Ён нарадзіўся 26 верасьня 1925 г. у Маскве, а як скончыў дзьве клясы, сям’я пераехала, дакладней, вярнулася ў Віцебск, родны горад Навумавых бацькоў. Расейскай школы ў тым раёне гораду, дзе пасяліліся Кісьлікі, не было (сёньня нават ня верыцца, што такое магло быць), і Навума запісалі ў беларускую.

Ён часта згадваў, як упершыню прыйшоў у тую школу, як уразіла, агаломшыла яго беларуская мова — мноства слоў тыя ж, што і ў расейскай, а гучаць зусім інакш, дзэкаюць, гакаюць, аукаюць (так ён успрыняў «у нескладовае»), некаторыя словы азначаюць зусім ня тое, што ў расейскай мове. Безьліч цалкам незразумелыя. А калі на адным зь першых урокаў настаўнік пачаў уголас чытаць дзецям нейкі клясычны мастацкі тэкст, учорашні маленькі масквіч ніводнага слова не зразумеў, спалохаўся і заплакаў: як жа ён будзе вучыцца? (Гэты эпізод зь дзяцінства Навум прыводзіў кожнага разу, калі пры ім хто-небудзь пачынаў даводзіць, што ніякай беларускай мовы не існуе, што яна — паўночна-заходні дыялект расейскай. Довады, якія мы штодня чуем і сёньня: «Одна история, один язык, одна нация». Навум іранічна прыжмурваўся на гэткае: «Чушь, голубчик!»)

Беларуская мова засталася ў ягоным багажы назаўсёды, але сталася так, што роднай мовай ягонай зрабілася расейская. Тут шмат чыньнікаў, у прыватнасьці, акалічнасьці часу: вайна разлучыла Навума зь Беларусьсю на пяць гадоў, закінула ў эвакуацыю ўглыб Расеі, і сталеў ён у расейскамоўнай стыхіі. І, натуральна, вершы пачаў пісаць па-расейску. На фронце. Ваяваў ён радавым пехацінцам, быў першым нумарам кулямётнага разьліку, летам 1943 г., у бітве на Арлоўска-Курскай дузе, быў цяжка паранены — разрыўная куля трапіла яму ў лоб. Адзнакай таго раненьня засталася на лбе глыбокая ўвагнутасьць і амаль сьляпое левае вока. Але менавіта вайна назаўсёды абвастрыла яго ўнутраны зрок, памяць аб вайне прадыктавала яму ўсе ягоныя кнігі вершаў — «Размова зь сябрамі», «Пошук», «Пазыўныя зямлі», «Аповесьць аб прасаваным пораху», «Верасьнёўская рака», «Успаміны пра вакзалы», «Галіны», «Зімовае сьвятло», «Першасьнежжа», «Сьвята сьнегападу», «Лесьвіца гадоў», «Памяці патэфона» (апошняя прыжыцьцёвая кніга). Хоць, вядома, не адна вайна жыве ў гэтых кнігах, ёсьць у Навума і лірыка каханьня, і філязофскія вершы — роздум на «вечныя тэмы». Ды ўсё ж асноўны матыў ягонай паэзіі — вайна, дакладней чалавек на вайне, і матыў гэты, трактоўка ваеннай тэмы ў паэта тыя ж, што ў прозе Васіля Быкава. Як і Васіль, Навум быў верны «акопнай праўдзе», не сказаў ніводнага слова маны, ніколі не станавіўся на катурны псэўдапатрыятычнага одапісальніцтва. Арганічна не выносіў афіцыйнага савецкага мажору ваеннага параду. Вось — у скароце — Навумаў верш «Загад 227» (маецца на ўвазе загад Сталіна аб стварэньні «загараджальных атрадаў», каб спыніць адступленьне Чырвонай арміі):

    Срез времени кровоточаще свеж,
    вскрытый слой за слоем до денечка…
    Этот вечный дательный падеж —
    скудной пайки нудная дележка.
    ………………………………….
    В мать и в душу, в бога и отца! —
    ускользает доля, что обмылок.
    Нету нормы только для свинца:
    в лоб — чужого,
    своего — в затылок.

    Тот, что в лоб, и тот, что за спиной,
    скрестятся на цели обоюдной,
    растечется жижей кровяной
    Судный День твой на земле бессудной.
    ………………………………………….
    Ибо нету нормы для свинца,
    нету на земле и нет на небе.
    Поспрошать бы «друга и отца»,
    чем мы заслужили этот жребий?

    И пускай навечно грязь земли
    Вбила в глотки гробовая зона,
    допытаться б:
    — Это разве мы
    опозорили свои знамёна?!

Працягам уласнай творчасьці, арганічнай яе часткай ёсьць Навумавы пераклады на расейскую мову беларускай паэзіі і прозы. Ён падарыў расейскаму чытачу цэлы том вершаў і паэмаў Янкі Купалы, і гэта самы натуральны Купала «па-расейску», якога я ведаю. Гэтак жа натуральна, свабодна, так, што не заўважаеш, не адчуваеш, што гэта пераклад, гучаць у Навума вершы іншых беларускіх паэтаў. Найчасьцей перакладаў ён Рыгора Барадуліна, амаль усё, што выходзіла з-пад пяра Рыгора, быў зьвязаны з Барадуліным глыбокай дружбай. Як і з Валодзем Караткевічам. Натхнёна, бліскуча пераклаў Валодзеў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — сам Валодзя казаў, што бліскуча. А яшчэ Навум выдатна пераклаў «Дануту» Аляксея Карпюка. І найлепшы пераклад рамана Івана Мележа «Людзі на балоце» таксама зрабіў Навум.

…Амаль усё сваё пасьляваеннае жыцьцё ён пражыў у Менску, з 1952 г. — на вуліцы Фрунзэ, на першым паверсе дому №3. Гэта за якую паўсотню мэтраў ад Дому літаратара, і кожны з Навумавых сяброў ці добрых знаёмых, ідучы ў Дом літаратара альбо адтуль, стукаў Навуму ў шыбу, каб той выглянуў у фортку перамовіцца словам. Але звычайна ён махаў рукою: «Зайди на минутку!» Ты заходзіў, і «минутка» ператваралася ў гадзіну, а то і ў дзьве. Адчыняла дзьверы Навумава маці, Ганна Навумаўна. І першым нязьменным ейным пытаньнем было: «Вы галодныя? У мяне сёньня цудоўны абед!»

Можна толькі зьдзіўляцца, як гэта Ганна Навумаўна, колькі б людзей ні ўвалілася ў хату, умудралася накарміць усіх. Навумаў дом, ягоны сьціплы рабочы пакой — кушэтка, пісьмовы стол і велізарны стэляж з добрай тысячай кніг — немалая частка жыцьця Навумавых сяброў, незабыўная наша выспачка свабоды ў колішнім несвабодным сьвеце, выспачка, дзе ўсе мы былі як родныя браты, дзе можна было выказвацца як на споведзі, ведаючы, што няма сярод нас ні стукачоў, ні крывадушных зласьліўцаў. Ды акрамя блізкіх сяброў Навума хто толькі ні пабываў у тым пакоі, хто толькі ні сядзеў за гасьцінным, шчодрым сталом Ганны Навумаўны! Калі б на тым доме па вуліцы Фрунзэ, 3 устанавіць памятныя шыльды з імёнамі знакамітых людзей, якія гасьцявалі ў Навума, то шыльды гэтыя занялі б ці ня ўвесь фасад. Але няма нават і адной — у памяць Навума Зіноўевіча Кісьліка. А на вокнах ягонай кватэры — жалезныя краты, іх паставілі людзі, якія цяпер там жывуць. Калі-нікалі спыняюся перад тымі вокнамі і чую, як там, у Навумавым пакоі, гучаць знаёмыя галасы: звонкі, задзірысты голас Алеся Адамовіча, стрыманы голас Васіля Быкава, усхваляваны голас Рыгора Бярозкіна; чую, як рагоча на ўсю кватэру Валодзя Караткевіч, як напорыста, дзёрзка чытае свае вершы Ігар Шклярэўскі, як бубніць свае Грыша Барадулін. Чую Федзю Яфімава, Ваню Бурсава, Алега Сурскага, Сямёна Букчына, Сашу Дракахруста, густы бас мастака Барыса Заборава… Чую галасы Янкі Брыля, Івана Мележа, Аркадзя Куляшова, Заіра Азгура, Канстанціна Ваншэнкіна, чую, як сьпявае на застольлі Навумавага дня нараджэньня Аляксандар Галіч… Гамана часу, які адшумеў, адышоў, заціх у тым Навумавым пакойчыку. І ўсе мы колішнія, і жывыя, і мёртвыя, засталіся на гэтай выспачцы свабоды, як у вязьніцы, у палоне былога.

Навум пайшоў з жыцьця 27 сьнежня 1998 г. Боль і горыч страты не праходзяць. Зрэшты, страты — таксама наша душэўнае багацьце. Аб гэтым сказаў сам Навум, думаючы пра вышэйшае прадвызначэньне чалавека. Таму што хто ён, чалавек?

    Приговоренный к наивысшей мере —
    жить на земле и обретать потери —
    свой краткий срок отпраздную,
    пока
    не прогремит отмена приговора
    и, наломав положенного вздора,
    не поддадут последнего пинка,
    а вслед —
    не то «лети!», не то «катись!»…
    Ну что ж, покатимся, прокатимся и канем.
    А то, что на душе лежало камнем,
    внезапной птицей устремилось ввысь.

«Набываць страты» — гэта, здавалася б, гучыць дзіўна. Але ў паэзіі ўсё дзіўна! Як у самім жыцьці, вынік якога — выпіты да дна келіх пакутаў з маленькім каліўцам шчасьця. Пакутаў, выпрабаваньняў і спакус, церазь якія душа пераскоквае, як цераз вогнішча ў Купальскую ноч, каб ачысьціцца, каб агонь спаліў усё часовае, прыземленае да карыта. Каб прасьвятлець. Такім прасьветленым чалавекам быў паэт Навум Кісьлік. Таму і застаўся з намі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0