На Усходніх могілках хаваюць Алега Бябеніна. Літвіна: «Праўду [пра смерць Бябеніна] даведаемся толькі пасля змены ўлады».
15.10
Грамадзянская паніхіда скончылася. Труну павезлі на Усходнія могілкі Мінска.
14.50
Грамадзянскую паніхіду наведалі прадстаўнікі руху «За Свабоду» — Аляксандр Мілінкевіч, Юрась Губарэвіч, Іна Кулей, Алесь Лагвінец. У размове з карэспандэнтам «НН» А.Мілінкевіч адзначыў, што быў асабіста знаёмы з Алегам Бябеніным. «Я добра яго ведаў, Алег валодаў выдатным пачуццем гумару, даваў усім энергію, дзяліўся ёй з іншымі людзьмі. Я не хачу каментаваць таго, што здарылася, пакуль няма афіцыйных вынікаў. Аднак адзначу, што варта задумацца, каму была выгаднай смерць Алега Бябеніна», — зазаначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Блізкі паплечнік Алега Бябеніна, Мікалай Халезін, нагадаў пра існаванне нестыковак ў справе гібелі журналіста. «Існуюць нестыкоўкі ў справе гібелі Алега. Іх шмат. Шмат пытанняў, на якія ўлады не даюць адказу. Чаму экспертыза зацягнецца на цэлы месяц, калі следства амаль адразу заявіла, што гэта было самагубства? Чаму ў пратаколах няма ні слова пра адмеціны на целе Алега, якія мы бачылі?
Чаму ён выбраўся на лецішча адзін, чаго ніколі раней у жыцці не рабіў? Чаму ў доме была ідэальная чысціня, проста стэрыльная?На гэтыя пытанні нам ніхто не адказвае», — адзначыў спадар Халезін.
Кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна таксама адзначае мноства нестыковак у справе гібелі Алега Бябеніна і не верыць у афіцыйную версію: «Справа Бябеніна — гэта працяг ланцужка з забойствамі Змітра Завадскага і Веранікі Чаркасавай. Аналогія гэтых спраў з трагедыйя, што здарылася з Алегам у тым, што мы дагэтуль не маем адказаў на пытанні. Пытанні, хто гэта зрабіў. Магчыма, праўду пра ўсе гэтыя трагедыі мы даведаемся толькі пасля змены ўлады ў краіне.
Мэта тых, хто гэта зрабіў — запалохаць незалежных журналістаў. Страх, страх і яшчэ раз страх. Аднак гэта не падзейнічае. Такія дзеянні толькі настройваюць на барацьбу. Мы будзем выконваць свае прафесійныя абавязкі, як выконвалі іх дагэтуль».
14.30
Развітацца з Алегам Бябеніным прыйшло некалькі соцен чалавек. Сярод іх музыка Аляксандр Куллінковіч, блогер Яўген Ліпковіч, маладыя палітыкі Артур Фінкевіч і Франак Вячорка, прадпрымальнікі Алесь Макаеў і Віктар Калей.
Святлана Калінкіна ў інтэрв’ю расійскім журналістам паўтарыла сваю версію аб з’яўленні ў атачэнні Лукашэнкі трэцяй сілы, якая жадае дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне. «Журналіст для гэтага быў абраны невыпадкова. Лукашэнка ніколі не хаваў, што незалежныя журналісты — яго найбольшыя ворагі», — адзначыла
14.20
На грамадзянскай паніхідзе таксама прысутнічаюць Аляксей Марачкін, Алесь Шатэрнік, Зміцер Падбярэзскі, Ірына Халіп, Мікалай Халезін, Алесь Бяляцкі, рэдактары незалежных выданняў.
Здымачная група расейскага тэлеканала РТР рыхтуе рэпартаж з грамадзянскай паніхіды, апытвае беларускіх журналістаў і грамадскіх дзеячаў. У руках у расійскіх журналістаў кветкі.
Колькасць людзей, што прыйшлі развітацца з Алегам Бябеніным, расце.
14.10
Ад пачатку на паніхідзе прысутнічае больш за сто чалавек — у асноўным калегі і сябры Алега Бябеніна. На паніхідзе таксама прысутнічаюць палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Віктар Івашкевіч, Лявон Баршчэўскі і інш.
Наведалі развітанне з кіраўніком сайта charter97.org і расійскія журналісты — у прыватнасці здымачныя групы каналаў НТВ, ОРТ і РТР.
За грамадзянскай паніхідай назіраюць супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС сталіцы і невядомыя ў цывільным.
* * *
Нагадаем, што цела Алега Бябеніна было знойдзена павешаным 3 верасня на яго дачы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак калегі журналіста паведамляюць, што смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават у даце наступлення смерці журналіста. Цела журналіста нават не вісела, а ўпіралася каленямі ў падлогу, кажуць сябры нябожчыка, якія наведалі хату разам з міліцыяй.
Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Ён быў поўны планаў. У журналіста засталіся жонка і двое сыноў. Ён быў адным з лідэраў каманды апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
Грамадзянская паніхіда па заснавальніку і кіраўніку сайта charter97.org прайшла сёння з 14 да 15 гадзін у Мінску ў зале рытуальных паслуг па адрасе: вуліца Альшэўскага, 12. Пахаванне адбудзецца на Усходніх могілках.