Выглядае, што новымі абвінавачваньнямі Паўла спрабуюць вымусіць «прызнацца» ў тэрарызьме.

Незарэгістраванаму праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што, акрамя выбухаў у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 г., жодзінскаму актывісту Паўлу Красоўскаму інкрымінуюць яшчэ два крымінальныя эпізоды за 1999 г. згодна з арт.139 ч.2, пункты 7, 8, 16 («забойства, спалучанае са згвалтаваньнем ці гвалтоўнымі дзеяньнямі сэксуальнага характару; з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго зьдзяйсьненьне; учыненае асобай, якая раней учыніла забойства»). Санкцыяй у дадзеным артыкуле прадугледжваецца пажыцьцёвае зьняволеньне ці сьмяротнае пакараньне. Допыт Красоўскага працягваецца.

Усё выглядае так, нібы новымі абвінавачваньнямі Паўла спрабуюць зламіць і вымусіць «прызнацца» ў тэрарызьме.

Арышт Паўла Красоўскага выглядае прадвесьнікам новых мэтадаў перасьледу актывістаў беларускай апазыцыі. Калі раней асуджалі да зьняволеньня паводле «палітычных» артыкулах, такіх, як маляваньне «графіці» на сьценках ці арганізацыя масавых беспарадкаў, дык Красоўскага зьвінавацілі па звычайнай «крыміналцы». Абвінавачваньні супраць Красоўскага (тэрарызм у 2005 г., у часе, калі Красоўскі быў за межамі краіны, і забойствы, нібыта зьдзейсьненыя ў 1999 г., калі Красоўскаму было 16 гадоў) выклікаюць жах. Кожны можа паставіць сябе на месца Паўла, ягонай маці або нявесты.

Між тым у Салігорску ўжо распачатая крымінальная справа супраць моладзевага актывіста Івана Шылы па падозраньні... у крадзяжы.

Пры гэтым на памяць прыходзяць найгоршыя мэтады правакацый і дыскрэдытацыі, якія ўжывалі спэцслужбы дыктатарскіх рэжымаў мінулых часоў, каб запалохаць пратэставыя слаі насельніцтва і перадусім моладзь.

Абвінавачваньні супраць маладафронтаўцаў Севярынца, Фінькевіча, Дашкевіча і асабліва Красоўскага вымагаюць неадкладнай і салідарнай рэакцыі беларускага незалежнага грамадзтва і сусьветнай супольнасьці. Гэта якраз той выпадак, калі правяраецца сьпеласьць нацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?