Руйнаваць – не будаваць: у Горадні разбурылі старое пажарнае дэпо ў гістарычным цэнтры гораду побач з двума каралеўскімі замкамі. Абяцаюць узьвесьці новую камяніцу, толькі веры ў гэта мала.

Месца на рагу вуліц Давыда Гарадзенскага і Старазамкавай, дзе стаіць пажарная каланча з пачатку ХХ стагодзьдзя, вельмі багатае на культурны слой. І ня дзіва: тут быў цэнтар жыцьця старажытнага гораду прыблізна з ХІІІ стагодзьдзя. Таму хуткія дзеяньні пажарных спачатку зьбянтэжылі аматараў архітэктурнай спадчыны – яны не пасьпелі там анічога зрабіць. Праўда, зруйнаваўшы сьцены дэпо, пажарныя самі запрасілі археолягаў, бо рабочыя ўбачылі ў зямлі шкілеты.

На гэтым месцы ў ХVІІІ знаходзіліся каралеўскія стайні, гэтак званы трохпавярховы «дом пры стайнях» захаваўся, да яго акурат прыбудаваная каланча. Паводле гісторыка Ігара Трусава, на гэтым жа месцы сваім часам быў і кляштар, за плотам якога хавалі манахаў. Гісторык лічыць, што дэпо пабудавалі пасьля апошняй вайны, таму ў прынцыпе гэта не архітэктурная каштоўнасьць. Хаця, трэба сказаць, будынак адпавядаў камяніцам, што стаяць побач, і прыблізна шэсьцьдзесят гадоў фармаваў аблічча вуліцы.

Дарэчы, гарадзенскія пажарныя патлумачылі прэсе: дэпо, маўляў, у лядашчым стане, таму яго зруйнавалі. Затое, сказалі яны, тут пабудуюць новую камяніцу, дзе зробяць свой музэй.

У сувязі з гэтым успамінаецца нядаўні прыклад зь Вялікай Бераставіцы. Месяц таму там адзначылі 500-годзьдзе і вырашылі адкрыць музэй, дарэчы, у пажарным дэпо 1932 году. Такіх старых камяніц у мястэчку амаль не засталося. Яна ў досыць хісткім стане, таму вымагала капітальнага рамонту. Але абласныя ўлады сказалі: таньней разбурыць і пабудаваць новую. Так і зрабілі. Да юбілею пасьпелі пабудаваць сьцены, ды так пасьля гэтага больш нічога і не зрабілі. Як кажуць звычайныя людзі: ламаць не будаваць…

Глядзі яшчэ:

Пахаванні з чалавечымі парэшткамі - пад пажарным дэпо

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?