Палітолаг Вячаслаў Іназемцаў разважае пра дылемы расійскай палітыкі ў артыкуле «Modernizatsya.ru: Не час выбару» ва ўплывовай газеце.

У канцы гэтага году адбудзецца падзея, якая наўрад ці магла разьлічваць на ўвагу расейцаў — выбары прэзыдэнта Беларусі. Усе апошнія 15 гадоў мы ведалі, хто ім стане: Аляксандр Лукашэнка, саюзьнік Расеі, які раней за сваіх маскоўскіх калегаў укараніў у краіне кіраваную дэмакратыю і да пары да часу вельмі ўмела канвэртаваў палітычную блізкасьць да расейскага кіраўніцтва ў эканамічныя прэфэрэнцыі.

Цяпер усе ня так відавочна. Масква і Менск пасварыліся — і, выглядае, сур’ёзна.
Некалькі нафтавых і газавых войнаў, канфлікты вакол паставак малака і шэрагу іншых спажывецкіх тавараў, складанасьці з АДКБ і Мытным саюзам, пазыцыя Менска па Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — гэта няпоўны сьпіс падстаў да ўзаемнай незадаволенасьці. У Расеі папаўзлі упартыя чуткі, што Крэмль перастаў рабіць стаўку на Лукашэнку.

Між тым сытуацыю, у якую трапіла Расея, складана назваць простай. Так, Маскве дорага абыходзілася плаціць Менску за ілюзію саюзнай дзяржавы. Але гэта быў яе уласны выбар — а сёньня адносіны не такія ўжо і «спонсарскія»: Беларусь у бягучым квартале плаціць за газ па $ 193 за 1000 куб. м, хаця спотавыя кошты ў Брытаніі ў першым паўгодзьдзі склалі $ 208, а ў ЗША ў ліпені — $ 156; ільготныя кошты на нафту дзейнічаюць толькі для таго яе аб’ёму, які спажываецца ў рэспубліцы (імпарт Беларусьсю з Расеі нафты ў першым паўгодзьдзі, дарэчы, зьнізіўся на 49,8%). У такіх умовах пастаянны ціск ня столькі спараджае недавер да Лукашэнкі, колькі памяншае колькасьць прыхільнікаў збліжэньня з Расіяй. Яшчэ ў мінулым годзе 40% апытаных беларусаў былі згодныя на тое, каб іх краіна ўвайшла ў склад ЭЗ, і менш за 15% гатовыя былі на аб’яднаньне з Расеяй у адзіную дзяржаву. Беларускі экспарт таксама арыентаваны на Захад, а не на Усход: у 2009 г. тавараў на $ 9.1 млрд. пайшло ў ЭЗ і на $ 6,7 млрд. — у Расею. Па выніках мінулага году, дарэчы, у Брусэлі Беларусь назвалі самым актыўным сябрам эўрапейскай праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Так, Беларусь залежыць ад Расеі, але тых, ад каго залежаць, часта баяцца, але рэдка любяць.

Як бы ў Маскве ні падкрэсьлівалі датацыйную сутнасьць беларускай эканомікі, яна больш мадэрнізаваная, чым расейская. Прамысловасьць і будаўніцтва забясьпечваюць 36% ВУП, маленькая рэспубліка вырабляе больш трактароў і экскаватараў, чым вялізная Расея, па паказчыках аб’ёму вытворчасьці прадукцыі лёгкай і харчовай прамысловасьці на душу насельніцтва абыходзіць нас у 2–3 разы, а па аб’ёме жыльлёвага будаўніцтва — у 2,1 разы. Выдаткоўваючы ўсяго 0,4% ВУП на дарожную інфраструктуру, краіна трымае яе ў значна лепшым стане, чым Расея. Энэргаёмістасьць ВУП ніжэй расейскай амаль на 30%. Пры гэтым улады пачынаюць рабіць практычныя крокі па пазбаўленьні ад залежнасьці ад расейскіх энэрганосьбітаў: ужо ідуць здабыча і закупкі нафты ў Вэнэсуэле, а на балтыйскім ўзьбярэжжы Літвы можа быць пабудаваны рэгазіфікацыйны тэрмінал для пастаўкі звадкаванага газу.

І калі перад насельніцтвам Беларусі гэтай восеньню будзе пастаўлены рэальны выбар, то гэта будзе выбар паміж Лукашэнкам і менш па-прарасейску настроеным кандыдатам.
Таму што пэрспэктываў на мадэрнізацыю і разьвіцьцё ні з Расеяй, ні з Мытным саюзам ў Беларусі не зьвязваюць.

У той жа час для Расеі спроба падтрымаць на выбарах дэмакратычнага кандыдата або абвясьціць аб тым, што яны прайшлі не ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі, нясе ў сабе значныя праблемы. Па-першае, невідавочна, што 24 жніўня ў Менску лідэры апазыцыйных сілаў сапраўды дамовяцца аб скаардынаваных дзеяньнях, і калі Масква вырашыць падтрымаць аднаго зь іх, то выбраньніку цяжка будзе захаваць у Беларусі незаангажаванае аблічча — а быць правадніком інтарэсаў Расіі там зараз не занадта папулярна. Па-другое, усе апазыцыйныя кандыдаты — гэта сумленныя людзі, прыхільнікі дэмакратыі і эканамічнага лібэралізму, і разьмяняць падтрымку на абяцаньні прадаць расейскаму алігархату беларускую прамысловасьць яны наўрад ці захочуць, а ўжо прызнаць каўкаскія псэўдадзяржавы ім і зусім не прыйдзе ў галаву.

І нарэшце, па-трэцяе, агітацыя Крамля за справядлівыя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі напярэдадні выбарнага цыклю 2011—2012 гг. у самой Расеі, у якім уладзе патрэбныя прадказальныя вынікі, можа справакаваць цалкам непатрэбныя ёй тэндэнцыі да мадэрнізацыі палітычнай сыстэмы.
І таму Маскве, мабыць, давядзецца і надалей сябраваць з тым, каго яна вырасьціла. Знайсьці вінаватых за паказ абразьлівых фільмаў, зьнізіць кошты на газ і ў адзіночку «актывізаваць адносіны» з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Час канчатковага выбару яшчэ не прыйшоў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?