Калі нейкую зьяву немагчыма растлумачыць, кажуць, што адбыўся цуд. 10 красавіка 1983 году, у дзень пахаваньня Ларысы Геніюш, ён адбыўся ў нясхільнай да цудаў Зэльве.

 Жалобная працэсія на вуліцах Зэльвы. Здымак Зьдзіслава Сіцькі.

Жалобная працэсія на вуліцах Зэльвы. Здымак Зьдзіслава Сіцькі.

 Па дарозе на могілкі. Здымак Міколы Канаша.

Па дарозе на могілкі. Здымак Міколы Канаша.

 Чын пахаваньня зьдзяйсьняе айцец Васіль Чыкіда. Здымак Зьдзіслава Сіцькі.

Чын пахаваньня зьдзяйсьняе айцец Васіль Чыкіда. Здымак Зьдзіслава Сіцькі.

Я апытаў дзясяткі відавочцаў, і ніхто мне ня змог уцямна растлумачыць, як тады, пры моцнай яшчэ савецкай уладзе, у савецкім запалоханым і дарэшты кантраляваным мястэчку на вуліцу Савецкую прыйшлі тысячы савецкіх людзей, каб правесьці ў апошні шлях несавецкую грамадзянку. Ніхто ж нікога з хаты ня гнаў, з працы арганізавана не адпускаў. Наадварот, бралі на ўлік тых, хто падпісваў па-беларуску вянкі, хто зьбіраўся прысутнічаць на адпяваньні ў царкве. І ўсё ж людзі прыйшлі. Як на маўклівую маніфэстацыю, перамогшы вонкавы і ўнутраны страх, усім сваім выглядам нібы пацьвярджаючы словы Ларысы Геніюш: «Мы вам ня племя слугаў, мы — народ!»

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Марыс Мэтэрлінк, які быў яшчэ і выдатным прыродазнаўцам, у сваёй кнізе «Разумныя кветкі» апісаў паводзіны расьлінаў у самых розных умовах існаваньня. Аказваецца, асобная кветка можа памыліцца, зацьвісьці не ў пару і загінуць, можа несвоечасова высеяць у зямлю насеньне, якое не дасьць працягу роду. Але ў цэлым кветкавы род ніколі не памыляецца, ён разумны і ведае, як дзейнічаць у надзвычайных сытуацыях.

Магчыма, падобная сыстэма паводзінаў характэрная і для людзей. Асобна ўзяты жыхар Зэльвы мог не чытаць кніг Ларысы Геніюш і ня ведаць, з кім жыў побач на адной вуліцы.
Але настаў момант ісьціны, і ён уліўся ў шматлюднае жалобнае шэсьце, якое ў той дзень і ў той час уяўляла зь сябе менавіта народнае рушаньне, над якім ня мела сілы ўсемагутная тады савецкая ўлада.

Дарэмна прадстаўнікі гэтай улады запалохвалі сьвятара зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царквы і настойвалі, каб не было адпяваньня. Айцец Васіль Чыкіда пры паўнюткай царкве адпяваў рабу Божую Ларысу чатыры гадзіны. А ў сваёй пропаведзі назваў Ларысу Геніюш чалавекам «з крыштальна чыстай душой, чые творы будуць жыць вечна».

Дарэмна афіцыйныя распарадчыкі пахаваньня, упаўнаважаныя той жа ўладай, падганялі пад царкву грузавік з апушчанымі бартамі. Труну ад храма да самых могілак людзі несьлі на плячах.

Дарэмна пісьменьнікаў з Горадні і Менску па чарзе выклікалі ў райвыканкам і папярэджвалі, каб «никаких речей» тыя не прамаўлялі. На могілках выступілі Адам Мальдзіс і Ўладзімер Арлоў, які прачытаў верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны на сьмерць паэткі.

Дарэмна ў Зэльву панаехала «службоўцаў у цывільным» з Ваўкавыску і Горадні, якія мусілі кантраляваць сытуацыю. Наўрад ці нехта зь іх здабыў чарговую зорку на пагоны за тое сапраўды народнае пахаваньне.

«Дома сьвечкі даўно пагашаны, / і магілкі пад сьнегам сьпяць. / Дык няўжо і мяне, няшчасную, / пад канвоем будуць хаваць?» — пыталася Ларыса Геніюш у адным з апошніх сваіх вершаў. Спасьцярога паэткі ня спраўдзілася. Хавалі яе пад аховай любові ў атмасфэры шчырага чалавечага смутку.

Калі я гляджу на здымкі з таго пахаваньня, мне міжволі хочацца параўнаць разьвітаньне з Ларысай Геніюш з праводзінамі ў апошні шлях Васіля Быкава. І 10 красавіка 1983 году ў Зэльве, і 25 чэрвеня 2003 году ў Менску, за труной ішоў Народ, дзеля якога гэтыя творцы жылі і пісалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?