28.08.2010 / 22:24

Генадзь Бураўкін. Зачарованая мая 1

На 74-годдзе паэта — ягоны класічны верш.

Вядомы паэт і дзяржаўны дзеяч Генадзь Бураўкін адзначыў свой 74-ы дзень нараджэння. Паэт, які нарадзіўся ў сваім паўночным краі на Спленне, кажа, што яму і пішацца найлепш у гэтыя летне-асеннія дні. І на гэты дзень ізноў ён не толькі прымаў гасцей, але і працаваў на сваёй прыдарожнай дачы ў Крыжоўцы.

Бураўкіна ведаюць па ягонай калыханцы «Пакрысе на расе…», па песнях «Белы снег» «Верасоў» і «Зачарованая мая» «Песняроў». Менш ведаюць пра ягоную надзвычайную ролю ў фармаванні нацыянальнай свядомасці ў 1970-80-я.

Многая лета, шмат новых вершаў і новай ролі ў дзяржаўным будаўніцтве зычым яму і мы. А Вашай увазе прапануем класічны верш паэта.

Зачарованая мая

Патухаюць, цямнеюць высі,
Зоркі ўспыхваюць над сінявой.
Да пляча майго прытуліся
Залатою сваёй галавой.

Чуеш — вецер, чуеш — вечар,
Чуеш — ціха шапоча сад.
На твае худзенькія плечы
Асыпае ноч зарапад.

Прыпеў:

Гэта я з табой вечарую,
Туманамі цябе я чарую,
Васількоў шапатліваю моваю
Зачароўваю, зачароўваю,
Закалыхваю я цябе.

І ад рук няўмелых, нясмелых
Не схаваешся ты нідзе,
Поўня белая яблыкам спелым
На далоні твае ўпадзе.

Ты шапнеш мне адчайныя словы,
Што шаптаў табе ўчора я,
Вечаровая, зачарованая,
Закалыханая мая.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Мікола Бугай

0
Кастусь Севярынец / Адказаць
29.08.2010 / 10:41
Генадзь Микалаевіч -- лірык ад Бога. Светлай і плённай яму жураўлінай пары! Вось яшчэ чароўныя бураўкінскія радкі: ххх Першым у вёсцы ў цябе пад вакном Бэз загарэўся ліловым агнём. Быццам бы лёг на знаёмы паркан Ранішні дым ці вячэрні туман... Горка ўздыхаюць суседкі твае, Ранняя квецень ім спаць не дае. Бэзавым водарам вецер прапах. Бэзу пялёсткі ў цябе на губах... Вось яно, "легкае дыханне" (Бунін)паэзіі!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру