Калегія Эканамічнага суда СНД 7 верасня адхіліла хадайніцтва беларускага боку аб часовай адмене вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расіі ў Беларусь.

Падчас сённяшняга судовага разгляду Расія прапанавала Беларусі вырашыць спрэчку аб збіранні мытных пошлін на нафтапрадукты ў пазасудовым парадку. Суд задаволіў хадайніцтва расійскага боку.

У сваю чаргу беларускі бок заявіў пра гатоўнасць вырашыць спрэчку ў пазасудовым парадку, але з пэўнай умовай. У прыватнасці, была прапанавана часовая забарона на збіранне вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь. Аднак адпаведнае хадайніцтва суд адхіліў.

Наступнае пасяджэнне калегіі Эканамічнага суда СНД прызначана на 7 кастрычніка. Суд выказаў пажаданне, каб за гэты час бакі прыйшлі да міравога пагаднення.

Нагадаем, 24 чэрвеня Эканамічны суд СНД адхіліў заяўленае беларускім бокам хадайніцтва аб часовай забароне збірання Расіяй пошлін на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь, да вырашэння спрэчкі па сутнасці. Гаворка ідзе пра іск, з якім Мінюст звярнуўся ў Эканамічны суд 25 сакавіка. У ім беларускі бок просіць пацвердзіць факт парушэння Расіяй палажэнняў дзейных міжнародных дагавораў аб свабодным гандлі і Мытным саюзе ў межах ЕўрАзЭС. Беларускі бок таксама просіць суд рэкамендаваць Расіі адмяніць мытныя пошліны на нафтапрадукты, якія ўвозяцца ў Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?