Пэдафіл забівае пяць школьніц, захопленых ім у закладніцы ў амэрыканскай рэлігійнай грамадзе амішаў.

Вэнэсуэльскі лідэр Уга Чавэс з трыбуны ААН называе прэзыдэнта ЗША д’яблам і заяўляе, што пасьля ягонага перабываньня ў залі пленарных паседжаньняў «патыхае серкай».

Папа выказвае глыбокую павагу да ісламу ў прысутнасьці паслоў мусульманскіх краінаў сьвету падчас аўдыенцыі ў Ватыкане. Такім чынам галава рыма-каталіцкай царквы спрабуе ўлагодзіць канфлікт, выкліканы цытаваньнем у сваёй ранейшай лекцыі крытычнага выказваньня сярэднявечнага бізантыйскага імпэратара датычна прарока Мухамэда.

Бэрлінскі тэатар здымае ў апошні момант абвешчаную прэм’еру опэры. Прычына – у пастаноўцы ёсьць сцэна, дзе герой, паводле рэжысэрскай задумы, прамаўляе перад адсечанымі галовамі Хрыста, Буды і прарока Мухамэда.

Падобныя эпізоды БТ (але зразумела, ня толькі гэты канал) паказвае ў выпусках навінаў сярод першых сюжэтаў.

Два польскія шпіёны і ня толькі

Здавалася б, што нам, у Беларусі, мусульманскі Ўсход? Што нам папа, іранскія аятолы, войны шыітаў і сунітаў у Іраку, амэрыканскія амішы? Чаму так навязьліва прапануюць нам з экранаў тэлебачаньня сюжэты аб рэлійгійных і этнічных канфліктах? Задача тых, хто фармуе праграмы тэле- й радыёэтэру, думаецца, ня толькі ў тым, каб паказаць Беларусь «востравам стабільнасьці» ў сьвеце войнаў, тэрактаў і рэвалюцыяў.

Справа ў тым, што дзяржава, пабудаваная на прынцыпах герархіі, на аўтарытэце першай асобы замест аўтарытэту права й закону, ня зможа існаваць доўга, калі грамадзтва ня будзе ўвесь час мабілізаванае й згуртаванае вакол лідэра замежнай або ўнутранай пагрозай. Выглядае на мірнае жыцьцё – усялякія там «дажынкі», конкурсы прыгажосьці, аўтасалёны і г.д. Але ўнутрана, калі глядзець і чытаць дзяржаўныя СМІ, адчуваецца нейкая напятасьць, прадчуваньне хуткага канца сьвету, разам зь якім адыдуць у нябыт конкурсы з усімі прыгажунямі разам. І гэта ўжо ня толькі прадчуваньне…

Цяпер няма гаворкі пра якіх-небудзь польскіх ці грузінскіх шпіёнаў. (Хоць і яны, зразумела, прыдадуцца пры выпадку, як і «тэрарысты» з «Партнэрства» альбо «Маладога фронту».) Злучаныя Штаты, хоць і звыклы для беларускіх ідэолягаў аб’ект для стварэньня аблічча ворага, але ён ужо не такі дзейсны. Менавіта праз сваю звыкласьць. Акрамя таго, па вялікім рахунку, Беларусь ніколі не належала й не належыць да прыярытэтаў замежнай палітыкі Белага дому. А таксама і для Эўразьвязу. Не адтуль ідзе галоўная пагроза.

Куды больш зручныя аб’екты для маніпуляцыяў на пачуцьцях беларускіх гледачоў найбліжэйшыя суседзі – Украіна, Польшча, Латвія. Там хапае рознага роду канфліктаў, супярэчнасьцяў інтарэсаў паміж асобнымі групоўкамі, сацыяльнымі групамі і цэлымі клясамі, якія толькі нараджаюцца. Можна палохаць беларускіх грамадзянаў высокімі цэнамі, масавым беспрацоўем, абмежаваньнем правоў расейскамоўнага насельніцтва (самае страшнае, што толькі можа прысьніцца абываталю ў Беларусі), гомасэксуалізмам і рознай іншай экзотыкай. Але ж і суседнія краіны не надаюцца да ролі галоўнага ворага.

Скаваныя адной мовай

Апошнім часам пачала адбывацца свайго роду інфляцыя «страхаў». Ну, што зробіш: Беларусь – не Ўкраіна, не Прыбалтыка. Пакуль што частка насельніцтва ўспрымае іх як былую частку вялікага Савецкага Саюзу, але ўсё больш людзей лічаць існаваньне новых незалежных дзяржаваў звычайнай дадзенасьцю. Мы не яны, яны ня мы.

Але ж застаецца Расея. Расея, зь якой беларуская ўлада хоча, але ніяк ня можа разарваць стасункаў. Бо застаецца як бы яе целам, генэтычным спараджэньнем расейскай імпэрскай адміністрацыі зь яе традыцыямі, звычаямі, сыстэмай каштоўнасьцяў. Яны, беларускія й расейскія чыноўнікі, нават гавораць на адной мове – і ў літаральным сэнсе таксама. Гэтыя дачыненьні можна было б ахарактарызаваць як любоў – нянавісьць. На гэтых струнах – то любові, то нянавісьці – можна было час ад часу граць, у залежнасьці ад патрэбы дзяржавы.

Але ж у Беларусі вырасла ўжо цэлае пакаленьне, якое ня ведае, што такое імпэрская Расея, чым быў СССР, ня ведае, што сэрца чамусьці павінна трымцець ад словаў «Масква», «Крэмль», «Красная плошча». Новае пакаленьне яшчэ не адчула напоўніцу, што жыве ў незалежнай Беларусі, але яно дакладна ўжо не жыве ў СССР. Не жыве яно і ў Расеі ці нават разам зь ёй, хоць і глядзіць расейскія тэлеканалы ды слухае расейскую папсу.

Старое пакаленьне – пакаленьне вэтэранаў вайны – сыходзіць. Новае пакаленьне ўсё меней схільнае верыць казкам пра вяртаньне ў страчаны рай, то бок у Савецкі Саюз. Таксама яно ня верыць ужо й казкам пра Эўразьвяз, часткай якога, нібыта, можа некалі зрабіцца Беларусь.

Чым запоўніць той ідэалягічны вакуўм, у якім апынулася значная частка беларускага грамадзтва? Лягічна, здавалася б, не рабіць кампіляцыі з старых савецкіх падручнікаў пад выглядам дзяржаўнай ідэалёгіі, а вярнуцца да гістарычных каранёў, да роднай мовы, заняцца выхаваньнем сапраўднага патрыятызму на прыкладах айчыннай гісторыі. Але ж рост нацыянальнай самасьвядомасьці пагражае тым, што ў народзе можа прачнуцца пачуцьцё ўласнае годнасьці. А гэта сьмяротна небясьпечна для ўлады.

Крамлёўскі паралюш

Застаецца ўзрошчваць пачуцьцё нянавісьці, замяшанай на страху. Расея – вось, насамрэч, годны маштабу амбіцыяў кіраўніка Беларусі вораг. Прычым вораг рэальны, блізкі, не прыдуманы штатнымі прапагандыстамі… Дастаткова ўключыць тэлевізар, каб расейская ўлада паўстала з экранаў ва ўсёй сваёй прыгажосьці. Усе конкурсы прыгажунь, КВЗ і фільмы жахаў разам узятыя – нішто на тле расейскай палітыкі і палітыкаў.

Калі кіраўнік дзяржавы кажа, што Беларусь можа стаць для Расеі чымсьці горшым за Чачэнію, ён ня проста палохае Расею. Ён малюе адзін з мажлівых сцэнароў будучыні. Пасьля антыгрузінскай гістэрыі, якая пачалася на самым версе і хутка ахапіла, падобна чуме, усё расейскае грамадзтва, пасьля таго, як міліцыя пачала перасьлед грузінскіх бізнэсоўцаў і артыстаў, пасьля таго як грузінаў, улучна з малымі дзецьмі, пачалі высылаць грузавымі самалётамі, як быдла, у Тбілісі – пасьля ўсяго гэтага кожнаму нармальнаму чалавеку ясна, што ад Расеі можна чакаць усяго, што хочаце. Няма такога злачынства альбо такога ідыятызму – называйце, як хочаце, на які ня здольнае было б крамлёўскае кіраўніцтва. Галоўнае, каб гэты ідыятызм быў прыкрыты «нацыянальнымі інтарэсамі» альбо называўся «нацпраектам».

Ці напалоханы быў такімі неадэкватнымі паводзінамі Крамля афіцыйны Менск? Думаецца, ніколькі. Хутчэй, Крэмль выглядае напалоханым заявамі Лукашэнкі наконт магчымага разрыву стасункаў з Расеяй. Толькі паралюшам страху можна патлумачыць адсутнасьць якой-небудзь рэакцыі Масквы на фактычны ўльтыматум кіраўніка Беларусі: альбо газ па ранейшых цэнах, альбо разрыў. Больш за тое, складваецца ўражаньне, што абсурднымі санкцыямі супраць Грузіі Крэмль кампэнсуе сваю імпатэнтнасьць у замежнай палітыцы – у прыватнасьці, што да Беларусі, зь якой увогуле невядома, што рабіць.

Вядома, ні ў дачыненьнях з Грузіяй, ні ў дачыненьнях зь Беларусьсю расейская палітычная эліта дагэтуль не навучылася паводзіць сябе як з роўнымі сувэрэннымі партнэрамі. Сама думка аб тым, што «братняя Беларусь» усьлед за Ўкраінай можа адкалоцца ад Масквы, прыводзіць расейскіх палітыкаў амаль у панічны стан. Разрыў зь Беларусяй, адрозна ад разрыву з Грузіяй, азначаў бы для расейскай палітычнай эліты сапраўды «канец імпэрыі», поўную катастрофу.

Памылка рэзыдэнта

Тое, што Міхаіла Саакашвілі Крэмль крывадушна параўноўвае зь Берыям і Сталіным, а кіраўніку Беларусі загадзя даруе ўсе мінулыя і будучыя падтасоўкі на выбарах, арышты, разгоны дэманстрацыяў, закрыцьцё газэт, парушэньні правоў чалавека, гаворыць само за сябе. Масква гатовая пасварыцца з кім заўгодна, калі палічыць, што гэта адпавядае яе інтарэсам. Але з Лукашэнкам яна сварыцца ня можа. Ён сапраўды ёсьць апошняй надзеяй Крамля. Прынамсі, быў ёй да апошняга часу. Прызнаньне памылковай стаўкі на Лукашэнку стала б для Масквы прызнаньнем у поўным правале замежнай палітыкі былога рэзыдэнта КГБ Пуціна.

Якая выгада ад гэтага Лукашэнку? Калі б на ягоным месцы быў які-небудзь іншы палітык, можна было б меркаваць, што справа абмяжуецца шантажаваньнем «Газпрому» і скончыцца, урэшце, палюбоўным пагадненьнем бакоў. Але высновы некаторых палітолягаў аб тым, што бліжэйшыя два гады, пакуль у Расеі пройдуць парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, Лукашэнка будзе ціха адседжвацца ў Менску, выглядаюць пасьпешлівымі. Менавіта ў пэрыяд выбараў, які ў Расеі абяцае стаць пэрыядам палітычнай нестабільнасьці, Лукашэнка (ён гэта не аднойчы даводзіў раней) можа актывізаваць свае спробы заваяваць Маскву, дамагчыся вышэйшай улады на ўсёй постсавецкай прасторы. На меншае ён проста не пагодзіцца.

Ці ёсьць у яго шанец? Калі расейскія палітолягі скідваюць кіраўніка Беларусі з рахункаў, то яны зыходзяць са старой формулы: «гэтага ня можа быць, бо гэтага ня можа быць ніколі». Між тым, ніхто з тых палітолягаў, а таксама й палітыкаў ніколі не рабіў спробаў разгледзець гіпатэтычную магчымасьць прыходу Лукашэнкі да ўлады ў Расеі ўсур’ёз. Проста з-за таго, што ніхто зь іх ня ў стане разглядаць палітыкаў, якія не «тусуюцца» ў межах Садовага Кальца, як суб’ектаў, вартых іхнай пэрсанальнай увагі. Звычайная для расейскіх саноўнікаў і палітолягаў пыха не дазваляе ім бачыць нешта, што не ляжыць пад носам. Хаця гісторыя расейскай імпэрыі мае нямала прыкладаў, калі да ўлады ў Маскве прыходзілі самазванцы з замежжа ці правінцыялы – сярод іх, быў, напрыклад, адзін сэмінарыст з Грузіі…

Нестабільнасьць, рост узаемнай нянавісьці й ксэнафобіі ў сьвеце, злачыннасьць і карупцыя ў Расеі, пагроза новай вайны на Каўказе, а яшчэ лепей – пагроза глябальнай вайны (магчыма, атамнай) пад рэлігійнымі сьцягамі, з удзелам краінаў Азіі, Эўропы і ЗША – вось той грунт, на якім папулярнасьць Лукашэнкі ў Расеі можа расьці. Лёс самой Беларусі, бадай, у найменшай ступені займае яе кіраўніка. Інакш ён і ў думках ня стаў бы прадказваць сваёй краіне будучыні, у параўнаньні зь якой Чачэнія можа падацца «мяккім варыянтам».

Яшчэ некалькі гадоў таму сапраўды здавалася, што Беларусь – самая спакойная частка былога СССР. Цяпер, дзякуючы ў тым ліку намаганьням і памкненьням яе першага прэзыдэнта, магчымасьць вайны на эўразійскай прасторы з удзелам Беларусі ўжо не здаецца зусім прывіднай. Уключыце вашыя тэле- й радыёпрымачы. Аднойчы мы можам пачуць: «Ці хочаце вы татальнай мабілізацыі?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?