12 кастрычніка рэдакцыя недзяржаўнай газеты «Брестский курьер» атрымала ліст за подпісам дырэктара Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Георгія Цітова, у якім гаворыцца, што «дамова на распаўсюд і дастаўку «Брестского курьера» заканчваецца 31 снежня 2006 года і далей працягнута не будзе. У сувязі з гэтым на новы падпісны перыяд газета будзе выключана з Каталога перыядычных выданняў». Аб прычынах скасавання дамовы ў лісце нічога не паведамляецца.

Перад гэтым 12 верасня «Белпошта» паведаміла кіраўніцтву выдання, што прыступіла да фарміравання падпіснога каталога на 2007, і прапанавала ўключыць у яго «Брестский курьер». Рэдакцыя ў тэрмін выканала неабходныя умовы: аплаціла паслугі і прадаставіла ўсю неабходную інфармацыю, і 25 верасня атрымала паведамленне, што газета «Брестский курьер» уключана ў падпісны каталог на першае паўгоддзе 2007 года.

Нагадаем, у 2005 годзе РУП «Белпошта» таксама адмаўлялася уключаць газету ў каталог і зрабіла гэта толькі за 5 дзён да заканчэння падпісной кампаніі. А на пачатку 2006 года скасавала дамовы з «Брестским курьером» на рознічны гандаль і дастаўку ў рэгіёны Брэсцкай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?