Як паведамілі ў следчым аддзеле пракуратуры Брэсцкай вобласці, 8 верасня, а трэцяй гадзіне ночы цела дзіцяці з цялеснымі пашкоджаннямі ў вобласці галавы і тулава прынёс на станцыю хуткай медыцынскай дапамогі ў Баранавічах 31-гадовы непрацуючы мясцовы жыхар. Ён заявіў, што знайшоў дзіця на вуліцы.

У дзяўчынкі былі выяўленыя: закрытая чэрапна-мазгавая траўма, множныя пераломы костак зводу і асновы чэрапа, пераломы пяці рэбраў, сінякі і кровазліцці ў мяккія тканкі шыі з прыкметамі механічнай асфіксіі.

8 верасня па факце смерці дзіцяці следчым аддзелам пракуратуры Брэсцкай вобласці распачата справа па п. 2 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства заведама малалетняга).

Па падазрэнні ва ўчыненні забойства затрыманы мужчына, які прынёс дзяўчынку на станцыю хуткай медыцынскай дапамогі.

Падчас папярэдняга расследавання крымінальнай справы ўстаноўлена, што 7 верасня ён распіваў спіртное з бацькам дзіцяці ў кватэры апошняга. У кватэры таксама знаходзілася бабуля загінулай дзяўчынкі. Маці дзіцяці дома не было.

Прычыну смерці дзяўчынкі вызначае судова-медыцынская экспертыза. Следствам устанаўліваюцца акалічнасці прычынення дзіцяці цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці.

Падазроны змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?