02.09.2010 / 09:01

У гасцях у кандыдата: Віталь Рымашэўскі 57

Чарговай ахвярай супольнага праекта фатографа «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч і карэспандэнта «Салідарнасці» Анастасіі Зелянковай «У гасцях у кандыдата» стаў Віталь Рымашэўскі.

Чарговай ахвярай супольнага праекта фатографа «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч і карэспандэнта «Салідарнасці» Анастасіі Зелянковай «У гасцях у кандыдата» стаў Віталь Рымашэўскі.
Выпраўляючыся да яго ў госці, мы, шчыра кажучы, нерваваліся: а раптам не зможам адпавядаць маральнаму абліччу кандыдата ад хрысціянскіх дэмакратаў? Яго жытло ўяўлялася нам ну калі не келляй манаха, то ўжо напэўна сціплым малельным дамком з рэлігійнай літаратурай, шматлікімі іконамі і пахам ладану. Мы памыляліся.

Імя дачцэ Еве кандыдат падбіраў сам.

Жонка Насця.

Працоўны кабінет у Віталя - на кухні.

Ложак, коўдрачка, шматлікія цацкі перавандравалі сюды з крамаў Манхэтэна, Бостана, Берліна.

У гэтым пакойчыку і жыве сям'я Рымашэўскіх.

На балконе мы знайшлі парачку гіраў.

Кветак у хаце хрысціянскага дэмакрата куды больш, чым іконаў.

На падлозе – пакладзены ўласнаручна лінолеум.

Ідэальны сем’янін

Аднапакаёвая кватэра ў Сухараве нагадвала манаскае жытло хіба што сваімі сціплымі памерамі.

— У нас тут трохі цеснавата, так што праходзьце адразу ў залу, — гасцінна запрасіў нас Віталь.

Мы паслухаліся.

— Знаёмцеся, мая сям’я: жонка Насця і дачка Ева, — прадставіў нам кандыдат сімпатычную дзяўчыну з дзіцем на руках.

Аднагадовая малеча расплылася ў бяззубай усмешцы, убачыўшы незнаёмых цётачак. Паддаўшыся мацярынскаму інстынкту, мы нешта прасюсюкалі ёй у адказ.

Высветлілася, што імя дачцэ кандыдат падбіраў сам. Праўда, спачатку ў сям’і меркавалася, што будзе хлопчык.

— Віталік ужо збіраўся назваць яго Адамам. У гонар Адама Станкевіча, — расказала Насця. — А тут на табе — дзяўчынка!

І ўсё ж Евай дачку Віталь ахрысціў не ў гонар прамаці, а ў гонар сваёй стрыечнай бабулі.

Гэта не адзіны сюрпрыз, які падрыхтавала дачушка свайму бацьку.

— Вось усяго чакаў, але што дачка будзе рудой, нават падумаць не мог! Я светлы, жонка цёмная… Хоць быў у мяне ў родзе хтосьці рудавалосы, — паспрабаваў развеяць усе нашы сумневы Віталь.

Хаця, гледзячы на дзіцячыя фатаграфіі Рымашэўскага, ніхто і не думае сумнявацца ў яго бацькоўстве.

Па ўсім было відаць, што дачку Віталь усім сэрцам любіць. З-за мяжы абавязкова што-небудзь ёй прывозіць. Ложак, коўдрачка, шматлікія цацкі перавандравалі сюды з крамаў Манхэтэна, Бостана, Берліна.

Ева ж у знак падзякі выселіла тату на кухню — менавіта там у кандыдата цяпер працоўны кабінет.

— Кватэра сапраўды маленькая. Можа, пасля прэзідэнцкіх выбараў падумаем пра пашырэнне, — смяецца Рымашэўскі.

— Ну, там ужо пра жыллё і думаць не трэба будзе, — паспрабавалі мы ўсяліць надзею ў кандыдата. — Дарэчы, а жонка ўжо гатовая ўзяць на сябе функцыі першай лэдзі?

— Вядома, — не задумваючыся, адказаў за жонку Віталь. — Яна ў мяне крыху сарамлівая, але, думаю, дамо рады. Мне здаецца, гэта правільна, калі жонка побач са сваім мужам, суправаджае яго ва ўсіх паездках. І дачка, калі я стану прэзідэнтам, будзе ўвесь час са мной. Хаця не. Дачку на афіцыйныя мерапрыемствы я браць не буду. Хопіць нам аднаго сына.

Дарэчы, Віталь і Насця жанатыя восем гадоў. А знаёмыя нават больш.

— Толькі спадабаліся адно аднаму не адразу, — прызнаецца Насця. — Іскра прабегла пазней. Нават не магу сказаць, у які дакладна момант. Паглядзеў ён на мяне неяк асабліва.

— А як вы паставіліся да таго, што жанчыны назвалі вашага мужа самым сэксуальным кандыдатам? — паспрабавалі мы выклікаць жаночую рэўнасць.

— Ну, так і павінна было быць! — апярэдзіў з адказам жонку Рымашэўскі.

Мы пераглянуліся і ўжо было хацелі падзівіцца такой нясціпласці патэнцыйнага кандыдата, але Віталь тут жа растлумачыў:

— Я ж самы малады з усіх. Пасля Міхалевіча. Таму шанцы ў нас і ў астатніх былі няроўныя. Вось я і перамог.

У прысутнасці жонкі мы не рызыкнулі пераконваць Рымашэўскага ў адваротным.

Нішто чалавечае

Чым даўжэй мы размаўлялі, тым мацнейшае ў нас узнікала адчуванне, што ідэальнейшага мужа і бацькі пажадаць немагчыма: і вопратку жонцы за мяжой купляе, і кветкі рэгулярна дорыць, і сняданкі робіць. На падлозе — пакладзены ўласнаручна лінолеум, на падваконні — асабіста вырашчаны гранат. Увогуле, казка, а не муж. І гэта мы яшчэ прэзідэнцкія якасці не вывучалі!

— Дык што, няўжо наогул няма шкодных звычак? — усё не верылі мы.

— Гледзячы, што лічыць шкоднай звычкай, — азваўся Віталь. — Я вось, напрыклад, не магу цалкам адмовіцца ад тэлевізара і лічу гэта шкоднай звычкай.

Праўда, як высветлілася, глядзіць Рымашэўскі выключна навіны і канал Animal Planet. Вось ужо сапраўды грэшнік!

— Гэта значыць, ніколі не пілі, не курылі? — ужо практычна страцілі мы надзею.

— Ну чаму ж, — азваўся Рымашэўскі, да нашай вялікай радасці. — У маладосці я паспрабаваў усё. Шмат за што сёння нават сорамна. Курыць кінуў гадоў дзесяць таму. Піць? Дык я і цяпер магу выпіць. З алкагольных напояў аддаю перавагу віскі.

Праўда, па словах Рымашэўскага, набрацца ў бэлю ўжо даўно не ўдаецца. Хаця ён, мяркуючы па ўсім, і не асабліва імкнецца. Мы папрасілі дазволу сфатаграфаваць бар кандыдата.

— Дык які там бар? Так… Стаіць бутэлька «Бехераўкі» сярод слоікаў з крупамі, — панаракаў Рымашэўскі.

Аднак нам было важна займець хаця б гэты «кампрамат». Але Віталь аказаўся цвёрдым.

— Не, усё ж здымаць не варта. Сябры могуць не зразумець.

Віталь Рымашэўскі: «У маладосці паспрабаваў усё»

Давялося падпарадкавацца. Хоць без дакументальнага пацверджання, мы разумелі, заўсёды можна спісаць на інтрыгі «нячэсных» журналістаў.

Аднак мы не страчвалі надзеі і працягвалі распытваць кандыдата пра бурную маладосць. Так мы даведаліся і пра першы прывод Рымашэўскага ў міліцыю. Прычым палітыкай тады і не пахла. Банальная «хуліганка».

— Ды гарэзілі па маладосці. Яшчэ ў студэнцкія гады, — махнуў рукой Рымашэўскі.

— Апранулі аднаго нашага таварыша ў фуфайку, заклеілі яму рот. Спераду прымацавалі таблічку «Партызан», а ззаду напісалі: «Сам дурань».
І пайшлі з ім па вагонах метро. Усе людзі нармальна рэагавалі, смяяліся. А адзін пасажыр — хоць і быў тады ў цывільным — аказаўся без гумару. Пакуль бачыў нашага таварыша спераду, усміхаўся, а калі надпіс на спіне прачытаў — чамусьці пакрыўдзіўся.

Так кампанія загрымела ў міліцыю. На шчасце, абышлося без складання пратаколаў. Адзначыўся Рымашэўскі і іншымі супрацьзаконнымі выбрыкамі. Але аб тым, як будучы кандыдат вывешваў сцяг ва ўніверсітэце, нам ужо было не асабліва цікава.

— Напэўна, калі б не рэлігія, зрабіўся б бандытам. Для мяне заўсёды грамадскія правілы не былі законам, — парадаваў нас чарговым адкрыццём кандыдат.

Дарэчы, усе перадумовы для гэтага ў Рымашэўскага былі. У дзяцінстве ён займаўся самба і боксам, цягаў гіры. Карацей, быў моцным хлопцам. На жаль, баксёрскія пальчаткі нядаўна перавандравалі да бацькоў на лецішча. Але вось парачка гіраў на балконе завалялася і цалкам магла забяспечыць нам выдатную кампазіцыю для здымка.

— Ну што, пілаваць будзем або падымаць? — падбухторвалі мы Віталя.

Гіры ўрачыста былі прынесеныя з балкона, пыл з іх стрэсены. І — ура! — магутная рука кандыдата ўзняла іх над галавой.

Пакуль Рымашэўскі падымаў гіры, мы заўважылі на яго запясці зіхоткі гадзіннік.

— Няўжо швейцарскі?

— Так. Заўсёды хацеў менавіта швейцарскі. І вось нядаўна купіў. Можа, ён не вельмі круты. Затое сапраўдны.

Мы яшчэ крыху пабалбаталі пра палітыку, рэлігію — ну пра што яшчэ пагаварыць дзвюм сімпатычным дзяўчатам з маладым сімпатычным мужчынам? Абмеркавалі Манэ, рэпрадукцыі якога былі развешаныя па сценах кватэры (жонка Рымашэўскага па адукацыі культуролаг). Калі ж цікавасць кандыдата да яго швейцарскага гадзінніка зрабілася больш пільнай, мы вырашылі, што трэба і меру ведаць.

— Проста хочам яшчэ на вячэрню паспець, — апраўдваўся Рымашэўскі.

Мы не сталі злоўжываць гасціннасцю.

Выходзілі ўсе разам. Ева звыкла боўталася ў сумцы-кенгуру на жываце бацькі.

— Ну што, заходзьце цяпер у госці проста так. Без фотакамер, — гасцінна запрасіў нас Віталь.

А што толку? Без фота ўсё роўна ніхто не паверыць.

Глядзіце таксама рэпартаж «У гасцях у кандыдата: Яраслаў Раманчук»

0
Шпацэрман / Адказаць
02.09.2010 / 09:11
У кандыдата ў прэзідэнты на 6-ым здымку дырка ў шкарпэтках - здымак захаваў на ўсялякі выпадак каб не замазалі і не выдалілі. Рэд. Гэта звычайны блік, а не дзірка. Маем здымак у вялікім памеры - там тое выразна.
0
Клаўс Трафоб / Адказаць
02.09.2010 / 09:19
Ніколі не сумняваўся, што ў Рымашыўскага вельмі плоскае пачуццё гумару і неабсяжлівая пыха: "І дачка, калі я стану прэзідэнтам, будзе ўвесь час са мной. Хаця не. Дачку на афіцыйныя мерапрыемствы я браць не буду. Хопіць нам аднаго сына" "Дарэчы, а жонка ўжо гатовая ўзяць на сябе функцыі першай лэдзі? — Вядома, — не задумваючыся, адказаў за жонку Віталь" "— А як вы паставіліся да таго, што жанчыны назвалі вашага мужа самым сэксуальным кандыдатам? — паспрабавалі мы выклікаць жаночую рэўнасць. — Ну, так і павінна было быць! — апярэдзіў з адказам жонку Рымашэўскі"
0
Крывіч / Адказаць
02.09.2010 / 09:20
Ведаючы Віталя адносна даўно, я выбіраю БХД! БХД - каманда! Тым больш, шмат хто з той каманды за байкот, у выпадку калі ўлады будуць зноў шальмаваць. Надзея памірае апошняй!
Паказаць усе каментары/ 57 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру