Беларускія НПЗ пераведзеныя на так званы аптымальны рэжым працы. Ён прадугледжвае, што аб’ём перапрацоўкі нафты ў гэтым годзе істотна скароціцца. Адпаведна, скароціцца і імпарт вуглевадароднай сыравіны. Хаця першапачаткова на палітычным узроўні ставіліся іншыя задачы. Аднак беларускія ўлады вырашылі ў дадзеным выпадку паставіць эканоміку вышэй за палітыку.

У 2009 Расія паставіла ў Беларусь 21,5 млн тонаў нафты на 7,06 млрд даляраў. Паліўна-энергетычны баланс саюзнай дзяржавы на 2010, які быў зацверджаны ў сакавіку гэтага года прэм’ер-міністрамі Беларусі і Расіі, прадугледжвае, што аб’ём імпарту расійскай нафты ў Беларусь захаваецца на ўзроўні мінулага года. Гэта значыць, складзе 21,5 млн тонаў.

Аднак беларускі ўрад, пралічыўшы эканоміку паставак расійскай нафты, вырашыў інакш. Канцэрн «Белнафтахім» паведамляе, што нафтаперапрацоўчыя заводы пераведзеныя на аптымальны рэжым працы, які прадугледжвае змяншэнне аб’ёму перапрацоўкі нафты.

Калі ў мінулым годзе беларускія НПЗ штомесяц перапрацоўвалі амаль 2 млн тон нафты (з улікам сыравіны, здабытай у Беларусі), то на ўвесь 2010 арыенцір для наваполацкага «Нафтана» — 7,8 млн. тон, для «Мазырскага НПЗ» — 8 млн тон. У канцэрне «Белнафтахім» тлумачаць змяншэнне аб’ёмаў перапрацоўкі «змененымі ўмовамі паставак нафты з Расіі».

У 2009 штомесячныя пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь складалі ў сярэднім 1,8 млн тон. У гэтым годзе яны істотна знізіліся. За студзень-жнівень 2010 Беларусь імпартавала 8,36 млн тон нафты, у тым ліку ў жніўні аб’ём паставак склаў крыху больш за 900 тыс. тон. Зніжэнне аб’ёму імпарту расійскай нафты тлумачыцца той акалічнасцю, што праца з мытнай расійскай нафтай нерэнтабельная для беларускіх НПЗ, таму перапрацоўваюць яны яе, толькі змешваючы з бязмытнай. Расія паставіць Беларусі ў 2010 6,3 млн тон бязмытнай нафты, усю нафту звыш гэтага аб’ёму — з поўнай выплатай мытаў. Памер мытаў складае цяпер 273,5 даляра за тону.

Расійская нафта для Мінска сёння занадта дарагая. Настолькі дарагая, што беларускія нафтаперапрацоўшчыкі, па дадзеных «Беларускіх навінаў», аддаюць перавагу для загрузкі сваіх магутнасцяў імпартаванню альтэрнатыўнай нафтавай сыравіны (вакуумны газойль, пячное паліва), а не закуплянню расійскай нафты з мытамі.

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы на мінулым тыдні Мазырскі НПЗ, заявіў, што дзякуючы намаганням нафтаперапрацоўшчыкаў беларускім НПЗ ўдалося выстаяць, нягледзячы на расійскія мыты на нафту. «Мы выкараскаемся з той сітуацыі, у якую нас паставіла Расія ў пачатку гэтага года», — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Каб выкараскацца, беларускім НПЗ давялося рабіць «мікс» з мытнай і бязмытнай расійскай нафты, закупляць замест расійскай венесуэльскую нафту. Нарэшце, як адзначана вышэй, загружаць магутнасці за кошт альтэрнатыўнай нафтавай сыравіны.

«Ніякага калапсу ў нафтаперапрацоўцы сапраўды не адбылося, — згаджаецца эканаміст Сяргей Чалы з высновамі беларускіх уладаў. — У першым паўгоддзі аб’ём перапрацоўкі нафты знізіўся на 50%, але пры гэтым экспарт нафтапрадуктаў — толькі на 25%. Так што да непапраўнай шкоды, на якую, імаверна, былі скіраваныя намаганні Масквы, дзеянне нафтавых мытаў не прывяло».

У найбліжэйшы час беларускія ўлады пастараюцца максімальна зменшыць залежнасць ад расійскай нафты. Па выніках гэтага года афіцыйны Мінск плануе атрымаць 4 млн тон венесуэльскай нафты, у 2011 — 8–9 млн тон, а ў 2012 з лацінаамерыканскай краіны павінна паступіць у Беларусь 10 млн тон нафты.

«Шмат у чым ажыццяўляльнасць планаў беларускага боку па павелічэнні паставак венесуэльскай нафты будзе залежаць ад пазіцыі Украіны і краін Прыбалтыкі, праз якія нафта з Венесуэлы будзе паступаць да нас «, — кажа Сяргей Чалы.

На думку суразмоўцы «Беларускіх навінаў», задачы па павелічэнні паставак венесуэльскай нафты дасягальныя.

«Наша задача — узмацніць інтрыгу і стварыць канкурэнцыю паміж краінамі, якія захочуць удзельнічаць у транзіце венесуэльскай нафты», — мяркуе суразмоўца «Беларускіх навінаў».

Не пакідаюць беларускія ўлады і надзей на перагляд умоваў паставак у краіну расійскай нафты. На апошніх перамовах з кіраўніцтвам Расіі, якія праходзілі ў Маскве ў чэрвені, Аляксандр Лукашэнка ўздымаў пытанне ўмоваў паставак у краіну нафты.

«Для таго каб ушчыльную падысці да поўнафарматнага стварэння Мытнага саюза», Лукашэнка прапанаваў Крамлю з 1 студзеня 2011 скасаваць мыты на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Аднак пакуль гэтая прапанова застаецца без адказу.

Старшы эксперт расійскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў мяркуе, што

Беларусь станоўчага адказу ад Масквы так і не дачакаецца, і мыты на нафту будуць дзейнічаць і ў наступным годзе.

«Сёння няма падставаў меркаваць, што ўмовы могуць быць перагледжаныя. Расія пастаўляе ў Беларусь частку нафты без спагнання мытаў і лічыць нават сённяшнія ўмовы ільготнымі для Беларусі», — кажа эксперт.

Гэтыя ўмовы, як бачым, прымусілі Беларусь упершыню за многія гады адысці ад захавання паліўна-энергетычнага балансу саюзнай дзяржавы. Упершыню ў гэтым годзе Беларусь не выбера ў Расіі аб’ём нафты, зафіксаваны ў энергетычным балансе саюзнай дзяржавы. І гэты факт наводзіць на думку, што

дамоўленасці ў рамках саюзнай дзяржавы сёння мала чаго вартыя.
Але гэта ўжо палітычная гісторыя…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?