Сербіі давядзецца пайсці на прызнанне незалежнасці Косава дзеля таго каб уступіць у Еўрасаюз. З такой заявай у Бялградзе выступіў міністр замежных справаў Гіда Вестэрвеле.

Па яго словах, для ўступлення ў ЕС неабходна падтрымліваць збалансаваны палітычны лад. Трэба дасягнуць замірэння. А гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі «Сербія прыме рэальнасць — незалежнасць Косава і ёсць рэальнасцю».

Па словах Вестэрвеле, у будучыні магчымае ўрэгуляванне цяперашніх рознагалоссяў паміж бакамі і сумесная праца. «Прыйдзе дзень, калі прадстаўнікі ЕС, Косава і Сербіі буду сядзець за адным сталом», — адзначыў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Германіі.

Не абышоў бокам нямецкі міністр і нядаўняе рашэнне Міжнароднага суда ААН, які ў ліпені 2010 пастанавіў, што міжнароднае права «не ўтрымлівае забаронаў на дэкларацыі аб незалежнасці», і, такім чынам, аўтары косаўскай дэкларацыі аб незалежнасці не парушылі агульнага міжнароднага права і рэзалюцыі 1244 Рады бяспекі ААН ад 1999. «Рашэнне Міжнароднага суда павінна было пакласці канец любым дыскусіям» , — заявіў Вестэрвеле.

Варта адзначыць, што ў канцы ліпені 2010 сербскі парламент прадставіў чарговае рашэнне па сербскім пытанні. «Народная скупшчына (парламент) пацвярджае, што Рэспубліка Сербія ніколі не прызнае аднабаковае абвяшчэнне незалежнасці Косава», — гаварылася ў дакуменце. Там таксама адзначаецца, што сербскі парламент лічыць, што шляхам мірных перамоваў неабходна «дасягнуць такога рашэння па Косаве і Метохіі, якое б адпавядала канстытуцыі Сербіі і задавальняла ўсе бакі канфлікту».

Косава абвясціла незалежнасць ад Сербіі ў 2008. З таго часу гэтае ўтварэнне прызналі 69 краін, у тым ліку ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Германія. А Расія, Кітай, Іспанія заявілі аб прызнанні тэрытарыяльнай цэласнасці Сербіі.

Варта адзначыць, што на тэрыторыі Косава да гэтага часу жыве сербскае насельніцтва, якое баіцца за свой лёс у выпадку вываду міратворцаў НАТА.
Пытанне аб сербскіх анклавах ЕС імкнецца не падымаць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?