26.08.2010 / 15:58

Усебеларуская тарэнтоўка 10

Файлаабменныя сістэмы ў Беларусі развіваюцца насуперак спробам кантралявання інтэрнэта. Меркаваннем дзеляцца адміністратары torrent-сайтаў.

Два падобныя па назве файлаабменныя парталы беларускага інтэрнэта (Torrent.by і Torrents.by) валодаюць досыць адрознай аўдыторыяй.
Аднак гісторыя стварэння праектаў амаль аднолькавая. Праца парталаў пачыналася і трымаецца на адным аматары, каманда зацікаўленых дапамагае абслугоўваць толькі форум.

Як паведамляла «Наша Ніва» раней, у Беларусі не плануецца забараняць торэнты. Але з 1 верасня www.torrent.by канчаткова пераязджае на даменнае імя baravik.org. Прычынаю стаўся указ № 60 «Аб мерах удасканальвання выкарыстоўвання нацыянальнага сегменту Інтэрнэт». Каб пазбегнуць праблемаў, адміністрацыя трэкера вырашыла пакінуць зону.by. На новае даменнае імя указ № 60 не распаўсюджваецца.

Партал torrent.by з’явіўся ў ліпені 2007 года. Праект ствараўся для людзей, неабыякавых да пытанняў развіцця роднай мовы і культуры, павышэння нацыянальнай самасвядомасці. Таму адсотак карыстальнікаў, якія сімпатызуюць беларускай мове ды гісторыі, па словах адміністрацыі сайту, дасягае 99,9%.

Дэцэнтралізаваны абмен інфармацыяй будзе развівацца, лічыць стваральнік праекту Аляксандр Данілаў, але торэнты — з’ява часовая. «Тэхналогіі дэцэнтралізаванага абмену файламі вельмі перспектыўныя, зніжаюць нагрузку на кампутарныя сеткі, але час бескантрольнага распаўсюду інфармацыі з парушэннямі аўтарскага права падыходзіць да канца», — пэўны Аляксандр Данілаў.

«Як любы іншы рэсурс, з дапамогаю якога зарабляюцца грошы, мы зарэгістраваныя ў нацыянальным сегменце інтэрнэта»,
 — паведаміў «Нашай Ніве» адміністратар Дзяніс, стваральнік іншага партала — torrents.by, які пачаў сваю працу ў снежні 2007 году. «У адзін з зімовых вечароў прыйшла думка, што на прасторах байнэта няма падобнага рэсурсу», — апавядае адміністратар «Трэкера тваёй краіны».

На думку Дзяніса, торэнты з’яўляюцца больш грамадскай, чым культурнай з’яваю. Стваральнік парталу рады, што ягоны праект дазваляе людзям быць у кантакце. Torrents.by сабраў вакол сябе супольнасць, якая ладзіць сустрэчы ў рэальным жыцці. Адна з такіх імпрэзаў пад назваю «Усебеларуская тарэнтоўка» адбылася не так даўно пад Бабруйскам.

Torrents.by не адмовіцца рэтрансляваць папулярныя альбо скандальныя фільмы, калі яны не будуць палітычнымі.
Адміністратар не выключае магчымасці звярнуцца да «Белсата» па відэаархівы, але толькі пасля акрэдытацыі тэлеканала ў Беларусі.

Абодва праекты не ставяць палітычных ці ідэалагічных мэтаў у сваім развіцці. Кожны з іх не бачыць для сябе канкурэнтаў. Насамрэч, ствараецца ўражанне, што мэтавыя групы двух парталаў розныя і наўрад ці могуць перамяжоўваюцца.

Першы пратакол абмену файламі Torrent з’явіўся ў ліпені 2001 году. Сярод карыстальнікаў сеціва такая сістэма распаўсюду інфармацыі даўно набыла вялікую папулярнасць у свеце.

Юльян Місюкевіч

0
Kus / Адказаць
26.08.2010 / 16:19
З якога такога перапуду вы назвалі другі торэнт беларускім - гэта проста копія расейскага рутрэкера (разам з іхнымі тарэнтоўкамі) ды і беларускага там амаль нічога няма. Нават былі выпадкі, калі беларуская мова гэтым самым Дзянісам у штыкі прымалася.
0
Maŭruk / Адказаць
26.08.2010 / 16:32
на другім -- чырвона-зялёны надпіс "трэкер тваёй краіны" =))) гэта ўсё тлумачыць.
0
booxter / Адказаць
26.08.2010 / 18:15
Як добра, што Маўрук і падобныя распазнаюць колеры і ведаюць іх назвы. Дзякуючы гэтым здольнасцям, яны могуць чыркнуць радок-другі hatespeach-а на НН. Дзякуючы гэтаму беларуская справа не спыніцца, а будзе рушыць наперад. Скажы не дальтоніі - выратуй Беларусь.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру