З 1 верасня ўступілі ў сілу папраўкі ў правілах школьнай арфаграфіі і пунктуацыі. Зменаў нямала, але яны ахопліваюць малую частку лексічнага запасу.

Аканне на канцы запазычанняў

Пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў: трыа, Ватэрлоа.

Яканне ў лічэбніках

Паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць дзявяты, васямнаццаць.

Ў у запазычаннях

У большасці іншамоўных слоў ужываецца «ў»: ва ўніверсітэце, для ўніята, але: траур.

Абрэвіятуры

Скарочаныя часткі абрэвіятур пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: галоўурач (галоўны), інтэрпал (інтэрнацыянальная паліцыя), лінкар (лінейны карабель).

Спрэчны прэзідэнт

Вялікае абмеркаванне выклікала напісанне слова «прэзідэнт». Згодна з новымі правіламі з вялікай літары трэба пісаць словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы на вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, а з малой літары: візіт прэзідэнта, выступленне старшыні; але: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўная прэса ўжо некалькі гадоў кіруецца такім правілам.

Ё

З 1 верасня таксама дазваляецца пісаць Нью-Ёрк (замест Нью-Йорк), ёгурт (йогурт), акліматызаваць (аклімацізіраваць).

Што з класічным правапісам?

Што ж стане з класічным правапісам, які піша «сьнег», «газэта»?

Дырэктар Інстытуту мовазнаўства Аляксандр Лукашанец адзначыў, што да тарашкевіцы трэба ставіцца з павагай і «абсалютна нармальна, калі будуць з’яўляцца факсімільныя выданні, перавыданні твораў беларускіх пісьменнікаў і навуковыя творы, напісаныя гэтым правапісам». Але цяпер афіцыйна зарэгістраваныя беларускамоўныя выданні павінны перайсці на новыя правілы.

Да новаўвядзення Мінадукацыі пачало рыхтавацца яшчэ ў 2008 годзе. Тады асобным выданнем з’явіліся новыя «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Згодна з новымі правіламі выйшлі «Беларускі арфаграфічны слоўнік» і «Сучасны руска-беларускі слоўнік для школьнікаў». А вось перавыданне беларускамоўных падручнікаў яшчэ не завяршылі. Зрабіць гэта мяркуюць у бліжэйшыя два-тры гады. Настаўніца беларускай мовы Зоя сказала, што ў іх школе яшчэ няма кніг па літаратуры для 8 класаў і па мове для 9 класаў.

«Таксама мы павінны на ўроках тлумачыць змены. У пачатку кожнага ўрока трэба праводзіць «Арфаграфічную хвілінку». І ў кожным кабінеце мусяць вісець стэнды з рубрыкай «Пішам правільна». Ці прывядуць змены да таго, што школьнікі пачнуць рабіць менш памылак? Зоя не ўпэўненая. «А ці абгрунтаваныя былі тыя змены ўвогуле, пабачым за 2–3 гады».

Мінадукацыяй прадугледжаны пераходны перыяд для ўвядзення новай рэдакцыі правіл у школьнае навучанне. Гэты тэрмін складае тры гады. Пакуль пры ацэнцы ведаў школьнікаў не будуць улічвацца выпадкі, звязаныя са зменамі. На працягу ўсяго перыяду і ў заданнях цэнтралізаванага тэставання не будуць выкарыстоўваць новаўвядзенні.

***

«ARCHE» пераходзіць не збіраецца

Часопіс «ARCHE» — адзінае такое выданне, што выкарыстоўвае класічны правапіс. Рэдактар Валер Булгакаў кажа, што на новыя правілы «ад 1 верасня пераходзіць не збіраецца. Пяройдзем толькі тады, калі лукашэнкаўская дзяржава пачне караць за класічны правапіс і паставіць пытанне аб дэлегалізацыі часопіса. Мы ўспрымаем гэты закон як форму палітычнага ціску. Ён найперш нацэлены супраць незалежных СМІ і выдавецтваў».

Выдавецтва Ігара Логвінава — найбуйнейшае па выпуску кніг класічным правапісам. «Тыя кнігі, што ў планах, — будзем выдаваць, а пра наступныя будзем думаць», — адзначае Ігар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?