Крайняя правая партыя Флямандзкі блёк атрымала на выбарах адзін з найлепшых вынікаў у сваёй гісторыі. Яны выступаюць за большую незалежнасьць багатай Фляндрыі ад беднай Валёніі.

Што праўда, крайнія нацыяналісты з Vlaams Belang ня здолелі дасягнуць поўнага посьпеху – яны здабылі «ўсяго» 32,5%, крыху меней за сацыял-дэмакратаў. Таму цалкам уладу яны, бадай, ня возьмуць – астатнія партыі cтвораць «санітарны кардон», – шматпартыйную кааліцыю.

Але ў іншых акругах краіны Vlaams Belang атрымала лепшыя вынікі, чым шэсьць гадоў таму. У шэрагу камунаў, у тым ліку ў прыгарадзе Брусэлю, яна выйшла на першыя месцы. І менавіта ў такіх камунах крайнія флямандзкія нацыяналісты будуць весьці рэй у гарадзкіх радах.

Нядзельныя муніцыпальныя выбары ў Бэльгіі паказваюць, які можа быць вынік фэдэральных выбараў у парлямэнт у наступным годзе. Чым больш галасоў атрымаюць флямандзкія правыя, тым большая верагоднасьць, што пачнецца паступовы дэмантаж Бэльгіі. Багатыя флямандцы ўжо доўгі час наракаюць, што змушаныя мець на ўтрыманьні паўднёвую частку краіны – франкамоўную Валёнію, што ўжо дзясяткі гадоў перажывае эканамічны крызіс.

І практычна ўсе флямандзкія правыя партыі абвяшчаюць, што будуць дамагацца большай незалежнасьці Фляндрыі, асабліва фінансавай.

– Бэльгія сама па сабе ня ёсьць нейкай каштоўнасьцю – сказаў нядаўна Yves Lanterne, хрысьціянскі дэмакрат, які займае пасаду кіраўніка рэгіянальнага ўраду Фляндрыі.

Партыі, што цяпер кіруюць Бэльгіяй – сацыялісты з Валёніі і флямандзкія лібэралы – на нядзельных муніцыпальных выбарах атрымалі вельмі слабы вынік. Яны ня змогуць процістаяць разбурэньню Бэльгіі. Кароль Альбэрт II таксама бясьсільны, бо ня мае патрэбных канстытуцыйных паўнамоцтваў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?