У Еўропе вяртаецца мода на вінілавыя кружэлкі — кожная буйная дыскарня цяпер мае аддзел вінілу, дзе можна купіць як і старыя, так і новыя плыткі.
Новая музыка, акрамя версіі на кампакт-дыску, цяпер выдаецца і на вініле. Да Беларусі «вінілавы бум» павінен дабрацца ў бліжэйшы час, а вось месцаў, дзе можна набыць якасныя кружэлкі, не так і шмат.

Еўрапейская настальгія

Упершыню з еўрапейскай модай на вініл я сутыкнуўся ў Вільні, дзе ў самым цэнтры старога горада працуе крама «Thelonious» (названая ў гонар джазавага піяніста Тэлоніуса Монка). Аказалася, што вось гэтая сціплая крама ў сутарэнні на вуліцы Шкляной (Stikliu), 12 — ледзьве не еўрапейскі цэнтр вінілавага гандлю. Прынамсі, ва Ўсходняй Еўропе пра краму ведаюць бадай што ўсе аматары вінілу. Цэны на «пластмасу» (як называюць кружэлкі самі меламаны) не вельмі «кусачыя» — ад 6 да 60 тысяч на беларускія грошы, прычым залежыць цана ад стану кружэлкі і краіны вытворцы. І тут высветліўся цікавы факт: прадавец вельмі зацікавіўся вінілавым гандлем у Мінску і ўрэшце расказаў пра асноўны недахоп «Тэлоніуса»:

— Чаго нам насамрэч бракуе, дык гэта савецкіх кружэлак з чымсьці кшталту Кабзона. Мы ў савецкія часы гэтага нічога не куплялі — думалі, што яно не скончыцца ніколі, дый жадання гэта слухаць не было ніякага. А цяпер вось арыгінальных пласцінак The Beatles — бяры не хачу, а вось Кабзона яшчэ пашукаць трэба. А тут час ад часу такая настальгія пачынаецца — і ўсім гэтыя запісы трэба. Можа ў Мінску ёсць?

Гэта напраўду здзівіла — тое, што ў нас пыліцца на паліцах, а часам сустракаецца на сметніцы, аказваецца, ўяўляе з сябе каштоўнасць у Еўропе.

Вінілавыя маршруты

Калісьці на вуліцы Леніна існавала крама «Ноты», дзе сярод іншага можна было знайсці і вініл. Цяпер крама пераехала на праспект Пераможцаў пад Камсамольскае возера (пра што, дарэчы, ведаюць не ўсе). Кружэлкі ў новых «Нотах» ляжаць у дзвюх кардонных каробках — у прынцыпе, іх варта захоўваць па-іншаму. Дый каталог знізіўся — знайсці тут нешта вартае ўвагі вельмі цяжка, а кошты на савецкія дыскі вышэйшыя чым дзе б гэта ні было.

— Ды нікому яно не трэба, — кажа прадавец. — Ну глядзіце самі, што тут за рэпертуар. З цікавага толькі класіка, і яе няшмат.

Зусім іншая сітуацыя склалася на «галоўным вінілавым» рынку.

Клуб філафаністаў

Клуб філафаністаў віруе па суботах у ДК Трактарнага завода. Вініл тут таксама можна набыць — прычым гэта будуць сапраўдныя старыя фірмовыя пласцінкі, і цана ў іх ад васьмі даляраў па курсе. З мінусаў — усе гэтыя гады большасць пласцінак не на палічцы праляжалі, а некаторыя з іх дык увогуле жорстка эксплуатаваліся. І «рэпертуар» гэтых пласцінак трэба разглядаць з пазіцыі густаў савецкіх меламанаў 70-х і 80-х — а гэта значыць, што тут квітнее англійскі хард- і арт-рок, а ўсяго іншага вельмі і вельмі мала.

Яшчэ адна асаблівасць «клуба» — так званы «гістарычны аспект». Прадаўцы найперш глядзяць на ўзрост купца, і, калі вам менш за сорак, у большасці выпадкаў стаўленне да вас будзе, як да чалавека, які нічога не разумее ні ў вініле, ні ў музыцы.

Vinylshop.by

Таксама існуе Інтэрнэт-крама vinylshop.by, дзе пра кожную кружэлку, якая выстаўлена на продаж, пададзена вычарпальная інфармацыя. Але цэны скуголяць: 25 даляраў, у прынцыпе, сярэдняя цана тутака, што ўдвая даражэй, чым у віленскіх калег.

І выбар прадукцыі не шырокі, затое якасць кружэлак не выклікае дакораў, а калі штосьці не так — супрацоўнікі папярэджваюць. Заказаць і атрымаць кружэлку можна з рук на рукі ў Мінску, а ў іншых гарадах — праз пошту, але, зразумела, невядома ў якім стане яна да вас дабярэцца ў выніку.

Асобна трэба ўзгадаць краму «Містэрыя гуку», што ва універмагу «Рыга». Там прадаецца сучасны вініл — запісы могуць быць і 60-х і 70-х і нават 2000-х, бо на вініле цяпер дублюецца амаль усё, што выходзіць. Каштуе такая кружэлка ад 60 да 160 тысяч, але мае адзін недахоп. Рэч у тым, што гэтыя вінілы па гучанні не адрозніваюцца ад кампакт-дыскаў, бо амаль усе яны — «лічбавыя перавыданні» (Digitally Remastered). Значыцца, розніца між купляй кампакта і вінілу амаль знікае. Апошні набываецца хутчэй для каларыту — праз пэўны час на ім з’явяцца пашкоджанні, якія нададуць яму класічны трэск. Розніца для беларусаў — у цане, хаця ў Еўропе сучасны вініл і сучасны кампакт-дыск каштуюць супастаўна, але нам да гэтага яшчэ далёка.

Топ-5 вінілавых кружэлак, якія варта мець у калекцыі:

1. Песняры. «Ты мне вясною прыснілася». Гэты дэбютны альбом мае некалькі моцных хітоў і дагэтуль слухаецца на адным дыханні.

2. Мроя. «Дваццаць восьмая зорка». Гэты дыск можа паказацца наіўным, але ён добра адлюстроўвае канец 80-х, калі ён толькі выйшаў. Найважнейшае вінілавае выданне ў гісторыі беларускага року, прычым яшчэ на «ўсесаюзнай» фірме грамзапісаў «Мелодыя».

3. Станіслаў Манюшка. Опера «Страшны двор». Опера, якая ў перакладзе часцей за ўсё называецца «Зачараваны замак». Самы папулярны вініл беларускай акадэмічнай музыкі.

4. Міхал Клеафас Агінскі. Паланез «Развітанне з Радзімай». Такі міні-вініл заўжды выдаваўся з якойсьці неабавязковай п’есай іншага кампазітара на другім баку, але нават вокладка даказвала, што ўся пласцінка рабілася менавіта для паланеза.

5. Аркестр Эдзі Рознэра. «Бывай, каханне!» «Белы Армстронг», найвыбітнейшы беларускі джазмэн, чые запісы ў 70-ы гады мусілі быць размагнічаны, але ўсё ж такі частка з іх захавалася. Абавязковая кружэлка ў калекцыі аматара свінгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?