9 кастрычніка ў Вільні ў Доме пісьменьніка адбыўся ўстаноўчы сход новай творчай арганізацыі «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», у якім узялі ўдзел беларускія пісьменьнікі, якія жывуць у Вільні, старшыня беларускага СБП Алесь Пашкевіч і прадстаўнікі кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў Літвы на чале са старшынём Ёнасам Ліняўскасам.

Адзін з ініцыятараў заснаваньня арганізацыі Сяргей Дубавец у сваёй прамове зазначыў, што сярод бліжэйшых плянаў новай арганізацыі: правядзеньне ў Вільні мерапрыемстваў у гонар 100-годзьдзя «Нашай Нівы», заснаваньне пэрыядычнага выданьня, спрыяньне разьвіцьцю кантактаў паміж беларускай і літоўскай літаратурамі.

Заснавальнікамі новай арганізацыі выступілі сябры віленскай філіі СБП, на сходзе сярод іншых прысутнічалі вядомы моладзевы лідэр 80-х Сяргей Вітушка і старэйшы на сёньня беларускі пісьменьнік 95-гадовы Аляксей Анішчык. Сваю падтрымку прапанавала кіраўніцтва літоўскага пісьменьніцкага Саюзу: юрыдычныя кансультацыі, памяшканьне.

Сход абраў рэдакцыйную камісію, якая будзе распрацоўваць статут арганізацыі, у яе склад увайшлі: Сяргей Дубавец, Віталь Каракорскі і Алег Аблажэй. Старшынём арганізацыйнага камітэту стаў Сяргей Дубавец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?