На зайздрасць былым адпускнікам у «аксамітавае лета» адпраўляюцца новыя шчасліўчыкі. Невыпадкова верасень-кастрычнік называюць менавіта так.
Мора яшчэ цёплае, сонейка пяшчотнае, шмат садавіны і гародніны. Карысць ад адпачынку ў гэты час відавочная. Аднак трэба ўлічваць, што вяртацца з райскіх мясцін давядзецца ў нашу восень — з дажджамі, вятрамі і холадам. Якія ж «за» і «супраць» адпачынку на моры ўвосень?
Як сцвярджаюць медыкі, поўдзень у гэтую пару рэкамендаваны большасці людзей.
Асабліва добра паправіць сваё здароўе тым, хто часта прастуджваецца і пастаянна хварэе на танзіліт, ангіну, бранхіт. Паездка ў цёплыя мясціны рэкамендавана і тым, у каго ёсць праблемы з органамі стрававання і скурай. Дыхаць марскім паветрам і купацца ў марской вадзе, у якой шмат брому і ёду, — гэта значыць ужо лячыць свой арганізм. Медыкі адзначаюць, што лячэбнага эфекту ад такіх працэдур хапае на цэлы год. Дадаць сюды садавіну і гародніну, якой на поўдні ў гэты час вельмі шмат. І есці яе трэба як мага болей.

У аксамітавы сезон ехаць на поўдзень добра і тым, хто абсалютна здаровы. Але і здаровым людзям варта перад падарожжам завітаць да ўрача. Людзям сталага ўзросту, калі яны актыўныя і ўрачы не супраць, таксама вельмі карысна з’ездзіць на поўдзень у аксамітавы сезон. Толькі неабходна ўзяць з сабой лекі, якія яны прымаюць пастаянна.

На жаль, інфаркты і інсульты апошнім часам значна «памаладзелі». Чалавек можа нядрэнна сябе адчуваць, і толькі кардыяграма выяўляе сур’ёзныя парушэнні ў рабоце сэрца.
Нярэдкія выпадкі, калі ішэмія адразу пасля пералёту на поўдзень прыводзіла да інфаркту. Таму людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі лепш адпачываць у тым клімаце, дзе яны жывуць. Не павінна быць рэзкіх перападаў атмасфернага ціску, тэмпературнага рэжыму, вільготнасці і г. д. Бо ўсё гэта адбіваецца на фізіялагічных параметрах.

Не варта рабіць аксамітавыя " падарожжы» тым, у каго цыроз печані, ацёкі канечнасцяў сардэчнага паходжання, туберкулёз у актыўнай форме і г.д. Спіс проціпаказанняў даволі шырокі. Вось чаму пры любых хранічных паталогіях абавязкова трэба параіцца з урачом, выбіраючы месца адпачынку. Пры вельмі многіх захворваннях спецыялісты рэкамендуюць адпачываць у Беларусі, не выязджаючы ў іншыя кліматычныя зоны.

Медыкі маюць і такую статыстыку: палова тых, хто адпачываў у верасні-кастрычніку ў паўднёвых мясцінах, пасля вяртання дадому захворваюць. Пераважна на танзіліты, ангіны, у многіх з’яўляюцца герпетычныя высыпанні на вуснах. А ў асабліва няўдачлівых пачынаецца пнеўманія. Каб гэтага не адбылося, трэба прытрымлівацца пэўных правілаў.

Такім чынам, як з найменшымі стратамі вярнуцца ў халодную восень?

— Абавязкова вазьміце з сабой цёплыя рэчы — як бы ні было цёпла падчас ад’езду з Беларусі, вяртаючыся з поўдня вы можаце пераахаладзіцца вельмі хутка. І самым горшым заканчэннем адпачынку можа стаць бальнічны.

— Пастарайцеся так спланаваць свой адпачынак, каб на наступны дзень пасля вяртання вам не трэба было ісці на працу. Арганізму патрабуецца час для адаптацыі, каб паступова ўвайсці ў звыклы рытм жыцця.

— Неабходна з першага ж дня пасля вяртання пачынаць піць вітаміны з мінеральнымі дабаўкамі і не кідаць гэта рабіць увесь наступны год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?