Танкер з чарговай партыяй венесуэльскай нафты для Беларусі ў порце Клайпеды чакаюць увечары 28 жніўня.

Як паведаміў дырэктар па вытворчасці кампаніі «Клайпедас нафта» (нафтатэрмінала клайпедскага порта) Гедымінас Віткаўскас, танкер з 80 тысячамі тон нафты павінен прыбыць у порт у 23.00. Раніцай 29 жніўня ён прышвартуецца, і адразу ж пачнецца перагрузка нафты ў рэзервуары. Пасля праверкі аб’ёму і якасці нафта будзе пагружана ў чыгуначныя цыстэрны і дастаўлена на Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан».

Пагадненне аб пастаўках у Беларусь нафты з Венесуэлы было падпісана ў сакавіку 2010 года. Да красавіка 2011 года павінна быць пастаўлена 4 млн тон сыравіны. Пастаўкі пачаліся ў маі і вядуцца пераважна праз порт Адэсы, адкуль па чыгунцы нафта дастаўляецца на Мазырскі НПЗ. У ліпені ў якасці эксперыменту адзін танкер з Венесуэлы прыбыў у эстонскі порт Мууга. Гэтая партыя была пастаўлена на перапрацоўку на ААТ «Нафтан».

Беларускі бок не раз заяўляў пра намер вывучыць усе магчымыя схемы паставак нафты з Венесуэлы. Спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што маршрут перавозкі сыравіны па чыгунцы з краін Балтыі ў Наваполацк істотна карацейшы, чым з Украіны ў Мазыр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?