Зборная Беларусі правальна пачала адборачную кампанію да Эўра-2008. У трох матчах нашы гульцы змаглі ўзяць толькі адзін пункт, згуляўшы дома ўнічыю з альбанцамі і без варыянтаў саступіўшы ў гасьцёх яўным фаварытам групы галяндцам і румынам. Славенцы таксама пачалі не ахвоці, прайграўшы баўгарам і пераадолеўшы нямоглых люксэмбуржцаў.

На сёньняшні дзень абедзьве зборныя прыкладна аднаго ўзроўню. У сваёй гісторыі беларусы і славенцы сустракаліся двойчы і абодва разы была зафіксаваная нічыя 1:1. Беларусам, каб працягнуць барацьбу за пуцёўку ў Швайцарыю і Аўстрыю трэба было тэрмінова перамагаць футбалістаў з балканскай краіны. І нашы хлопцы да іхняга гонару справіліся з гэтай задачай.

На сямнаццатай хвіліне гульні лік адкрыў Дзяніс Коўба, які літаральна прапіхнуў мяч у сетку зь лічаных мэтраў ад варот, але не пасьпелі беларусы як сьлед адзначыць гол, як Бошцян Цэсар ударам галавой выраўноўвае лік. Беларусы відавочна саступалі ў барацьбе з супернікам на другім паверсе. На перадапошняй хвіліне першага тайму Клемен Лаўрыч таксама галавой выводзіць гасьцей наперад.

У перапынку Юры Пунтус, відаць, змог знайсьці патрэбныя словы для сваіх гульцоў. Яны выйшлі на другі тайм зараджаныя на барацьбу. Асабліва гэта было заўважна на прыкладзе Сяргея Карніленкі. Форвард днепрапятроўскага «Дняпра» цягам пятнаццаці хвілінаў аформіў дубль. Беларусь пачала выйграваць 3:2.

Апошнія хвіліны гульні былі падобныя да арэляў, калі перавага магла схіліцца ў любы бок. Славенцы трапілі ў штангу. А беларусы забілі. На 85 хвіліне ўдар Уладзімера Карыцькі са штрафнога быў трапны. 4:2 - такі вынік зафіксаваў сьвісток галоўнага судзьдзі матча. Беларусы сёлета атрымалі першую перамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?