Аляксандру Лукашэнку сёння спаўняецца 56 гадоў. Свой дзень нараджэння кіраўнік Беларусі правядзе ў рабочай паездцы па Гомельскай вобласці, паведамляе афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня 1954 года ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, беларус.

Закончыў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы — Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя А.Куляшова (1975) і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1985). Гісторык, эканаміст.

У 1975–1977 гадах, а затым у 1980–1982 гадах служыў у Савецкай Арміі. Пасля службы працаваў у камсамольскіх і партыйных органах, быў на гаспадарчай працы на пасадах намесніка і кіраўніка прадпрыемстваў прамысловасці будматэрыялаў і АПК БССР. У 1990 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета.

10 ліпеня 1994 года Лукашэнка абіраецца першым прэзідэнтам Беларусі, атрымаўшы больш за 80% галасоў выбаршчыкаў.

У наступныя два гады, 1995–1996, з яго ініцыятывы прайшлі два рэспубліканскія рэферэндумы, якія зацвердзілі дзяржаўнае двухмоўе ў Беларусі, новыя дзяржаўныя сімвалы і вызначылі канстытуцыйны лад краіны.

У верасні 2001 года Лукашэнка паўторна абіраецца прэзідэнтам. Паводле звестак ЦВК, за яго прагаласавала 75,65% выбаршчыкаў.

У 2004 году прэзідэнт ініцыяваў рэферэндум па адмене артыкула Канстытуцыі, згодна з якім адна асоба не мае права абірацца на пост прэзідэнта больш за два разы запар. Паводле звестак ЦВК, гэтую ініцыятыву падтрымала больш за 77% выбаршчыкаў. Такім чынам, Лукашэнка атрымаў права на ўдзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах.

На выбарах у сакавіку 2006 года Лукашэнка, паводле афіцыйных звестак, набраў 83% галасоў выбаршчыкаў і быў пераабраны на пост кіраўніка беларускай дзяржавы ў трэці раз.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі і міжнародныя назіральнікі зафіксавалі масавыя парушэнні падчас прэзідэнцкай кампаніі, заявілі аб непразрыстасці і недэмакратычнасці выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?