Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, ДТЗ адбылося 25 жніўня, а другой гадзіне ночы на адной з вуліц вёскі Стрыгінь. 22-гадовы жыхар гэтай вёскі на аўтамабілі «Аўдзі-100» наехаў на аднавяскоўца, які ляжаў на праезнай частцы. Апошні памёр на месцы.

Распачата справа на падставе ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў). Устаноўлена, што загінулы не быў абазначаны святлоадбіўнымі элементамі.

З пачатку года ў вобласці гэта дзевятае такое ДТЗ, паведаміла Сахарчук. У іх загінулі пяцёра чалавек, чацвёра атрымалі траўмы. «У асноўным гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 17 да 30 гадоў. Большасць з іх знаходзіліся ў стане ап’янення. Ім станавілася дрэнна або яны проста засыналі на дарозе», — дадала прадстаўнік ДАІ.

У 2010 годзе ў Брэсцкай вобласці зарэгістравана 65 ДТЗ па віне пешаходаў (на 24 менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года). 17 чалавек загінулі (на шэсць менш), 47 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці (на 21 менш). Амаль у кожным трэцім такім ДТЗ віноўнік аварыі быў нецвярозы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?