Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» паэт Уладзімер Някляеў абвясьціў аб сваім намеры стаць кандыдатам на прэзыдэнта. Сваё рашэньне балятавацца ў прэзыдэнты Някляеў зрабіў у эфіры расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» паэт Уладзімер Някляеў такім чынам патлумачыў свае заявы ў эфіры радыёстанцыі Эхо Москвы: «Як трохі сьпяшаюцца рабіць у Менску мяне кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, так пасьпяшаліся і ў Маскве, дзе я сказаў, што я зьбіраюся вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта. А кандыдат на прэзыдэнта — гэта той чалавек, які ня проста заявіць, а зьбярэ 100 тысяч подпісаў, занясе іх у адпаведную інстанцыю, якой зьяўляецца Цэнтральная выбарчая камісія, там яго зарэгіструюць і дадуць яму адпаведны дакумэнт, па якім ён будзе кандыдатам на прэзыдэнта. Мы абвесьцім, што ад кампаніі «Гавары праўду!» вылучаецца ў кандыдаты на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімер Някляеў пасьля таго, як будзе сказана, што выбары гэтыя насамрэч адбудуцца».

Апрача Някляева пра свой удзел у выбарах заяўлялі яшчэ прынамсі восем чалавек: старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч, старшыня экалягічнай партыі «зялёных» Юры Глушакоў, намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Костусеў, лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч, намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў. Уладзімер Някляеў, такім чынам, ужо дзевяты, хто заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі такім чынам ацэньвае шанцы Ўладзімера Някляева:

«Сапраўды, абойма прэтэндэнтаў сёлета як ніколі вялікая. Аднак ня ўсе з гэтых прэтэндэнтаў маюць дастатковы патэнцыял.
Дык вось Някляеў — гэта адзін зь ліку некалькіх, якія могуць рэальна — бо маюць за сабой каманду, маюць структуру, маюць рэсурсы — сабраць па 100 тысяч подпісаў. Я думаю, што менавіта паміж Някляевым і яшчэ літаральна парай палітыкаў апазыцыйных будзе вырашацца пытаньне каардынацыі дзеяньняў. Магчыма пад пытаньнем вылучэньне адзінага, таму што, як вядома, расьцярушанасьці і супярэчлівасьці ў апазыцыі вельмі вялікія».

Кампанія «Гавары праўду!» ужо мае досьвед збору подпісаў: за вуліцы Быкава ў Менску і Горадні, а таксама за вылучэньне Ўладзімера Някляева дэлегатам на трэці Ўсебеларускі народны сход. Прычым, пры зборы подпісаў на гэты сход акрамя прозьвішча, імя і імя па бацьку пазначаліся пашпартныя дадзеныя і адрас

«Вось тут ужо сам працэс зьбіраньня подпісаў мы наблізілі да прэзыдэнцкіх, цалкам з тымі ж патрабаваньнямі, што будуць у прэзыдэнцкай кампаніі. І абсалютна ўклаліся ва ўсе тэрміны. Так што калі выбары будуць абвешчаныя сёньня, мы гатовыя да таго, каб гэтыя 100 тысяч подпісаў сабраць. Мы зьбяром, канечне, больш. Мільён мы зьбіраць, канечне, ня будзем, гэта насамрэч непатрэбна. Але неабходны запас, каб выключыць усялякія выпадковасьці мы, канечне, зробім», — кажа Някляеў.

У эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» Уладзімер Някляеў заявіў, што застаецца прыхільнікам ідэі вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?