Інтэрнэт-сайты органаў дзяржаўнага кіраваньня Рэспублікі Беларусі мусяць быць арыентаваныя на рашэньне актуальных задач сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, культурнага, інфармацыйнага разьвіцьця грамадзтва. Гэта напісана ў рэкамэндацыях па стварэньні, інфармацыйным і тэхналагічным суправаджэньні інтэрнэт-сайтаў органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі, распрацаваных Беларускім тэлеграфным агенцтвам.

Але ў той жа час шмат якія інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў пасьля свайго стварэньня перасталі разьвівацца і маюць “гарачыя навіны” датаваныя 2005 годам. “Ежедневник” склаў невялікі рэйтынг сайтаў, якія не працуюць, альбо працуюць дрэнна.

Апошні радок у гэтым рэйтынгу займае рэсурс Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Разьдзелу “Навіны”, як і багацёх іншых, на ім няма. Калі верыць гэтаму сайту, то галоўным камунальнікам краіны дагэтуль ёсьць Аляксандар Мількота. Дый сам сайт знойдзе далёка ня кожны пашуковік, бо ўэб-прадстаўніцтва Мінжылкамунгасу ўваходзіць у структуру загадкавага “парталу сацыяльна-эканамічнай інфармацыі”, які “знаходзіцца на рэканструкцыі. Калі завершыцца рэканструкцыя, невядома.

7-е месца варта аддаць сайту Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, галоўнай навіной якога зьяўляецца паведамленьне пра пастанову Саўміну ад 31 жніўня гэтага году.

На 6-й пазыцыі можна паставіць сайт Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Апошняя яго навіна датуецца 30 жніўня 2006 году і месьціць тлумачэньні некаторых палажэньняў указу прэзыдэнта ад 4 жніўня 2006 году.

5-ы радок варта аддаць рэсурсу Міністэрства транспарту і камунікацый. Яго “гарачая навіна” датаваная 13 чэрвеня і расказвае пра ўказ прэзыдэнта, які быў падпісаны ў траўні.

4-е месца па праве займае Дэпартамэнт па авіяцыі. Нягледзячы на мінулую юрыдычную трансфармацыю, на сайце па-ранейшаму расказваецца пра дзейнасьць Дзяржаўнага камітэту па авіяцыі, а апошняя яго навіна датаваная 27 красавіка.

3-я пазыцыя ў рэйтынгу – у сайта Цэнтрвыбаркаму, які вяртае нас у часы апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Яго галоўная навіна (па зьвестках на 9 кастрычніка) – пастанова “наконт скаргі Казуліна А.В. пра прызнаньне выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі”. Пра тое, што неўзабаве новыя выбары ў мясцовыя Саветы і дзе зараз знаходзіцца Казулін, на сайце ні слова.

2-е месца аддамо рэсурсу Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Яго апошняе інфармацыйнае паведамленьне расказвае пра пастанову Саўміну ад 9 сьнежня 2005 году. Магчыма, на думку адміністратара сайту, з таго часу ніякіх значных падзей не адбылося, а магчыма, адміністратара там проста не існуе, хаця “навіны сайту” ўсё такі абнаўляюцца – апошняе паведамленьне датаванае 10 ліпеня 2006 году.

Ну а лідэрам стаў сайт Міністэрства энэргетыкі. На галоўнай старонцы разьмешчанае палажэньне пра Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусі, датаванае 2001 годам. Апошняя навіна – 20 сьнежня 2005 году.

Да ведама

У Беларусі яшчэ ў сёлета ў лютым было зацьверджанае палажэньне пра суправаджэньне інтэрнэт-сайтаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду.

Адпаведнае рашэньне ёсьць у пастанове Савету Міністраў №192. Палажэньнем вызначаюцца структура і парадак разьмяшчэньня інфармацыі на інтэрнэт-сайтах рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама абавязкі, парадак узаемадзеяньня і адказнасьць асобаў, якія ажыцьцяўляюць суправаджэньне сайту, і асобаў, якія даюць інфармацыю для разьмяшчэньня на сайце.

Усталявана, што кіраўнік рэспубліканскага органу дзяржкіраваньня вызначае: склад і структуру сайту; працаўніка, адказнага за перадачу інфармацыі адміністратару; працаўнікоў структурных падразьдзяленьняў рэспубліканскага органу дзяржкіраваньня, адказных за падрыхтоўку і перадачу інфармацыі; пералік, парадак і тэрміны перадачы інфармацыі структурнымі падразьдзяленьнямі рэспубліканскага органу для інфармацыйнага напаўненьня сайту.

Фота pupkin.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?