Святкаванне Дня горада ў Мінску 11–12 верасня пройдзе прыкладна на 60 пляцоўках. Аб гэтым паведаміла выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава на прэс-канферэнцыі 31 жніўня.

Святочныя мерапрыемствы пачнуцца 10 верасня ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры ўрачыстай цырымонія ўручэння ўзнагарод «Лепшы па прафесіі» па выніках конкурсу «Мінскі майстар».

11 верасня, у суботу, у 11.00 адбудзецца ўскладанне кветак да абеліска «Мінск — горад-герой». Выстава-кірмаш тавараў сталічных прадпрыемстваў пройдзе ў суботу і нядзелю на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. Там жа з 12.00 да 17.00 будзе арганізавана святочная канцэртная праграма «Мой родны Мінск — мой лёс, мая надзея!», якая завершыцца выступленнем Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

У гэты ж дзень на тэрыторыі Верхняга горада каля ратушы пройдзе свята «Мінск тэатральны» — урыўкі са спектакляў пакажуць артысты сталічных тэатраў. На вуліцы Рэвалюцыйная будзе арганізавана свята «Мінскі дворык», у праграме якога — касцюміраваны тэатралізаваны паказ, канцэртная праграма, фотавыстава, выстава карцін маладых мастакоў і студэнтаў творчых ВНУ.

Каля Палаца спорту 11 верасня запланавана свята спорту і мастацтва. У яго рамках пройдуць выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці «Кірмаш рамёстваў», свята мёду, прэзентацыя сацыяльнага таксі.

На пляцоўцы каля Палаца культуры чыгуначнікаў з 12.00 да 16.00 запланавана маладзёжная праграма з выступленнем каманд КВЗ, творчай моладзі горада.

Увечары 11 верасня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета будуць уручаны ўзнагароды «Мінчанін года», адбудзецца святочны канцэрт.

Кульмінацыяй святочнага дня стане феерверк каля абеліска «Мінск — горад-герой» у 22.00, сказала Рудзікава. Паведамляць падрабязнасці яна не стала, адзначыла толькі, што «гэта будзе сюрпрызам для гледачоў».

Увечары 12 верасня каля тэатра оперы і балета пройдзе канцэрт класічнай музыкі. Будзе адкрыта новая пляцоўка — каля комплексу «Мінск-Арэна» на праспекце Пераможцаў, на якой адбудзецца маладзёжная акцыя «Любімы горад, з днём нараджэння» з удзелам калектываў і выканаўцаў розных танцавальных кірункаў і музычных стыляў, цыркавых артыстаў.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Уладзімір Станілевіч, традыцыйна ў месцах масавых мерапрыемстваў будуць устаноўленыя агароджы і КПП з металашукальнікамі. Будзе ўзмоцнены кантроль дарожнага руху.

«Міліцыя будзе ўлічваць і ўмовы надвор’я і праводзіць адпаведныя меры бяспекі», — сказаў прадстаўнік ГУУС.

Паводле яго слоў, Мінгарвыканкам пакуль не прыняў рашэнне наконт умоў продажу спіртных напояў і піва ў месцах масавых мерапрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?