Выступае малады бард Мікола з Рэчыцы.

Выступае малады бард Мікола з Рэчыцы.

 Конкурс на найлепшы лагатып фэсту.

Конкурс на найлепшы лагатып фэсту.

 «Яшчэ адзін здымак, і фотаапарат паляціць у вогнішча».

«Яшчэ адзін здымак, і фотаапарат паляціць у вогнішча».

 Узаранае плугам поле каля памятнага каменя.

Узаранае плугам поле каля памятнага каменя.

 «Пагоня» на крыжы.

«Пагоня» на крыжы.

 Ікона Аршанскай Маці Божай.

Ікона Аршанскай Маці Божай.

Да людзей, што згуртаваліся каля агню на месцы Аршанскай бітвы, падыходзяць пяцёра «партызанаў» — нямногія, якім удалося ў той вечар схавацца ад міліцэйскіх ліхтароў і кустоўем прабрацца на поле. Яны, брудныя і стомленыя, наперабой распавядаюць пра свае ўцёкі ў поцемках праз хмызнякі, пра аблаву. Двое мясцовых вырашылі рухацца нанач дахаты да Оршы. На Крапівенскім полі да раніцы застаецца дзясятак беларусаў, што дабраліся на месца.

ТТак пачыналася асноўная частка традыцыйнага фестывалю беларускай аўтарскай песні і паэзіі “Аршанская бітва”, які штогод ладзіцца ў найбліжэйшыя да 8 верасня выходныя. Нагода для зборкі — гадавіна падзеі, згадваць у якую ў савецкі час забаранялася. 8 верасня 1514 года 30-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага перамагло 80-тысячныя сілы агрэсара — Маскоўскага княства. Так у той далёкі час сцвердзілася права народаў Вялікага Княства на самастойнае існаванне.

Напярэдадні фестывалю поле ля памятнага каменя і крыжа на загад мясцовых уладаў ўзаралі — цяпер туды немагчыма пад’ехаць ды ставіць намёты таксама нязручна. Фестываль адбываўся троху ў іншым месцы, бліжэй да ракі Крапіўна.

Бардаўскую частку мерапрыемства выратаваў малады спявак Мікола з Рэчыцы. Пасля выступу адзінага на ўвесь вечар барда прысутныя ўключылі музычны дыск. Паслухаць яго каля гадзіны ночы падышлі міліцыянеры з відэакамерай. Супрацоўнікі праваахоўных органаў пацікавіліся, палітычнае мерапрыемства тут адбываецца ці гісторыка-патрыятычнае.

Міліцыянты, што з’явіліся на полі, папрасілі не здымаць іх, прыгразіўшы ў адваротным выпадку кінуць фотаапарат у вогнішча. Толькі на раніцу двое супрацоўнікаў МУС, што падышлі павітацца з удзельнікамі фэсту, ужо ветліва патлумачылі — нельга фатаграфаваць людзей у форме.

Начныя візіцёры, пабачыўшы бел-чырвона-белы сцяг, запыталіся ў сабраных, ці знаёмы ім тэрмін «калабарацыянізм». Затым паведамілі, што знаходжанне некалькіх чалавек у лесе ля агню трапляе пад артыкул Закону аб масавых мерапрыемствах і кожны з сабраных бярэ ўдзел у несанкцыянаваных дзеяннях.

«Прайшла рэклама ў інтэрнэт, адбыўся анонс, таму вашае масавае мерапрыемства мае несанкцыянаваны характар, — зазначыў падпалкоўнік Дзяніс Рыбакоў, намеснік начальніка абласнога упраўлення унутраных справаў Віцебскай вобласці. — Вы не атрымалі дазволу і паводзіце сябе асабліва задзірліва».

Леанід Міхайлаў, начальнік Аршанскага райаддзела міліцыі, перапісаў пашпартныя звесткі ўсіх прысутных. Затрыманых на падыходах міліцыянты жартоўна называлі «тымі, што вырашылі не прысутнічаць на вашым канцэрце».

«Паглядзім, што вы напішаце ў інтэрнэце», — на развітанне зазначылі міліцыянты.

Міліцэйскія машыны ў гэтым годзе дзяжурылі на ўсіх дарогах да Крапівенскага поля. Нагоды для затрыманняў былі розныя — адсутнасць флікера, высвятленне асобы ды нават падазрэнне ў нападзе на інкасатараў і буйным рабаўніцтве. Затрыманых адвозілі ў Оршу, там перадавалі ў рукі гарадскога ці раённага аддзела МУС або транспартнай міліцыі, якая добра адпрацоўвала схему «чамадан — вакзал — цягнік».

Аляксея Трубкіна і Віталя Чарняўскага, напрыклад, двое супрацоўнікаў міліцыі суправаджалі у электрычцы пад канвоем амаль да Мінска. Агулам да месца святкавання не змаглі даехаць каля двух дзясяткаў чалавек.

Нягледзячы на прэвентыўныя затрыманні, святкаванне адбылося, хоць і без вялікага размаху. На раніцу да яго далучыўся вядомы бард Андрэй Мельнікаў. Ён адбыў 6 гадзін у аршанскім пастарунку і пехатою прыйшоў з гораду. «Супраціў з боку ўладаў сведчыць, што свята дзейнічае, — зазначыў Мельнікаў. — Гэта нагадвае штось акультнае». Андрэй Мельнікаў паказаў тры крыжы, пастаўленыя ў розных месцах у гонар сярэднявечнай перамогі нашых продкаў, распавёў, як з 1991 году мяняўся фармат імпрэзы.

«У мерапрыемства няма арганізатара, — кажа нязменны ўдзельнік фэстаў Юрка Копцік. — Мы па завядзёнцы збіраемся на гэтым полі паспяваць песні, а нам замінаюць. Сёлета адбылася сапраўдная экспедыцыя супраць партызан. Нібы ў 1942-м годзе, толькі без расстрэлаў».

Стаўленне ўладаў да святкавання аршанскай перамогі ад 2006 году займела актыўна негатыўны характар, адзначаюць заўзятыя прыхільнікі фестывалю.

Першы фестываль беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва» адбыўся ў 1991 годзе з ініцыятывы Андрэя Мельнікава і арганізацыйнай падтрымкі журналіста Юрася Копціка. На «Аршанскай бітве» ў розныя гады выступалі многія вядомыя беларускія аўтары: Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Зміцер Бартосік, Андрэй Хадановіч, Таццяна Беланогая, Уладзімер Арлоў. Фестываль «Аршанская бітва» з’яўляецца народным святам, яго праграма не абмяжоўваецца традыцыйным канцэртам. У мінулыя гады ладзіліся паказальныя выступы рыцарскіх клубаў, фаер-шоў ды перфомансы.

У 1992-ім годзе намеснік старшыні Беларускага згуртавання вайскоўцаў маёр Міхась Варанец ініцыяваў прыняцце на полі вайсковай прысягі на вернасць Беларусі, а ў 2007-м планы Паўла Севярынца адзначыць на фэсце дзесяцігоддзе «Маладога Фронту» справакавалі на полі міліцэйскую экспедыцыю.

У 1990-я гады пра Аршанскі фестываль пісала мясцовая і цэнтральная прэса, абвесткі пра мерапрыемства віселі на дошках аб’яваў у Воршы, з горада адмысловыя аўтобусы давозілі ўдзельнікаў да месца народнага свята. Дзякуючы традыцыйнасці з’явіліся сталыя заўсёднікі імпрэзы, якіх не пужае ні надвор’е, ні міліцэйскія пасты на дарозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?