2006-10-26 18:52:14

Сьвятлана Мацкевіч у складзе дэлегацыі з царквы «Новае жыцьцё» прыйшла на прыём у Менгарвыканкам, каб паскорыць пачатак перамоваў з гарадзкімі ўладамі. На гэты крок сваякі галадоўнікаў былі вымушаныя пайсьці, бо стан многіх галадоўнікаў значна пагоршыўся, дактары кажуць, што дзень-два і яны апынуцца на шпітальных ложках. Сярод галадоўнікаў і муж спадарыні Сьвятланы – вядомы грамадзкі дзеяч Уладзімер Мацкевіч. Аднак дэлегацыю сталі выцясьняць з будынку. Падчас гэтага і была затрыманая Сьвятлана Мацкевіч, жонка Мацкевіча. Яе даставілі ў РУУС Маскоўскага раёну сталіцы, пасьля празь нейкі час адпусьцілі, абавязаўшы зьявіцца заўтра а 14-й гадзіне ў суд. Яе абвінавачваюць у непадпарадкаваньні супрацоўніку міліцыі.

?

2006-10-26 17:34:40

Дзеля паскарэньня працэсу перамоваў група сваякоў галадоўнікаў пастанавіла выправіцца ў Менгарвыканкам на сустрэчу зь Міхаілам Паўлавым. Але ў выканкаме жанчынам спачатку прапанавалі сустрэцца з кіраўніком ідэалягічнага аддзелу Менгарвыканкаму Міхаілам Ціцянковым. Аднак і зь ім сустрэчы ня выйшла: пратэстоўцаў выйшлі сустракаць дзьве жанчыны, якія не назваліся.

Не пасьпела завязацца гутарка, як да пратэстоўцаў наблізіліся людзі ў цывільным і пачалі іх выцясьняць з будынку.

Адну жанчыну выхапілі з усяе групы, закінулі ў «варанок» і павезьлі ў бок Грушаўскай.

Як што большасьць з тае групы мела ўласныя аўто, пастанавілі рухацца за «варанком». Аднак і за тымі выправілася машына зь людзьмі ў цывільным.

?

Шаноўныя суайчыньнікі, калегі, сябры!

З 5 кастрычніка 2006 г. працягваецца пост-галадоўка хрысьціянаў у падтрымку царквы «Новае жыцьцё», якая патрабуе скасаваць пастанову Менгарвыканкаму аб прымусовым продажы будынку царквы.

На словах паабяцаўшы вырашыць праблему праз Вышэйшы гаспадарчы суд, чыноўнікі стварылі сытуацыю нявысьветленасьці і чаканьня, якое можа цягнуцца тыдні і нават месяцы. З гуманітарнага і этычнага гледзішча зацягваньне абсалютна недапушчальнае.

Цяпер ідзе ўжо 21-шы дзень галадоўкі. Гэта значыць, што пачаўся зваротны адлік часу да таго моманту, калі праз абыякавасьць і пасіўнасьць беларускага грамадзтва пачнуць паміраць людзі, якія ня маюць іншай магчымасьці абараніць свае правы.

Сёньня проста выказаць падтрымку ўжо недастаткова, а спрэчкі пра другарадныя аспэкты сталі недарэчнымі. Ад тых, каму неабыякавы лёс гэтых людзей, патрабуюцца салідарныя дзеяньні.

Для разьвязаньня сытуацыі і выратаваньня жыцьцяў неабходная арганізацыя масавага і моцнага ўзьдзеяньня на дзяржаўныя органы у як найкарацейшы тэрмін. Такая задача выканальная толькі для шырокіх грамадзкіх сілаў. На нас ляжыць адказнасьць за вынік канфлікту і за жыцьці людзей.

Мы прапануем грамадзянам Беларусі – актывістам грамадзкіх аб’яднаньняў, рэлігійных арганізацыяў, інтэлігенцыі, прадстаўнікам бізнэсу, дзеячам культуры, сабрацца на Грамадзянскую нараду для арганізацыі салідарных дзеяньняў, каб дапамагчы выратаваць людзей, што ўдзельнічаюць у посьце-галадоўцы.

Асноўнай задачай, якую мусіць вырашыць Грамадзянская нарада, ёсьць распрацоўка і ажыцьцяўленьне мерапрыемстваў (акцыяў), якія будуць узьдзейнічаць на дзяржаўныя структуры і асобных чыноўнікаў, адказных за сытуацыю. Ня менш важнай задачай ёсьць таксама хуткая мабілізацыя грамадзкага меркаваньня ў Беларусі і замежжы.

Мы прапануем сабраць Грамадзянскую нараду ў суботу, 28 кастрычніка, а 12:00. Месца будзе пазьней паведамлена асобам, якія абвесьцяць пра свой намер узяць удзел.

Далучыцца да бліжэйшых дзеяньняў можна ў 2 спосабы:

1. Альбо асабіста ўзяць удзел у працы ў суботу 28 кастрычніка.

2. Альбо, у выпадку немагчымасьці прысутнічаць асабіста, выказаць сваю падтрымку ідэі Грамадзянскай нарады і ўнесьці сваё імя ў склад удзельнікаў салідарных дзеяньняў.

Просім усіх, хто гатовы ў той ці іншы спосаб удзельнічаць у гэтай працы, паведаміць аб гэтым як найхутчэй на эл.адрас [email protected] ці праз тэлефон +375 29 6536080 (з 15 гадзінаў 26 кастрычніка 2006 г.).

З павагай,

Ініцыятыўная група

?

«Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» падтрымала ўдзельнікаў акцыі «пост-галадоўка»

МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» даслала ліст у прэс-цэнтар «Новага жыцьця» у падтрымку ўдзельнікаў акцыі. У лісьце выказваецца заклапочанасьць і разуменьне праблемаў, што паўсталі перад пратэстанцкай абшчынай. Сытуацыя вакол царквы «Новае жыцьцё» нагадвае адрынутую гісторыяй ленінска-сталінскую і хрушчоўскую барацьбу з рэлігіяй і патыхае палітыкай «ваяўнічага атэізму», – вядзецца ў заяве.

Аб’яднаньне зьвяртаецца да ўсіх зацікаўленых афіцыйных асобаў і грамадзкіх структураў з просьбай як найхутчэй вырашыць узьніклы канфлікт з улікам пажаданьняў вернікам і найдалей пазьбягаць гэткіх інцыдэнтаў на рэлігійнай глебе.

На сёньня, 26 кастрычніка, у посьце-галадоўцы прымаюць удзел 111 чалавек. 34 чалавекі ўвесь час знаходзяцца ў памяшканьні царквы, 40 галадаюць па-за царквой, падтрымліваюць акцыю ў іншых гарадох 37 вернікаў.

?

Пастару «Новага жыцьця» пагражае штраф 6 млн. рублёў

Сёньня пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка быў папярэджаны Менскім гарадзкім судом аб адказнасьці за невыкананьне рашэньня суду ў выглядзе штрафу у памеры да 200 базавых велічыняў (6 млн. 200 тыс. беларускіх рублёў).

Пра гэта стала вядома зь ліста Гаспадарчага суду, датаванага 23 кастрычнікам. Гаворка вядзецца пра патрабаваньне вызваліць будынак царквы пасьля яго прымусовага выкупу.

У лісьце таксама паведамлялася, што з рахунку царквы сьпісваецца дзяржпошліна ў памеры 310 тысяч за прымусовае выкананьне судом рашэньня Менгарвыканкама аб продажы будынку.

Праўнік царквы Сяргей Луканін назваў гэта праявай цынізму: «Вернікі, чакаючы пазытыўнага рашэньня суду, увесь гэты час знаходзяцца ў галадоўцы. Але першай весткай з Гаспадарчага суду, куды мы зьвярнуліся на прапанову Алега Праляскоўскага, сталася папярэджаньне пра вялікі штраф».

25 кастрычніка царква «Новае жыцьцё» накіравала афіцыйны ліст у Міністэрства аховы здароўя. У ім вядзецца пра тое, што ідуць ужо 20-я суткі акцыі пратэсту. 11 чалавек удзельнічаюць у акцыі ад самага пачатку, стан здароўя гэтых людзей рэзка пагаршаецца, а 2 чалавекі ўжо шпіталізаваныя.

?

Тры тыдні доўжыцца «пост-галадоўка» ў царкве «Новае жыцьцё».

21 кастрычніка на плошчы Бангалор прайшоў дазволены гарадзкімі ўладамі мітынг у падтрымку царквы «Новае жыцьцё». На акцыю сабралася каля тысячы чалавек з розных гарадоў Беларусі. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю. У ёй, апрача патрабаваньняў вярнуць будынак царквы вернікам і надаць яму статус культавага, прагучала патрабаваньне зьменаў у закон аб свабодзе веравызнаньня. Цяперашні варыянт закону, на іх думку, носіць дыскрымінуючы характар, бо пазбаўляе вернікаў права на свабоду выбару месца правядзеньня богаслужэньняў.

25 кастрычніка вернікі царквы «Новае жыцьцё» зьвярнуліся са скаргай у Пракуратуру з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці аўтара і ўдзельнікаў паказаных тэлеканалам «Сталічнае тэлебачаньне» сюжэтаў: супрацоўніцу СТБ Людмілу Джураеву, кіраўнічку аддзелу ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму Алу Рабіцаву і кандыдата гістарычных навук Івана Янушкевіча.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, 19 кастрычніка царква падала заяву з патрабаваньнем да кіраўніцтва Сталічнага тэлебачаньня разьмясьціць абвяржэньне непраўдзівай інфармацыі пра царкву «Новае жыцьцё», што прагучала ў выпусках навінаў 14 і 15 кастрычніка.

Канчатковае рашэньне зьвярнуцца ў пракуратуру было прынятае пасьля тэлефоннай гутаркі з праўнікам тэлеканалу Галінай Дварцовай, якая заявіла: «Пішыце куды хочаце. Нас гэта не хвалюе».

Няма дагэтуль адказу на скаргу, пададзеную у Вышэйшы гаспадарчы суд восем дзён таму. Паводле інфармацыі кіраўніцтва царквы, за разгляд скаргі ніхто яшчэ ня браўся. У сувязі з гэтым вернікі царквы даслалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Гаспадарчы суд адмысловы зварот. 27 чалавек зь ліку галадоўнікаў абвесьцілі пра гатовасьць пратэставаць датуль, пакуль гэтае пытаньне ня вырашыцца.

Галадоўнікі старэйшага веку выходзяць з акцыі пратэсту з прычыны абвастрэньня сардэчна-судзінных захворваньняў. У аўторак шпіталізавалі найстарэйшую ўдзельніцу пратэсту -- 60-гадовую Натальлю Іванову. Дактары паставілі ёй дыягназы гіпэртэнзія, брадыкардыя ды ішэмія.

У сераду шпіталізавалі ўдзельніцу акцыі пратэсту, якая прагаладала 16 дзён, Тацяну Варанцову. Як і Натальлю Іванову, яе адвезьлі ў 1 клінічную больніцу.

Галадоўка ўвайшла ў крытычную стадыю, калі ўзьнікае пагроза незваротных зьменаў у арганізьме галадоўнікаў. Тым часам улады па-ранейшаму маўчаць.

?

Вернікі царквы патрабуюць тэрмінова вырашыць іхняе пытаньне

Фізычны стан галадоўнікаў пагаршаецца – 2 чалавекі шпіталізаваныя. Мэдыкі прагназуюць масавы зварот у больніцу тых, хто галадае ад пачатку акцыі

Сёньня вернікі царквы «Новае жыцьцё» даслалі чыноўнікам Вышэйшага гаспадарчага суду, Адміністрацыі прэзыдэнта РБ і Ўпаўнаважанаму ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў РБ адмысловы зварот. У ім высунута патрабаваньне да гэтых ведамстваў не зацягваць з рашэньнем пытаньня царквы «Новае жыцьцё», бо здароўе людзей будзе залежаць ад хуткасьці іх дзеяньняў.

Царква падала скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд восем дзён таму, але, паводле інфармацыі прэс-цэнтру, на канец працоўнага дня ў пятніцу 20 кастрычніка за разгляд скаргі яшчэ ніхто ня браўся.

27 чалавек з тых, хто стала знаходзіцца ў царкве, прынялі рашэньне ўдзельнічаць у бестэрміновай галадоўцы, пакуль улады не выканаюць іх патрабаваньняў.

Фізычны стан удзельнікаў галадоўкі выклікае неўпакой. На сёньня дзьве жанчыны зь ліку удзельнікаў акцыі шпіталізаваныя ў 1-ю гарадзкую клінічную больніцу. Яшчэ адна жанчына ад шпіталізацыі адмовілася. Гэтыя жанчыны на рэкамэндацыі лекараў кінулі галадаць дзень таму.

Паводле стану на 25 кастрычніка, у посьце-галадоўцы бяруць удзел 110 чалавек. Зь іх у царкве стала знаходзяцца 33, па-за царквой – 40, і ў іншых гарадох галадаюць 37 чалавек.

?

СТБ не хвалюе скарга ў пракуратуру

Праўніца Сталічнага тэлебачаньня паведаміла, што ня мае часу займацца пытаньнямі ўзаемаадносін тэлеканалу з царквой і што галадоўка вернікаў яе не датычыць

Заўтра, 25 кастрычніка, вернікі царквы «Новае жыцьцё» зьвернуцца са скаргай у Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці аўтара і ўдзельнікаў паказаных тэлеканалам «Сталічнае тэлебачаньне»: супрацоўніцу СТВ Людмілу Джураеву, кіраўнічку аддзелу ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкама Алу Рабіцаву і кандыдата гістарычных навук Івана Янушкевіча.

Згона беларускага заканадаўства, 19 кастрычніка царква падала заяву з патрабаваньнем да кіраўніцтва Сталічнага тэлебачаньня разьмясьціць абвяржэньне ілжывай інфармацыі пра царкву «Новае жыцьцё», што прагучала ў выпусках навінаў 14 і 15 кастычніка.

Канчатковае рашэньне зьвярнуцца ў пракуратуру было прынятае пасьля тэлефоннай гутаркі з праўнікам тэлеканалу сп. Дварцовай. З гутаркі зь ёй стала зразумела, што гэтае пытаньне дагэтуль нават не разглядаецца кіраўніцтвам каналу, бо ў праўніцы «няма часу гэтым займацца» і ўвогуле «галадоўка вернікаў яе не датычыць». Паведамленьне пра зварот у пракуратуру не расхваляваў Галіну Дварцову: «Пішыце куды хочаце. Нас гэта не хвалюе».

Адну з удзельніц ладжанай царквой «Новае жыцьцё» акцыі пратэсту, якая ўчора спыніла галадоўку, сёньня шпіталізавалі. Мэдыка вызначылі жанчыне дыягназы гіпэртэнзія, брадзікардыя ды ішэмія. Натальля Іванова найстарэйшая ўдзельніца посту-галадоўкі, ёй 60 год. Нагадаем, што яшчэ тры чалавекі выклікаюць у мэдыкаў неспакой і знаходзяцца пад іх пільным наглядам.

З прыемнага: увечары царкву і яе прыхаджанаў, што трымаюць пост, наведаў экс-вакаліст «Новага Ерусаліму» Аляксандар Патліс. Ён падараваў жанчынам-удзельніцам посту ружы.

?

Тры чалавекі выйшлі з посту-галадоўкі паводле стану здароўя. Яшчэ трое знаходзяцца пад пільным наглядам дактароў. Гэта людзі сталага ўзросту з сардэчна-судзіннымі захворваньнямі.

Паводле стану на раніцу 24 кастрычніка, у посьце-галадоўцы бяруць удзел 103 чалавекі. Зь іх у царкве ўвесь час знаходзяцца 34 чалавекі, 32 вернікі пратэстуюць па-за царквой, наведваючыся сюды пасьля працы, у іншых гарадох акцыю пратэсту падтрымліваюць 37 чалавек.

Паводле словаў супрацоўніцы прэс-службы царквы «Новае жыцьцё» Іны Давыдовіч, учора з посту-галадоўкі выйшлі 3 чалавекі. Гэта людзі сталага ўзросту, якія трымалі пост ад пачатку акцыі. Праз праблемы з сэрцам іх назіралі лекары. На сёньня яшчэ трое галадоўнікаў знаходзяцца пад пільным наглядам лекараў – яны таксама маюць сардэчна-судзінныя захворваньні. Самачуцьце астатніх галадоўнікаў здавальняючае.

Побач з тэрыторыяй царквы знаходзіцца будаўнічы вагон. Невядомыя час ад часу назіраюць зь яго ў бінокль за будынкам царквы. Сёньня гэтае назіраньне аднавілася. «Мы ня ведаем, хто гэтыя людзі, але назіраем за імі ў свой бінокль. Пераглядаемся», – сьмяецца І.Давыдовіч. Пакуль будан быў пусты, на яго наляпілі паперчыну з дасьціпным надпісам «Сакрэтны назіральны пункт КДБ».

?

23 кастрычніка царкву наведаў пастар царквы «Новае пакаленьне» з г.Ялгавы (Латвія) Уладзімер Іваноў з жонкай Вандай. Вернікі ягонай царквы маліліся ў мінулую нядзелю за беларускіх адзінаверцаў і абвесьцілі пост. Паводле словаў латыскага пастара, акцыя пратэсту беларускіх вернікаў – ня проста акцыя. Такім чынам пішацца гісторыя нашай краіны. Ён верыць, што намаганьнямі беларусаў Залаты век, які быў на Беларусі ў XVI ст., вернецца.

Сёньня па абедзе (24 кастрычніка) будзе вырашанае пытаньне наконт звароту ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў СТБ. «Гэтае пытаньне знаходзіцца пакуль на разглядзе і мусіць быць разгледжанае на працоўным паседжаньні кіраўніцтва царквы», – адзначыў праўнік царквы Сяргей Луканін. Як ён кажа, царква не дачакалася ад Сталічнага тэлебачаньня якой-кольвек рэакцыі на патрабаваньне зьняпраўдзіць выкладзеную ў рэпартажах Людмілы Джураевай інфармацыю. «Сёньня ў другой палове дня ці заўтра ўраніцы мы зьвернемся ў пракуратуру з заявай аб завядзеньні крымінальнай справы паводле арт.188 КК («Паклёп»).

?

Мілінкевіч у «Новым жыцьці»

Перад вечаровым богаслужэньнем царкву «Новае жыцьцё» наведаў Аляксандар Мілінкевіч.

?

Пост-галадоўка трывае ад 5 кастрычніка

Паводле стану на 23 кастрычніка, колькасьць галадоўнікаў складае 101 чалавек. Зь іх знаходзяцца ў царкве – 38, па-за царквой – 27, падтрымліваюць акцыю ў іншых гарадох – 36. З галадоўкі выходзяць збольшага людзі, у якіх абвастрыліся хранічныя захворваньні. Нестае лекараў. Грунтоўна агледзець яны могуць толькі тых галадоўнікаў, што стала знаходзяцца ў царкве. Тыя, што не пакінулі галадаць, маюць здавальняючы стан здароўя, аднак трымаюцца і маюць надзею на перамогу. «Сёньня ўначы ў царкве заставалася каля 80 чалавек. І большасьць зь іх маліліся ўсю ноч», – кажа Алена Паплаўская, супрацоўніца прэс-службы царквы. Паводле яе словаў, людзі натхнёныя суботнім мітынгам і падтрымкай у Беларусі і з-па-за яе межаў. У пятніцу ў Маскве тамтэйшыя пратэстанты царквы «Эмануіл» пікетавалі беларускую амбасаду і маскоўскую мэрыю. У бліжэйшым часе падобныя акцыі чакаюцца ў іншых суседніх зь Беларусяй краінах.

Сёньня ўвечары сыходзіць час, адведзены дзяржаўнаму тэлеканалу СТБ, каб адрэагаваць на патрабаваньне царквы зьняпраўдзіць распаўсюджаную каналам інфармацыю. Калі гэтак не патрапіць, дык заўтра праўнік «Новага жыцьця» зьвернецца ў праваахоўныя органы з заявай аб завядзеньні крымінальнай справы па артыкуле «Паклёп».

Інтэрнэт-статыстыка

Цераз увесь час правядзеньня акцыі сайт царквы «Новае жыцьцё» наведалі 8600 чалавек. Штодзень старонку www.newlife.by наведвае ня менш як 450 чалавек, штодзённая колькасьць праглядаў складае 850. 30% наведнікаў сайту – жыхары Беларусі. Па 8% складаюць інтэрнаўты з Расеі й ЗША (урадавы сэктар ЗША – 224 наведваньняў сайту). Сярод гасьцей сайту зарэгістраваныя жыхары Ізраілю, Чэхіі, Сынгапуру, Аўстрыі, Нямеччыны, Ангельшчыны, Польшчы, агулам каля 30 краінаў.

?

Паводле стану на суботу, 21 кастрычніка, трымаюць пост-галадоўку 142 чалавекі, зь іх 39 у царкве, 67 па-за царквой, 36 у іншых гарадах. Да сьпісу гарадоў далучыліся Чашнікі і Бялынічы.

На плошчы Бангалор заканчваецца мітынг у падтрымку патрабаваньняў царквы «Новае жыцьцё». На дадзены момант сабралося каля 1000 чалавек. Ёсьць транспаранты з назвамі гарадоў, прадстаўнікі якіх прысутныя на акцыі. У натоўпе лунаюць лёзунгі «Беларусь для Хрыста», «Чаму парушаецца канстытуцыя?» і інш. Сярод гледачоў шмат непратэстантаў. Выступалі прадстаўнікі з Масквы, якія ўчора пікетавалі беларускае пасольства ў Маскве. Удзельнікаў мітынгу запрасілі пасьля акцыі ўзяць удзел у богаслужэньні ў царкве «Новае жыцьцё».

?

Па стане на суботу, 21 кастрычніка, трымаюць пост-галадоўку 142 чалавекі, зь іх 39 у царкве, 67 па-за царквой, 36 у іншых гарадах. Да сьпісу гарадоў далучыліся Чашнікі і Бялынічы.

Да вернікаў прыяжджала нямецкае тэлебачаньне. Яно здымала сюжэт у царкве, а сёньня маецца рабіць рэпартаж зь мітынгу на Бангалоры.

Наведваюцца да вернікаў і някліканыя госьці. Сталі рэгулярна прыяжджаць машыны зь людзьмі ў цывілным. Тыя ходзяць ля царквы, а пры спробе выйсьці на кантакт зьяжджаюць.

У колісь глухім прыватным сэктары на тупіковай вулачцы зьявілася ДАІ. Інспэктары правяраюць дакумэнты ў тых, хто пад’яжджае да царквы.

?

19 кастрычніка кіраўніцтву тэлеканалу была перададзеная афіцыйная заява з патрабаваньнем даць царкве магчымасьць зьняпраўдзіць інфармацыю, агучаную СТБ. Пры гэтым інфармацыя мусіць прагучаць па тых жа пытаньнях і ў тым аб’ёме, што прагучала 14 і 15 кастрычніка ў праграмах «24 часа» і «168 часов».

У заяве, між іншым, адзначаецца, што журналістка Сталічнага тэлебачаньня Людміла Джураева, якая падрыхтавала гэты рэпартаж, у сваіх выказваньнях была ня проста суб’ектыўная, але й дазволіла сабе выказваньні, якія абсалютна не адпавядалі праўдзе і нанесьлі шкоду гонару і годнасьці людзей.

Варта адзначыць, што сюжэт СТБ, прысьвечаны царкве «Новае жыцьцё», досыць груба змантажаваны. Пра гэта сьведчыць зроблены прадстаўніком царквы адначасова з апэратарам Сталічнага тэлебачаньня відэазапіс. Сярод іншых, праўніку царквы задалі пытаньні пра тое, якім чынам тут клапоцяцца пра стан здароўя галадоўнікаў, а таксама як доўга трывацьме акцыя пратэсту. Сп.Луканін адказаў на гэта, што, безумоўна, пра людзей клапоцяцца і нават узялі з кожнага расьпіску пра дазвол на прымусовы вывад з галадоўкі ў скрайніх выпадках. Наконт тэрміновасьці галадоўкі ён адзначыў, што яна бестэрміновая, то бок будзе працягвацца пакуль не выканаюцца патрабаваньні галадоўнікаў. У сюжэце, паказаным на СТБ, пытаньні апусьцілі, а адказ С.Луканіна прагучаў прыкладна так: «Мы ўзялі зь людзей адмысловыя заявы, што будзем стаяць да канца».

У кадар патрапілі й дзеці, што наведваюць нядзельную школку. Л.Джураева сьцьвярджала, што дзяцей таксама далучылі да акцыі пратэсту, што не адпавядае рэчаіснасьці.

У тэксьце таксама пракамэнтаваныя выступленьні начальніцы Аддзелу ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму А.Рабіцавай і экспэрта І.Янушкевіча. Спн.Рабіцава, у прыватнасьці, сьцьвярджала пра тое, што царква набыла ўчастак зямлі ў мясцовага калгасу, у той час, калі дзейнае заканадаўства прадугледжвае для юрыдычных асобаў толькі арэнду зямлі. Паводле ж словаў чыноўніцы выходзіць, што царква пасьля ўваходжаньня тэрыторыі, на якой яна месьціцца, у межы гораду не жадае расставацца з ласым кавалкам зямлі, які значна падаражэў за апошні час. Экспэрт Янушкевіч запэўніў тэлегледачоў, што беларускія пратэстанцкія суполкі ня церпяць уціску і падчас апошняй перарэгістрацыі ўсе з посьпехам прайшлі гэтую працэдуру. Царква «Новае жыцьцё» таксама. Як кажа праўнік царквы Сяргей Луканін, ніводная з трох спробаў перарэгістравацца не прывяла да посьпеху. Пры гэтым чыноўнікі не абцяжарвалі сябе тлумачэньнем прычынаў адмовы ў перарэгістрацыі.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, калі царква не атрымае адказу на сваё патрабаваньне да 23 кастрычніка, яна мае права зьвярнуцца з заявай у праваахоўныя органы аб завядзеньні крымінальнай справы па артыкуле «Паклёп».

На дадзены момант (20 кастрычніка) у посьце-галадоўцы прымаюць удзел 159 чалавек. Зь іх 37 увесь час знаходзяцца ў царкве, па-за царквой – 86 чалавек, у іншых гарадах акцыю падтрымліваюць 36 вернікаў.

?

Царква «Новае жыцьцё» падала скаргу ў Найвышэйшы Гаспадарчы Суд

Ад СТБ патрабуюць этэру. У выпадку адмовы – суд

18 кастрычніка праўнік царквы «Новае жыцьцё» падаў на імя старшыні Найвышэйшага Гаспадарчага Суду РБ Камянкова В.С. скаргу на рашэньне Гаспадарчага суду г.Менску ад 27.10.2005 г. Паводле яго царкве было адмоўлена ў прызнаньні незаконным рашэньня Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні права карыстаньня зямлёй і прымусовым выкупе будынку.

У царкве стрымана-аптымістычна выказваюцца наконт прагнозаў на вынік звароту ў суд: «Вернікі на тое й вернікі, каб верыць у лепшае. Тым больш, што ўлада зрабіла фактычна першы крок насустрач у справе вырашэньня нашай праблемы. Пачакаем, магчыма, ужо хутка пабачым, чым абернецца гэты крок».

Скарга такога кшталту мусіць быць разгледжаная на працягу аднаго месяца з моманту падачы.

Сёньня прадстаўнікі царквы маюць зьвярнуцца да кіраўніцтва СТБ з патрабаваньнем этэру для абвяржэньня распаўсюджанай пра царкву сталічным каналам інфармацыі. Калі ім будзе адмоўлена, царква зьвернецца ў суд. Нагадаем, што падчас візыту да царквы здымачнай групы СТБ і чыноўнікаў Менгарвыканкаму прадстаўнік царквы вёў ўласную здымку падзеі. Адмыслова да прэс-канфэрэнцыі быў запісаны дыск з двума сюжэтамі – зьнятым СТВ і царквой.

Паводле стану на 19 кастрычніка, у посьце-галадоўцы прымаюць удзел 153 чалавекі, зь якіх 37 чалавек стала знаходзяцца ў памяшканьні, 80 – пратэстуюць па-за царквой, 36 – у іншых гарадох. Учорашняя вечаровая служба сабрала каля 600 вернікаў, на ёй прысутнічалі два дзясяткі пастараў. На ноч у царкве заставалася 136 чалавек.

?

Праляскоўскі ад імя Лукашэнкі: «Гэта добрая царква, і ёй трэба дапамагчы»

Галадоўка-пост у падтрымку царквы «Новае жыцьцё» працягваецца другі тыдзень. Улады пайшлі на кантакт з галадоўнікамі.

Колькасьць удзельнікаў акцыі пратэсту паступова скарачаецца за кошт людзей сталага веку. Пры гэтым, аднак, шырыцца геаграфія падтрымкі беларускіх пратэстантаў. Да 17 кастрычніка ўлады дзейнічалі звыклымі мэтадамі: кампанія дыскрэдытацыі ў СМІ, ігнараваньне патрабаваньняў, рэкагнасцыроўка на мясцовасьці сіламі міліцыі.

Аднак 17 кастрычніка здарылася тое, на што ўлады раней ніколі не ішлі: пастара царквы запрасілі на сустрэчу з начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. У сераду з гэтай нагоды адбылася прэс-канфэрэнцыя. Нагодай для яе былі вынікі перамоваў у Адміністрацыі прэзыдэнта ды сюжэты «Сталічнага тэлебачаньня» пра падзеі вакол царквы «Новае жыцьцё». Пастар Вячаслаў Ганчарэнка распавёў, што ён паінфармаваў А.Праляскоўскага аб усім, што дзеецца вакол «Новага жыцьця». На што ў адказ пачуў, што прэзыдэнт ужо азнаёмлены з сытуацыяй і выказаўся наконт царквы наступным чынам: «Гэта добрая царква, і ёй трэба дапамагчы. Але толькі ў прававых рамках».

А.Праляскоўскі настойліва параіў пастару царквы зьвярнуцца ў Гаспадарчы суд, а таксама прасіў вывесьці людзей з галадоўкі, спасылаючыся на тое, што справа разглядаецца на найвышэйшым узроўні.

В.Ганчарэнка кажа, што галадоўка-пост будзе працягвацца да таго, пакуль вернікі не атрымаюць канчатковы вынік: «Я не прыпомню выпадку, каб улады пазытыўна ацэньвалі такія вось ачагі неспакою. Да ўсяго, на працягу апошніх шасьці год мы ні разу не атрымалі станоўчага адказу на свае звароты».

СТБ падлівае алею

На мінулым тыдні на галадоўку зьвярнула ўвагу «Сталічнае тэлебачаньне». У тую пятніцу да царквы прыехала здымачная група СТБ, зь імі два чалавекі, якія назваліся чыноўнікамі з аддзелу культуры і аддзелу ў справах рэлігіі Маскоўскага раёну, і машына хуткай дапамогі з надпісам «рэанімацыя».

Даведаўшыся, што госьці прыехалі ня дзеля перамоваў, вернікі адмовіліся пускаць іх у храм. Размову з прыежджымі вёў юрыст «Новага жыцьця». Чыноўнікі сказалі на камэру, што прапаноўвалі царкве іншы ўчастак і іншы будынак, які не ў аварыйным стане. Юрыст назваў гэтыя словы хлусьнёй. Пасьля гэтага госьці яшчэ паўгадзіны хадзілі вакол будынку, спрабавалі здымаць праз шыбы.

Потым на канале СТБ быў паказаны сюжэт, паводле якога жыцьцю пратэстуючых нібыта пагражае небясьпека. Маўляў, будынак пажаранебясьпечны. Былі паказаныя дровы, складзеныя з тыльнага боку будынку, пры гэтым сьцьвярджалася, што адна кінутая запалка можа прывесьці да трагедыі. Раней там жа прагучала інфармацыя, што нібыта акцыя пратэсту мае палітычную скіраванасьць і шчодра фінансуецца Захадам.

На прэс-канфэрэнцыі ў сераду былі прадэманстраваныя два сюжэты: адзін зьняты СТБ і стужка, зробленая прадстаўніком царквы. Пры супастаўленьні робіцца відавочным мантаж СТБ стужкі, у выніку чаго сэнс словаў юрыста царквы цалкам скажоны.

Лекары ня бачаць патрэбы

Колькасьць галадоўнікаў паступова скарачаецца. Спынілі пост старэйшыя. Лекары з 32-й паліклінікі перасталі аглядаць галадоўнікаў, нягледзячы на ранейшыя дамоўленасьці. Затое ад аўторка галадоўнікаў наведваюць мэдыкі-хрысьціяне з пратэстанцкіх суполак.

Геаграфія галадоўкі

На сёньня ў акцыі пратэсту бяруць удзел вернікі з трох дзясяткаў гарадоў. Некаторыя грамады далучаюцца да акцыі сымбалічна. Так, менская царква «Благавешчаньне» поўным складам (450 чалавек) абвесьціла аднадзённы пост-малітву на знак салідарнасьці.

Кірмаш, пасьля мітынг

Гарадзкія ўлады дазволілі правядзеньне заяўленага пратэстантамі на гэтую суботу мітынгу ў падтрымку «Новага жыцьця» на плошчы Бангалор. Аднак перанесьлі яго з 14–й гадзіны на вечар а 18-й. Перанос патлумачылі тым, што ў той жа дзень на Бангалоры адбудзецца восеньскі кірмаш.

На час мітынгу ў царкве застанецца 100 чалавек – тыя, хто пратэстуе, не пакідаючы памяшканьня, і ахова. На плошчы чакаюцца выступы пастараў і неабыякавых людзей.

?

17 кастрычніка ўвечары пастар царквы «Новае жыцьцё» меў сустрэчу з начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім.

Каб вырашыць справу з будынкам, сп.Праляскоўскі настойліва раіў царкве зьвярнуцца ў гаспадарчы суд і спыніць галадоўку, бо іхняе «пытаньне ўжо вырашаецца на найвышэйшым узроўні». Алег Праляскоўскі паведаміў пастара, што меў сустрэчу з прэзыдэнтам, і той казаў, што «гэта добрая царква, і ёй трэба дапамагчы, але толькі ў праўных рамках».

Тым часам пастар паведаміў сп.Алега, што царква і так дзейнічала ў праўных рамках, але вялікіх спадзеваў на вырашэньне пытаньня ў такіх рамках няма, бо за апошнія шэсьць гадоў царква не атрымала з суду ніводнага станоўчага водгуку. Тым ня менш, заяву даслалі і чакаюць на вынік.

Сюжэт СТБ проці відэазапісу галадоўнікаў

Сталічны канал СТБ у мінулую пятніцу рабіў здымкі ля царквы «Новае жыцьцё». Адначасна з СТБ вернікі рабілі свой відэазапіс. Сюжэты СТБ паказалі 14 і 15 кастрычніка. Аднак яны выклікалі шырокі розгалас непраўдзівасьцю адлюстраванай у іх інфармацыі. Відэазапіс вернікаў яскрава даводзіць, што сюжэт СТБ, у якім распавядаецца, нібыта царква змушае вернікаў галадаць, скажоны цераз купіраваньне.

?

Дзень надзеі ў «Новым жыцьці»

Сёньняшні дзень для ўдзельнікаў пасту-галадоўкі прайшоў спакойна: міліцыянты ў цывільным не турбавалі, СТБ не здымала сюжэтаў. Увечары чакаецца візыт лекараў, якіх знайшлі прыватным чынам. Стан здароўя некаторых удзельнікаў галадоўкі пагоршыўся, таму мэдычны агляд неабходны. Учора з галадоўкі выйшла жанчына пэнсійнага ўзросту – абвастрылася хвароба. Двух чалавек, што стала знаходзіліся ў царкве і таксама па стане здароўя пакінулі галадаць, замянілі двое менчукоў.

Паводле стану на 15 гадзінаў у посьце-галадоўцы прымаюць удзел 169 чалавек. 32 вернікі стала знаходзяцца ў царкве, 100 чалавек па-за царквой, 37 – пратэстуюць у іншых гарадох.

Пастар віцебскай царквы «Слова веры», што цяпер знаходзіцца сярод галадоўнікаў, паведаміў, што ягоныя прыхаджане далучаюцца да ўдзельнікаў акцыі пратэсту і рапачынаюць малітву ў посьце.

У прэс-службе царквы гэтак камэнтуюць перамовы з Праляскоўскім: «Запрашэньне ў Адміністрацыю прэзыдэнта кажа пра істотны зрух у справе. Спадзяёмся, што ў лепшы бок». Заўтра а 12-й у будынку царквы на Кавалёва, 72 адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная перамовам з Адміністрацыяй прэзыдэнта.

?

Пастар царквы «Новае жыцьцё» сустрэнецца з Праляскоўскім

...а тым часам за посьпех справы беларускіх пратэстантаў моляцца ў Нігерыі і на Кіпры...

Паводле стану на раніцу 17 кастрычніка, у посьце-галадоўцы бяруць удзел 166 чалавек. Зь іх 30 вернікаў увесь час знаходзяцца ў царкве, 100 чалавек галадаюць па-за царквой, 36 – у іншых гарадох. Да гарадоў, дзе ладзіцца акцыя пратэсту, далучыліся Ратамка і расейскі Чалябінск. Настрой у галадоўнікаў неблагі, нягледзячы на тое, што акцыя ідзе цягам 12 сутак.

Учора пастара царквы Вячаслава Ганчарэнку запрасілі на сустрэчу з начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта РБ Алегам Праляскоўскім. Сустрэча мае адбыцца сёньня а 16:50.

Таксама ўчора ўвечары да царквы прыяжджалі міліцыянты, якія не патлумачылі мэтаў свайго візыту. Некалькі чалавек у цывільным, сярод якіх быў апэратар СТБ, пэўны час знаходзіліся ў аўто, прыпаркаваным ля заезду на тэрыторыю царквы. Потым да іх падышлі начальнік ГУУС г.Менску палкоўнік міліцыі Найдзенка ў суправаджэньні намесьніка начальніка РУУС Маскоўскага раёну г.Менску па грамадзкай бясьпецы.

Між іншым, пост-галадоўка, што ладзіцца беларускімі пратэстантамі, не пакідае абыякавымі вернікаў-пратэстантаў як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. Заўтра менская царква «Благовестие» поўным складам (450 чалавек) абвесьціць аднадзённы пост-малітву на знак салідарнасьці з адзінаверцамі. Прыходзяць лісты з-за мяжы. Фінскі пастар піша пра тое, што даслаў лісты пра падзеі вакол царквы «Новае жыцьцё» прэм’ер-міністру Фінляндыі, лідэрам палітычных партый і Кангрэсу. Пастар адной зь нігерыйскіх цэркваў паведаміў пра штодзённыя супольныя малітвы за посьпех менскіх адзінаверцаў. Ангельскі пастар абвясьціў пра менскія падзеі пастараў ангельскіх цэркваў, аб’яднаных Асамблеяй Божай. Пастар з Кіпру азнаёміў зь менскімі навінамі Эўрапейскі Эвангельскі Альянс, што мае адзін голас у Эўракамісіі. У бліжэйшы час пытаньне ўціску беларускіх пратэстантаў мае прагучаць у Страсбургу. Лісты падтрымкі прыходзяць зь Нямеччыны ды ЗША. Пастары з Калярада даслалі лісты з просьбай паспрыяць беларускім пратэстантам у Адміністрацыю Лукашэнкі.

?

Тэлевізія рыхтуе пратэстантаў да разгону?

Сёньня на канале СТБ быў паказаны сюжэт, паводле якога жыцьцю пратэстуючых нібыта пагражае небясьпека.Маўляў, сам будынак пажаранебясьпечны. Былі паказаныя дровы, складзеныя з тыльнага боку будынку, пры гэтым сьцьвярджалася, што адна кінутая запалка можа прывесьці да трагедыі. Учора на тым жа канале прагучала інфармацыя, што нібыта акцыя пратэсту мае палітычную ськіраванасьць і шчодра фінансуецца Захадам. Вялося таксама пра тое, што галадоўка носіць прымусовы характар. У царкве «Новае жыцьцё» кажуць, што магчыма такім чынам фармуецца грамадзкая думка пра неабходнасьць сілавога вырашэньня канфлікту.У прэс-службе не выключаюць, што царква будзе судзіцца з СТБ.

Ціск уладаў адчуваюць ня толькі менскія пратэстанты. У Гомелі намесьніца кіраўніка гарадзкой адміністарацыі па ідэалёгіі настойліва раіла пастарам гомельскіх пратэстанцкіх цэркваў устрымацца ад акцыяў салідарнасьці зь менчукамі, абяцаючы ў адваротным выпадку праблемы.

Між іншым у царкву працягваюць прыходзіць лісты падтрымкі з-за мяжы. Пратэстанты Чэхіі, якія даведваюцца пра падзеі ў Менску з польскіх сайтаў, абяцаюць узьняць пытаньне пра праблемы беларускіх калегаў на Ўсенароднай малітоўнай канфэрэнцыі, што адбудзецца 27-28 кастрычніка ў Празе.

Менгарвыканкам санкцыянаваў мітынг пратэстантаў на Бангалоры 21 кастрычніка. Аднак час для акцыі вызначаны нібы на зьдзек — ад 18 да 20 гадзінаў.

[18:23, 16 кастрычнiка 2006]

?

Паводле стану на раніцу 16 кастрычніка, пост-галадоўку трымаюць 175 чалавек. Зь іх 32 чалавекі ўвесь час знаходзяцца ў царкве, па-за царквой галадаюць 107 чалавек, у іншых гарадах Беларусі – 36 чалавек. Увогуле па-за Менскам галадоўку трымаюць у 28 гарадох, за выходныя далучыліся вернікі зь Бярозы, Белаазёрску, Івацэвічаў, Нясьвіжу, Клецку, Крупак, Салігорску, Сьветлагорску, Смалявічаў.

На нядзельнай службе прысутнічалі 13 пастараў. Сёньняшнюю ноч у царкве правялі 86 чалавек.

Прэс-служба царквы паведамляе пра шырокую маральную падтрымку ад пратэстанцкіх цэркваў з усяго сьвету: уражвае адна зь лічбаў – 180 цэркваў Паўночна-Заходняй фэдэральнай акругі Расеі даслалі лісты са словамі падтрымкі.

?

Галадоўнікі-пратэстанты не пусьцілі ў царкву карэспандэнтаў СТБ

Калі вернікі даведаліся, што госьці прыехалі не дзеля перамоваў, то адмовіліся пускаць іх у царкву.

Па стане на суботу, 14 кастрычніка, пост-галадоўку пратэсту трымаюць:

180 чалавек, зь іх:

33 — непасрэдна ў царкве

106 — па-за царквой у Менску

41 — па-за Менскам

Удзельнікі акцыі кажуць, што іх не бянтэжыць тое, што колькасьць галадоўнікаў паменела. З галадоўкі выходзяць сталыя людзі, якім трываць голад не дазваляе здароўе.

Пашырылася геаграфія галадоўкі – далучыліся Паставы і Пінск.

Учора на вечаровай службе прысутнічалі 33 пастыры пратэстанцкіх суполак.

Увечары да царквы прыехала здымачная група СТБ, два чалавекі, якія прадставіліся чыноўнікамі з аддзелу культуры і аддзелу па справах рэлігіі Маскоўскага раёну, а таксама машына хуткай дапамогі з надпісам «рэанімацыя».

Калі вернікі даведаліся, што госьці прыехалі не дзеля перамоваў, то адмовіліся пускаць іх у царкву. Размову з прыежджымі вёў юрыст «Новага жыцьця». Чыноўнікі сказалі на камэру, што прапаноўвалі царкве іншы ўчастак, і іншы будынак, які быў не ў аварыйным стане. Юрыст назваў гэтыя словы хлусьнёй. Пасьля гэтага госьці яшчэ паўгадзіны хадзілі ўкола будынку, спрабавалі здымаць праз вокны.

Сёньня аб 11-й ранку прыехала тая самая здымачная група, але вернікі зноў адмовіліся пусьціць яе ўсярэдзіну царквы, матываваўшы гэта тым, што ў іх няма даверу да Сталічнага тэлебачаньня, заснавальнікам якога зьяўляецца Менгарвыканкам, які і чыніць шкоду царкве.

?

Паводле словаў прэс-сакратаркі царквы «Новае жыцьцё» Іны Давыдовіч, пост-галадоўка выклікае жывую зацікаўленасьць у людзей розных веравызнаньняў і палітычных поглядаў. Днямі галадоўнікаў наведалі некалькі маладых людзей, што назваліся сябрамі БРСМ. Маладзёны прысутнічалі ў царкве падчас вечаровай службы. Убачанае зрабіла на іх вялікае ўражаньне. Камсамольцы нават прапанавалі якую-небудзь дапамогу. Учора з уласнай ініцыятывы праваслаўны сьвятар наведаў удзельнікаў акцыі. Зь ягоных словаў, ён захацеў на ўласныя вочы пабачыць галадоўку і даведацца пра акцыю непасрэдна на месцы падзеяў. На дадзены момант у царкве знаходзяцца дзьве прадстаўніцы АБСЭ, якія маюць сабраць неабходную інфармацыю пра сытуацыю вакол пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі.

Паводле стану на раніцу 13 кастрычніка, пост-галадоўку трымаюць 214 чалавек. Зь іх 35 чалавек стала знаходзяцца ў памяшканьні царквы, 139 вернікаў галадаюць па-за будынкам царквы, 41 чалавек галадае ў іншых гарадох. Цяпер галадаюць, акрамя ўсяго, у Лепелі ды Мар’інай Горцы. Пацьвердзілася інфармацыя наконт Магілёву, дзе таксама трымаюць пост-галадоўку. Пастар баптысцкай царквы з Ратамкі другі раз наведаў царкву, і як і ў першы раз – не з пустымі рукамі: прывёз пітную ваду і спальныя мяхі.

Настрой у людзей баявы, нягледзячы на падвышэньне ціску ў сталых людзей. Шпіталізаваны ўчора мужчына ўжо выпісаны. Праз абвастрэньне хваробы пячонак яму рэкамэндавалі тэрмінова кінуць галадаць.

?

Мэдыкі адмаўляюцца ад рэгулярнага нагляду за галадоўнікамі

Як паведамлялася раней, учора царкву «Новае жыцьцё» наведалі 10 мэдыкаў паліклінікі №2 Фрунзэнскага раёну. Праўнік царквы Сяргей Луканін паведаміў, што мэдыкі павялі сябе дзіўна: мэдагляд адбыўся толькі пасьля таго, як былі занатаваныя пашпартныя дадзеныя ўдзельнікаў галадоўкі. Па выніках агляду тром чалавекам было рэкамэндавана зьвярнуцца па дапамогу ў шпіталь. Была дасягнутая дамоўленасьць аб тым, што мэдыкі будуць наведваць пратэстуючых у інтэрвале ад 8-й па 20-ю гадзіну штодзень.

Сёньня ў царкву наведаліся чатыры супрацоўнікі паліклінікі, якія паведамілі, што гэта апошні візыт дактароў да пратэстантаў. Прычына: мэдыкі ня бачаць важкіх прычынаў для штодзённага агляду галадоўшчыкаў. Больш чым дзіўная падстава, на думку сп.Луканіна, асабліва калі ўлічыць стан людзей, што галадаюць зь першага дня.

«Доктар сказаў, што адпаведнае рашэньне прынята наверсе», – зазначыў праўнік царквы. Ён лічыць, што палітыка ў гэтым выпадку ізноў пераважыла над павагай да асобы і здароўя чалавека. «Мы прапанавалі нават укласьці дамову аб аказаньні платных мэдычных паслугаў, улічваючы стан людзей, што галадаюць ня першы дзень, і тое, што выяўленае падазрэньне на вірусны гепатыт, аднак атрымалі адмову».

Варта адзначыць, што кіраўніцтву царквы стала вядома пра наступнае: пасьля візыту супрацоўнікаў 2-й паліклінікі на Кавалёва, 72, у Менгарвыканкаме быў скліканы камітэт па ахове здароўя. Магчыма, там і вырашылі пытаньне сталага нагляду за ўдзельнікамі акцыі пратэсту. Адзінае, што прапанавалі супрацоўнікі паліклінікі, дык гэта выклікаць у выпадку вострай неабходнасьці хуткую дапамогу.

На дадзены момант шпіталізаваны адзін чалавек

На гэтую хвіліну ў памяшканьні царквы знаходзіцца каля сотні чалавек. Да геаграфіі посту-галадоўкі далучылася сталіца суседняй дзяржавы – Кіеў. Там пачаў галадаць адзін чалавек. Ад суботы да акцыі мае далучыцца Ратамка: 9 тамтэйшых вернікаў-баптыстаў абяцаюць распачаць пост-галадоўку.

?

Да посту-галадоўкі далучаюцца вернікі з новых гарадоў Беларусі: з Бабруйску, Бярэзіна, Гомелю і Быхава.

Паводле стану на раніцу 12 кастрычніка, у акцыі бяруць удзел 212 чалавек. У памяшканьні царквы ўвесь час знаходзяцца 36 чалавек, 40 чалавек трымаюць галадоўку ў рэгіёнах, 136 чалавек галадаюць па-за будынкам царквы, наведваючыся туды ўвечары. Начавала ў царкве 105 чалавек. Самачуцьце ў тых, хто галадае ад першага дня, здавальняючае.

Да аднаго з дамоў прыватнага сэктару раз-пораз прыяжджае легкавік чырвонага колеру. Сёньня раніцай ён пад’яжджаў да грузавіка, што стаіць насупраць царквы ў быльлі. У прэс-цэнтры ня маюць вэрсіяў наконт гэтых аўто, толькі адсочваюць іхнія перамяшчэньні.

?

Як паведаміў праўнік царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін, раз-пораз ля царквы зьяўляюцца невядомыя, што здымаюць царкву на відэа. Калі які вернік спрабуе наблізіцца да іх, дык тыя адразу сыходзяць.

Паводле стану на вечар, на 17 гадзінаў 11 кастрычніка, у пасьце-галадоўцы бяруць удзел 210 чалавек: 36 чалавек стала знаходзяцца ў памяшканьні царквы, 134 чалавекі наведваюцца сюды ў пасьляпрацоўны час і 40 чалавек галадаюць у іншых гарадох Беларусі.

Сёньня пратэстуючых наведалі мэдыкі 2-й паліклінікі Фрунзэнскага раёну.

?

Менскія гарадзкія ўлады актывізаваліся ў справе прымусовай перадачы будынку царквы «Новае жыцьцё».

Сёньня ранкам да будынку царквы «Новае жыцьцё» наблізілася калёна цяжкагрузных аўтамабіляў, адзін зь якіх прывёз на плятформе бульдозэр. Суправаджалі калёну тры мікрааўтобусы. Шлях на тэрыторыю царквы ім перагарадзілі вернікі, павыганяўшы на дарогу свае аўто. Кіроўца бульдозэру не патлумачыў мэты візыту, сказаўшы адно, што тэхніка знаходзіцца тут на загад Менгарвыканкаму. Вернікі царквы зьвярнуліся з пытаньнямі да начальніка аўтакалёны. На што пачулі невыразнае: «Я тут прыехаў свой участак трошкі параўняць». Пасьля гэтага бульдозэр зьехаў з плятформы і на працягу паўгадзіны «раўняў» пляцоўку непадалёку ад аўтамабільнага пікету. Астатнія аўто неўзабаве зьехалі, а бульдозэр зьнік у бліжэйшым завулку прыватнага сэктару.

Сёньня ж у царкву патэлефанавалі з ЖРЭА Маскоўскага раёну. Праўніка царквы запрасілі падпісаць акт перадачы будынку царквы ў валоданьне ЖРЭА Маскоўскага раёну. На пытаньне, чаму менавіта ў ЖРЭА, а ня ў Фонд маёмасьці, праўнік «Новага жыцьця» пачуў, што Фонд перадаў будынак царквы на балянс Маскоўскага раёну. Прэс-служба царквы лічыць незаконным факт перадачы іх будынка да ЖРЭА Маскоўскага раёну – у першую чаргу павінен быць аформлены акт перадачы будынку Фонду маёмасьці. Бяз гэтага апошні ня мае права арудаваць ім і перадаваць яго ў чыёсьці веданьне.

?

Пашыраецца геаграфія галадоўкі.

Да галадоўкі, што ладзіцца царквой «Новае жыцьцё», далучыліся два пастары зь Віцебску і Воршы. Бліжэйшым часам яны маюць прыехаць у Менск, каб быць зь вернікамі ў царкве. Паводле стану на раніцу 11 кастрычніка, пост-галадоўку трымаюць 177 чалавек. Увесь час у царкве знаходзяцца 34 чалавекі, 112 чалавек прыходзяць сюды пасьля працы, 31 чалавек галадае ў іншых гарадох Беларусі. На ноч у царкве заставаліся 110 вернікаў. Учорашні вечаровы мэдычны агляд засьведчыў здавальняючы стан здароўя пратэстуючых.

Сёньня ўраніцы галадоўнікаў наведалі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, якія выказалі падтрымку ўдзельнікам пратэсту і паабяцалі на працягу ўсёй акцыі пратэсту інфармаваць Дзярждэпартамэнт ЗША аб разьвіцьці падзеяў.

?

Паводле стану на вечар 10 кастрычніка, у посьце-галадоўцы прымае ўдзел 151 чалавек. Зь іх 32 чалавекі ўвесь час знаходзяцца ў царкве «Новае жыцьцё», 94 чалавекі трымаюць галадоўку і знаходзяцца ў царкве ў непрацоўны час. Па-за Менскам галадаюць 25 чалавек з Барысава, Берасьця, Гомелю, Горадні, Дзяржынску, Мазыра, Ліды, Талачына, Стоўпцаў. Два чалавекі выйшлі з галадоўкі. Гэта пажылая жанчына, якая пакінула галадаць дзеля стану здароўя і школьніца з Талачына, чые бацькі працягваюць пост-галадоўку.

Акрамя таго вернікі іншых пратэстанцкіх цэркваў Менску на знак салідарнасьці трымаюць пост-галадоўку некалькі сутак. Такіх, як паведамляюць у прэс-службе царквы, налічваецца 100 чалавек.

?

Ноч у царкве «Новае жыцьцё» прайшла спакойна. Гэтым разам начаваць заставалася 105 чалавек. Сярод вернікаў было каля дзясятка пастараў, якія прадстаўлялі суполкі Мазыра, Берасьця, Гомеля, Горадні, Барысава, Талачына ды іншых беларускіх гарадоў. Усяго цяпер трымаюць пост-галадоўку 132 чалавекі. Зь іх 32 чалавекі галадаюць у царкве, 73 чалавекі пратэстуюць у Менску па-за будынкам царквы і 27 чалавек па ўсёй Беларусі.

Галадоўнікі маюць добры настрой, яны пэўныя сваёй праўды.

9 кастрычніка сышоў тэрмін, калі паводле закону будынак павінен быў перайсьці да дзяржавы (дзесяць дзён таму на рахунак царквы было пералічана 17 тыс. даляраў, якія ўлады вызначылі як кампэнсацыю за вялізны будынак).

Пост-галадоўка працягваецца ў будынку царквы ад 6 кастрычніка. Пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка кажа пра істотную падтрымку з боку пратэстанцкіх цэркваў Беларусі. Таксама, як ён кажа, чакаюцца акцыі салідарнасьці за мяжою – пікеты каля беларускіх пасольстваў. А ўжо цяпер з-за мяжы тэлефануюць і пішуць неабыякавыя людзі, выказваюць падтрымку галадоўнікам.

Пастар Ганчарэнка ня ведае, чаго чакаць ад уладаў ад сёньняшняга дня, але выказвае ўпэўненасьць у дзеяньнях пратэстуючых: «Мы ўжо неаднаразова выказваліся на гэтую тэму і магу яшчэ раз сказаць – сваю царкву мы не аддамо». На пытаньне пра настрой людзей, што на дадзены момант знаходзяцца ў царкве, ён кажа, што зараз ідзе абмеркаваньне наконт аптымізацыі ўмоваў галадоўкі. «Людзі настроеныя рашуча і ўпэўнена», – кажа В.Ганчарэнка.

Сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін таксама далучыўся да галадоўкі. Ён кажа, што акцыя пратэсту вернікаў царквы «Новае жыцьцё» не засталася па-за ўвагай прадстаўнікоў іншых цэркваў: «Учора на службе былі прадстаўнікі Саюзу цэркваў веры эвангельскай, з Баранавічаў вернікі пяцідзясятніцкіх цэркваў «Збаўленьне» і «Новае жыцьцё» (ня блытаць зь менскай царквой)».

Частка людзей трымае галадоўку ў самім будынку царквы (цяпер там знаходзіцца блізка паўсотні чалавек), частка – па-за яе межамі.

На думку сп.Шэіна, сытуацыя з будынкам царквы мае некалькі варыянтаў разьвязаньня. Першае, сілавое вырашэньне з прыцягненьнем да высяленьня міліцыі. Другое, што падаецца больш вераемным, зацягваньне вырашэньня праблемы. «На носе зіма, і, магчыма, улады спадзяюцца, што людзі стомяцца пратэставаць, увага да акцыі пратэсту ападзе, – мяркуе А.Шэін. – Аднак другі варыянт таксама ненадзейны, калі ўлічыць, наколькі неадэкватныя бываюць учынкі ўладаў. Таму мы мусім быць гатовыя да ўсяго».

?

Даведка

Царква «Новае жыцьцё» зьяўляецца адной з цэркваў поўнага эвангельля. Колькасьць вернікаў у Менску складае 750 чалавек. У Беларусі царква мае свае філіі ў Бараўлянах – царква «Жывое слова», Жодзіне – царква «Новае пакаленьне», у Лідзе, Іванаве, Стоўпцах, Горадні, Смалявічах і Гарадзішчы – цэрквы «Новае жыцьцё». Адна філія знаходзіцца ў Азэрбайджане (г. Баку). Агульная колькасьць прыхаджанаў у філіях складае паўтысячы чалавек.

Афіцыйным днём народзінаў царквы лічыцца 17 чэрвеня 1992 г., калі адбылася першае воднае хрышчэньне. У тым жа годзе царква была зарэгістраваная ў Менгарвыканкаме. А пачаналася ўсё з набажэнстваў, дзеля якіх выкупаоіся ўсе квіткі ў адным зь менскіх кінатэатраў. Адно такое мерапрыемства каштавала будучаму пастару месячнага заробку, аднак выклікала вялікую цікавасьць сярод вернікаў. Суправаджаліся набажэнствы адной калёнкай і гітарай, падоранымі місіянэрам з Нарвэгіі.

Царква «Новае жыцьцё» належыць да Саюзу хрысьціянаў поўнага Эвангельля, ці, як яшчэ прынята казаць, гэта харызматычная царква. У асобны рух харызматы вылучыліся на пачатку 90-х зь пяцідзясятнікаў – хрысьціянаў веры эвангельскай.

Харызматаў вылучае больш разьняволеная і дынамічная форма набажэнстваў: пастар зачытвае і камэнтуе ўрыўкі Эвангельля, падчас службы выконваюцца рэлігійныя песьні і гімны ў сучаснай музычнай аранжыроўцы. Сходы вернікаў, як правіла, адбываюцца ў вялікіх памяшканьнях. У пяцідзясятнікаў і харызматаў існуе вера ў тое, што атрымаўшы хрышчэньне Сьвятым духам чалавек пачынае гаварыць зразумелымі толькі Богу мовамі. Істотнае адрозьненьне харызматычнай царквы ад пяцідзясятніцкай гэта тое, што пастарам ў харызматаў можа стаць жанчына.

Баптысты вызнаюць толькі Сьвятое пісаньне, не вызнаюць крыжоў і абразоў. Не прынята сярод баптыстаў хрысьціць дзяцей.

Яшчэ адна з распаўсюджаных на Беларусі дэнамінацый – Адвэнтысты сёмага дня. Вернікі гэтай царквы сьвятой лічаць суботу. Яны актыўна апэлююць да Старога запавету. Не ўжываюць у ежу сьвініну, што дае нагоду параўноваць іх зь юдэямі, якія таксама вызнаюць перадапошні дзень тыдня.

?

На гэтую ж тэму глядзі:

Іван Пашкевіч: Вучань Лукашэнка годны свайго настаўніка Сталіна. (Былы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, а цяпер дарадца старшыні Саюзу эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў камэнтуе галадоўку эвангелістаў з царквы «Новае жыцьцё»);

– а таксама блогі Юліі Дарашкевіч і Андрэя Лянкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?