У панядзелак 9 кастрычніка на хвалях 98.4 FM не зьявіліся ў этэр перадачы радыёстанцыі «Новае радыё», якое належыць Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яшчэ ў пятніцу нехта з супрацоўнікаў радыё ў жывым этэры зьвярнуўся да А.Лукашэнкі з просьбай абараніць іхні калектыў ад свавольстваў прафсаюзнага кіраўніцтва. Калектыў радыё абвесьціў страйк у сувязі з магчымым звальненьнем гннэральнага дырэктара Віктара Грышанава.

У панядзелак супрацоўнікі «Новага радыё» склалі адкрыты калектыўны ліст. Пад ім падпісалася 19 чалавек. Паволе гэтага ліста можна зразумець, што на радыёстанцыі ўжо досыць доўгі час панавалі звадкі, інтрыгі і плёткі. У гэтым вінавацяць прэс-сакратара ФПБ Ірыну Каганец і некалькіх ейных паплечніц.

У той самы дзень стала вядома, што ўсе падпісанты ліста былі звольненыя з працы. На радыёстанцыі засталіся толькі тры чалавекі, якія зусім нядаўна на яго ўладкаваліся. Таму зусім ня дзіва, што праца рэдакцыі была паралізаваная. Паводле папярэдняй інфармацыі, праца «Новага радыё» прыпыненая на месяц, пакуль не атрымаецца знайсьці новы склад рэдакцыі. Не працуе і сайт радыёстанцыі.

Прафсаюзны актывіст Аляксандар Бухвостаў, камэнтуючы для «НН» сытуацыю на «Новым радыё», адзначыў, што гэта праўладная структура, дзе ўсе падначалена волі ФПБ. «Там даўно няма ніякіх дэмакратычных прынцыпаў характэрных незалежным прафсаюзам. Людзі гавораць у этэр ня тое, што яны думаюць, а тое, што за іх думаюць. Як бачым цяпер, гэта задавальняла далёка ня ўсіх на гэтым радыё. Такі крок можна лічыць добрым сымптомам для ўсіх беларускіх дзяржаўных СМІ».

Сапраўды, сытуацыя з «Новым радыё» ўнікальная для найноўшай беларускай гісторыі. Калектыў рэдакцыі паказаў надзвычайную салідарнасьць са сваім начальнікам, не спалохаўшыся пагрозаў звальненьня. Відаць па ўсім сытуацыя была насамрэч неардынарная, калі журналісты пайшлі на такі радыкальны крок. Гэты ўчынак сапраўды можа стаць знакавым для беларускіх дзяржаўных журналістаў. Яны могуць працягваць маўчаць, баючыся звальненьняў, а могуць зрабіць так, як зрабілі на «Новым радыё»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?