Сябры і калегі журналіста Алега Бябеніна, які паводле афіцыйнай вэрсіі скончыў жыцьцё самагубствам, указваюць на дэталі, якія супярэчаць гэтай вэрсіі.

Пракуратура Менскай вобласьці працягвае праверку абставінаў сьмерці Алега Бябеніна, цела якога знайшлі ў пятлі на ягоным лецішчы 3-га верасьня. У пракуратуры ўжо агучылі вэрсію пра самагубства, але запэўніваюць, што гэта не канчатковая выснова.

«Мы не казалі, што ўжо канчатковая кропка пастаўленая. Усё яшчэ правяраецца. І самагубства, і іншыя вэрсіі. Калі самагубства, то прычыны і матывы. Будзем інфармаваць пра вынікі», — сказала «Свабодзе» прэсавы сакратар абласной пракуратуры Тацяна Калініна.

Каардынатар «Хартыі-97» Зьміцер Бандарэнка шмат гадоў працаваў у адным пакоі з Алегам Бябеніным, даўно зь ім сябраваў. Увечары 3 верасьня Зьміцер Банадарэнка быў сярод людзей, якія прыехалі ў вёску Пярхурава на лецішча Бябеніна, калі стала вядома пра ягоную сьмерць. Зараз Зьмітра Бандарэнку зьдзіўляе, што

сьледчая група не здымала ў доме адбіткаў пальцаў, дом застаўся неапячатаны, як і аўтамабіль, на якім, магчыма, прыехаў журналіст, ці яго прывезьлі.
Яшчэ больш пытаньняў у спадара Бандарэнкі і ягоных сяброў узьнікла пасьля агляду цела нябожчыка.
«Усе зафіксавалі, што калі цела Алега стаяла ў пятлі, то правы галенастоп быў ці зламаны, ці моцна вывіхнуты. Калі задалі пытаньне намесьніку пракурора, той сказаў, што Алег хутчэй за ўсё, калі скокнуў з зэдліка, то і пашкодзіў нагу.
Яшчэ намесьнік пракурора дадаў, што тады ў яго хутчэй за ўсё будуць пашкоджаньні шыйных пазванкоў. Я бачыў цела і пасьля анатаміраваньня і зьвярнуў увагу экспэртаў, што правы галенастоп відавочна пашкоджаны больш, чым левы. Экспэрт сказаў: не, гэта ён проста больш стаяў на гэтай назе, і гэта ад трупнага здранцьвеньня. А гэта той самы экспэрт, які рабіў анатаміраваньне і зрабіў выснову, што жыцьцё Алега скончылася 2 верасьня. Але калі мы былі на месцы здарэньня, то і міліцыянт, і намесьнік пракурора казалі, што глядзіце, ён яшчэ цёплы, сьмерць наступіла нядаўна. І ён сапраўды быў мяккі, не было гэтага трупнага здранцьвеньня».
Паводле Зьмітра Банадрэнкі, няпраўда, што на целе Алега Бябеніна не было незвычайных сьлядоў, якія можна лічыць вынікам зьнешняга ўзьдзеяньня. Спадар Бандарэнка кажа пра парэз на пальцы і падзёртую скуру на костках левага кулака, таксама на драпіны ў раёне грудзей. На сьпіне нябожчыка былі заўважаны крывяныя падцёкі ў вобласьці левай ныркі і на шыі.
Зьміцер Бандарэнка згадвае, што ня раз мыўся з Бябеніным у лазьні і ня памятае на ягоным целе такіх сьлядоў: «Гэтыя сьляды ў пратаколе агляду зафіксавалі і яшчэ запэўнілі мяне, што цела зь некалькіх ракурсаў сфатаграфавалі і ўсё будуць правяраць», — паведаміў Зьміцер Бандарэнка, які па-ранейшаму ня верыць ў тое, што ягоны сябар мог сам пайсьці з жыцьця.

Шэраг прадстаўнікоў уплывовых міжнародных арганізацый заклікалі беларускія ўлады правесьці «ўсебаковае, у поўным аб’ёме і празрыстае» расьсьледаваньне сьмерці Алега Бябеніна. Сярод іх дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Сініка Хурскайнэн: «ПАРЭ будзе пільна сачыць за вынікамі расьсьледаваньня, як і за ходам падзей перад прэзыдэнцкімі выбарамі, асабліва што тычыцца свабоды прэсы і палітычных свабодаў грамадзян Беларусі», — заявіла прадстаўніца ПАРЭ.

Беларуская асацыяцыя журналістаў у сувязі са сьмерцю Алега Бябеніна накіравала адмысловыя лісты генэральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу і міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову. Не раскрытыя шмат якія гучныя зьнікненьні і сьмерці журналістаў, кажа Андрэй Аляксандраў з БАЖу. «Гэта тычыцца і зьнікненьня Зьмітра Завадзкага 10 гадоў таму, і забойства Веранікі Чаркасавай у 2004 годзе. Дагэтуль мы ня ведаем дакладна, што адбылося з нашымі калегамі, ня ведаем, хто гэта зрабіў, і хто замовіў злачынствы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0