарайчыку падалей ад вачэй, а памяшканне было літаральна нашпігаванае абсталяваннем: светла-, цепла- і гукаізаляцыя, сістэма асвятлення з часавымі датчыкамі, кандыцыянер, прыборы для вымярэння вільготнасці і цяпла, розныя фільтры.

Усё гэта спрыяла добраму ўраджаю. Усяго праваахоўнікі выявілі 36 кустоў канопляў агульнай масай больш за 27 кілаграмаў. Тамсама знаходзілася і ўжо высушанае, гатовае да спажывання зелле. Відавочна, што такі аб’ём наркасыравіны арыентаваны не на аднаго чалавека, а на групу. Таму цяпер аператыўнікі праводзяць у дачыненні да затрыманага комплекс мерапрыемстваў па высвятленні ўсіх звёнаў ланцуга «вытворца — пакупнік — наркаман-спажывец».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?