05.09.2010 / 13:29

Cправу супраць Францыі выйграла сям’я Юрыя Пчэльніка 3

«Еўрарадыё» высветліла прозвішча беларуса, які выйграў справу супраць Францыі ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

Прачытанне поўнай версіі вердыкту (ён даступны толькі на французскай мове) не пакідае сумневаў, што за ініцыяламі YP стаіць Юрый Пчэльнік. Суд пастанавіў, што Францыя не мае права дэпартаваць сям’ю Юрыя ў Беларусь, бо там ім пагражаюць рэпрэсіі, што супярэчыць 3 артыкулу Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека.

Юрый Пчэльнік з’яўляўся старшынёй магілёўскага аддзялення партыі КХП БНФ (а не Партыі БНФ, як паведамлялася раней), ён зведаў шматразовыя арышты, жорсткія збіцці і ціск з боку сілавых структур, што пацверджана ў судзе дакументацыяй праваабарончых арганізацый.

Выйгрыш беларуса ў Еўрапейскім судзе — надзвычай рэдкая падзея. Гэта чацвёрты выпадак перамогі беларусаў за апошнія два гады. Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, грамадзяне якой не могуць шукаць справядлівасці ў Еўрапейскім судзе і абароны ад прававога бязмежжа судовых і іншых дзяржаўных органаў Беларусі, бо наша краіна не ўваходзіць у Раду Еўропы і не падпісала Еўрапейскую канвенцыю правоў чалавека. Беларусы могуць судзіцца толькі з іншымі еўрапейскімі краінамі, якія падпісалі Канвенцыю (а гэта ўсе еўрапейскія краіны, акрамя Ватыкана і Косава).

0
Danik / Адказаць
05.09.2010 / 20:15
Гэтыя людзі - "ратаванцы", бо ратуюцца ад перасьледу за СПРАВУ.
0
Бурбулятар / Адказаць
05.09.2010 / 21:09
У гэтым выпадку - Ratatouille-цы
0
GM / Адказаць
06.09.2010 / 11:03
чаму Пчэльніка? Сама Наша Ніва ў 2001 годзе пісала пра затрыманьне ў Магілёве Юрыя Пчэльнікава http://www.lingvo.minsk.by/nn/2001/34/01.htm
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру