У інтэрнэце зьявілася заява, у якой адказнасьць за здарэньне ля расейскай амбасады ў Менску бяруць на сябе анархісты, якія называюць сябе чальцамі суполкі «Сябры Свабоды».

«Гэтай акцыяй мы выказваем гнеў і пратэст супраць арыштаў і рэпрэсій у дачыненьні да сацыяльных актывістаў, якія паўсталі на абарону Хімкінскага лесу ў Маскве», — гаворыцца ў заяве.

«Сьмешна чытаць водгукі і развагі пра акцыю на інтэрнэт-форумах. Нам аднолькава брыдкія ўсе мафіёзны кляны пад назвамі „кіраўнікі РБ“ і „кіраўнікі РФ“. Простым працоўным абедзьвюх краінаў ня сьвеціць нічога добрага ад гэтай палітычнай валтузьні за ўладу, ня варта прыпадабняцца да гэтых хлусьлівых палітыканаў», — гаворыцца ў заяве анархістаў.

Улады Масквы меліся будаваць трасу Масква — Санкт-Пецярбург празь лес у раёне падмаскоўнага гораду Хімкі. Супраць гэтага выступілі жыхары гораду, якіх падтрымалі розныя грамадзкія арганізацыі Расеі.

У жніўні прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў прыпыніць будаўніцтва дарогу, пакуль ня пройдуць грамадзкія абмеркаваньні гэтай тэмы.

Відэазварот суполкі «Сябры Свабоды».

1 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не выключае датычнасьці да здарэньня расейскага боку:

«Хутчэй за усё, ім, напэўна, быў патрэбны гэты інцыдэнт.
Каб паказаць: бачыце, які там Лукашэнка, які ледзь ня сам зладзіў гэты тэракт, як яны самі яго называюць. Падонкі і нягоднікі. Больш я нічога сказаць не магу».

Прадстаўнікі абмасады Расеі ў Менску ніяк не пракамэнтавалі словы кіраўніка Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?