Прэзыдэнты Расеі і Казахстану вырашылі адкласьці – усяго на месяц – заплянаваны на кастрычнік у Менску саміт СНД. Рашэньне Ўладзімера Пуціна і Нурсултана Назарбаева ўжо выклікала гнеў Аляксандра Лукашэнкі, незадавальненьне ўкраінскага МЗС – і гэта, верагодна, яшчэ не канец зьдзіўлена-абуранага рэагаваньня: пакуль што ў гісторыі СНД яшчэ не было выпадку, каб два прэзыдэнты так проста вырашалі за астатніх, што ім рабіць, так лёгка адважваліся на перакройваньне чужых графікаў. Але, зь іншага боку, Пуцін і Назарбаеў зрабілі абсалютна слушна.

Калі б саміт СНД адбыўся ў час, назіральнікі звыкла канстатавалі б, што арганізацыя не функцыянуе, і лідэрам краінаў, што ўваходзяць у яе, няма чаго сустракацца. А так – столькі галасу! Для таго, каб даказаць астатнім, што нябожчык хутчэй жывы, чымся мёртвы, трэба правалачы яго па дыпляматычных калідорах.

На постсавецкай прасторы, як гэта нярэдка здараецца, пакуль што не заўважылі, што сытуацыя вакол СНД зьмянілася. Яшчэ нядаўна арганізацыю называлі прэзыдэнцкім клюбам па зацікаўленасьцях і лічылі, што ўвесь сэнс – у зносінах кіраўнікоў дзяржаў. Зараз жа страцілі ўвесь сэнс менавіта гэтыя зносіны. У рамках СНД падпісаныя тысячы дакумэнтаў, сотні зь іх дзейнічаюць, аднак гаворка ідзе менавіта пра мэханізмы, прыдуманыя для таго, каб пасьля краху Савецкага Саюзу дах вялікага ґмаху не абрынуўся на галовы тых, хто застаўся жыць у розных кватэрах.

Падтрыманьне працаздольнасьці прыдуманых мэханізмаў – да таго моманту, калі запрацуюць новыя – задачы чыноўнікаў, а не прэзыдэнтаў. Прэзыдэнты якраз занятыя пошукам новых мэханізмаў – і іх намеры ды інтарэсы не заўжды супадаюць. Пра што будзе гаварыць на саміце СНД Уладзімер Пуцін зь Міхаілам Саакашвілі, і пытацца няма чаго. Але і з гаспадаром саміту Аляксандрам Лукашэнкам расейскага прэзыдэнта чакае нялёгкі дыялёг. Назваць бясхмарнымі перамовы зь Віктарам Юшчанкам, Уладзімерам Вароніным, Ільхамам Аліевым таксама нельга. Міжсобку прэзыдэнты таксама даўно разышліся ў меркаваньнях і магчымасьцях. І калі можна разьлічваць на ўзаемаразуменьне ў двухбаковым дыялёгу ці ў рамках нейкіх арганізацый, створаных на парэштках СНД, то шматбаковыя перамовы – чыстая дэкарацыя ўсё большага неразуменьня і раздражненьня.

Колісь прэзыдэнтам краін СНД было цікава сабрацца разам проста таму, што яны былі людзьмі аднаго кола, былымі членамі палітбюро, кадравымі партыйнымі работнікамі, якія гаварылі на адной палітычнай мове. Нават Аляксандар Лукашэнка, які кіраваў усяго саўгасам, а не ЦК рэспубліканскай кампартыі, глядзеўся парыяй у гэтым коле. Нават Леаніду Кучму, былому дырэктару заводу, давялося заваёўваць у ім аўтарытэт. Сёньня чужынцаў так шмат, што немагчыма зразумець, хто свой. Прэзыдэнтамі былых савецкіх рэспублік працуюць вельмі розныя людзі. А рэшта вэтэранаў адкрыта недалюбліваюць адно аднаго. Так, можа быць, лепш зусім не сустракацца такім тэрарыюмам?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?