01.09.2010 / 11:32

Я таксама бачыў Барыса Беразоўскага 2

Спачатку падумаў, што калі б я загадзя ведаў, што перад расейскай амбасадай будзе Беразоўскі, я бы сумняваўся, ці ісьці туды.

У працяг тэмы пра лёнданскую вулічную палітыку, цяпер з расейскім акцэнтам.

Знаёмцы ў Расеі часьцяком жартаўліва пытаюцца пры сустрэчы, «ну як там Раман Абрамовіч у Лёндане?» Як там Абрамовіч ня ведаю, але як іншы расейскі былы алігарх — давялося сёньня пабачыць на пікеце ў падтрымку свабоды сходаў у Расеі, што сабраў некалькі дзясяткаў расейскіх маладзёнаў і інтэлігентаў-разначынцаў насупраць амбасады РФ.

Барыс Беразоўскі і ягоны мачо-ахоўца

Яўгені Чычваркін

Уладзімір Букоўскі

Уладзімір Букоўскі і калега з UKIP

Пастарэлы і пасівелы Платон Еленін у атачэньні камічнага выгляду ахоўцаў зь лютымі тварамі і ў чорных акулярах трымаў плякат «Я тебя породил, я тебя и уйму» — маўляў, я цябе, Уладзімеру Пуціне, спарадзіў, я цябе і ўтаймую. Пастаяўшы паўгадзіны пад бліцамі фотаапаратаў, чые фотаздымкі праз пару гадзін пястрэлі па расейскім ЖЖ, былы алігарх зьехаў у невядомым кірунку.

Спачатку падумаў, што на месцы згаданых студэнтаў і разначынцаў, калі б я загадзя ведаў, што перад расейскай амбасадай будзе Беразоўскі, я бы сумняваўся, ці ісьці туды. Але потым узгадаў, што ў Маскве прыстойныя людзі не пераймаюцца выходзіць на мітынгі побач зь лімонаўцамі, і супакоіўся. Дэмакратыя ж. Абы мэта адна.

Акрамя таго ў першы раз пабачыў знакамітага скандаліста-прадпрымальнікаЯўгенія Чычваркіна, які хаваецца ў Брытаніі ад перасьледу. Высокі мужны і нейкі таксама немалады ўжо барадаты Чычваркін нагадаў тварам хутчэй расейскага купца 19 стагодзьдзя — каб не адметная чычваркінская жоўтая цішотка з двохсэнсоўным малюнкам і рознакаляровы спартова-тынэйджэрскі гадзіньнік на руцэ.

Нарэшце, бліжэй да канца пікета падыйшоў дысыдэнт Уладзімір Букоўскі разам з адным зь лідараў UKIP, «Брытанскай незалежніцкай партыі», чыім актыўным прыхільнікам ёсьць сам Букоўскі.

Абыйшлося без АМАПа і нават без правакацый з боку прокрамлёўскай моладзі. Нават неяк нязвыкла.

Алесь Чайчыц

0
Пятро Касьнерык / Адказаць
01.09.2010 / 20:52
Чым БЫ дзіця ен цешылася...
0
Алесь Чайчыц / Адказаць
02.09.2010 / 13:48
Пытаньне ў тым, ці ня мае Беразоўскі на мэце сьвядома нашкодзіць іміджу дэмакратаў, як той-сёй мяркуе
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру