Каб пазнаёміцца з той беларускай культурай, якой не кранула рука ўсёведнага чыноўніка, трэба выехаць за межы Беларусі.

Напрыклад, у Бэрлін, дзе прарокі, якім няма месца ў сваёй айчыне, з задавальненьнем знаёмяць іншаземную публіку з сваёй творчасьцю. У сталіцы Нямеччыны нядаўна адзначала стагодзьдзе беларуская газэта «Наша Ніва», а беларускія кінэматаграфісты правялі кінафэстываль у межах праекту «Партызанфільм». А да 18 кастрычніка ў Бэрліне будзе праходзіць фэстываль беларускай культуры пад назвай «Гуд-бай», адкрыцьцё якога прайшло ў мінулыя выходныя.

Вядомы беларускі гурт «Драм Экстасі» адкрываў фэстываль «Гуд-бай» сваім выступам у бэрлінскім клюбе «Каспар гаўзэр». Гурт выступаў разам з паэтам Ігарам Коршунам, які чытаў свае тэксты пад музыку беларускіх бубначоў…

Больш за сто чалавек зь Нямеччыны, Беларусі ды іншых эўрапейскіх краін сабраліся ў бэрлінскім клюбе на выступ мастака і музыкаў. Аднак «Драм Экстасі» – гэта толькі пачатак фэстывалю «Гуд-бай».

Арганізатары фэстывалю пастараліся прэзэнтаваць усю гаму сучаснай беларускай культуры. Цягам тыдня будуць паказаныя беларускія фільмы і карціны, будуць выступаць беларускія музыкі і паэты, у тым ліку вядомы аўтар Андрэй Хадановіч. А завершыць фэстываль канцэрт гурту «Безь Білета».

Андрэй Хадановіч літаральна тыдзень таму выступаў на сьвяткаваньні стагодзьдзя газэты «Наша Ніва». Але ён не стамляецца выступаць у Нямеччыне, бо…

Хадановіч: «Ёсьць адныя і тыя ж рэчы, але іх трэба паўтараць зноўку і зноўку, каб яны западалі ў сьвядомасьць. Напрыклад, слова «Беларусь» амаль незнаёмае, альбо знаёмае зь непрыемным мне флёрам асацыяцый сярэднестатыстычнаму немцу».

Разбураць стэрэатыпы – адна з галоўных мэтаў фэстывалю «Гуд-бай». Такое буйное мерапрыемства было, як ні дзіва, арганізаванае на адным энтузіязьме. Ідэю і канцэпцыю, ды й практычна ўсю арганізатарскую працу, правялі ўдзельнікі праекту «Ін коман», а менавіта тры беларускія дзяўчыны, якія жывуць у Нямеччыне. З арганізацыяй ім дапамагала і студэнцкая ініцыятыва «Лагода» з Франкфурту-на-Одэры. Фэстываль прафінансавалі Эўразьвяз і нямецкі фонд «Памяць і будучыня». Як нарадзілася ідэя фэстывалю, расказвае Марыя Несьцерава з праекту «Ін коман».

Несьцерава: «Сёньня ў Эўропе ведаюць, што такое Беларусь, і праходзіць даволі вялікая колькасьць мерапрыемстваў… але вобраз Беларусі падаецца даволі аднабакова. Часьцей за ўсё гавораць альбо пра палітыку, альбо пра эканоміку. І тады мы зразумелі, што ня трэба гаварыць. Трэба даць адчуць. Даць магчымасьць наведваць культурныя падзеі, якія прывязуць сюды дзеячы мастацтва Беларусі.»

Што беларуская культура моцна палітызаваная, пагадзіўся і Піліп Чмір, лідэр гурту «Драм Экстасі». На ягоную думку, гэта так…

Чмір: «… таму што зараз такая сытуацыя ў краіне. Калі зараз у краіне дыктатура. то натуральна, гэтым будзе ўсё прасякнута, вакол гэтага ўсё будзе круціцца. У нашай творчасьці ніякай палітыкі няма.»

Аднак і непалітычная беларуская культура годная выступу ў Бэрліне і можа гучна пра гэта заяўляць у літаральным сэнсе слова. Канцэрт «Драм Экстасі» ўсхваляваў гаспадара нямецкага клюбу «Каспар гаўзэр», бо музыка бубначоў па гучнасьці значна перавысіла тыя 95 дэцыбэлаў, якія дазволеныя ў жылых кварталах Бэрліна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?