Візіт да Рыгора Кастусёва ў рамках праекта «У гасцях у кандыдата» фатографа «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч і журналісткі «Салідарнасці» Настассі Зелянковой ледзь не каштаваў адной з нас сямейнага шчасця. Затое мы даведаліся, у чым кандыдат ад БНФ можа даць фору Уладзіміру Някляеву, чым ён падобны да Аляксандра Лукашэнкі і чаму яго жонка не хоча, каб ён стаў прэзідэнтам.

Гаспадар сустрэў нас проста на вуліцы.

Гаспадар сустрэў нас проста на вуліцы.

Бліны ў спадарыні Ларысы  – не параўнаць з тымі, што на пліце. Тоўстыя, духмяныя.

Бліны ў спадарыні Ларысы – не параўнаць з тымі, што на пліце. Тоўстыя, духмяныя.

Неўзабаве на стол падалі і іншыя далікатэсы - перац з грады, марынаваныя баравікі.

Неўзабаве на стол падалі і іншыя далікатэсы - перац з грады, марынаваныя баравікі.

Сабака Бам – верны спадарожнік кандыдата.

Сабака Бам – верны спадарожнік кандыдата.

Гэты гармонік Кастусёву яшчэ бацька купіў, калі я ў школе вучыўся.

Гэты гармонік Кастусёву яшчэ бацька купіў, калі я ў школе вучыўся.

Партрэт Кастусёва ў хаце павесіла ягоная мама.

Партрэт Кастусёва ў хаце павесіла ягоная мама.

Трыццаць гадоў шчаслівага сямейнага жыцця і трое цудоўных дзяцей – дзве дачкі і сын.

Трыццаць гадоў шчаслівага сямейнага жыцця і трое цудоўных дзяцей – дзве дачкі і сын.

Вось такі крэатыў гуляе пра Кастусёва ў сеціве.

Вось такі крэатыў гуляе пра Кастусёва ў сеціве.

— Вядома, прыязджайце, — гасцінна запрасіў нас Кастусёў, пачуўшы пра наш праект. — Давайце не ў гарадскую кватэру, а да нас у вёску. Мы лазню зацеплім, бліноў напячэм. Можаце і пераначаваць у нас.

Перспектыва вымалёўвалася прывабная: не кожны дзень выпадае магчымасць атрымаць кадры кандыдата ў лазні. Але ...

— У лазню, кажаш? Ну-ну... — нервова засоп мой муж і з'едліва дадаў: — Глядзі, даходзішся да сваіх кандыдатаў, што і вяртацца не будзе куды.

Ідэю з лазняй давялося пахаваць, ахвяраваўшы журналісцкім прафесіяналізмам дзеля сямейнага шчасця.

Пакуль ехалі да Кастусёва ў вёску Цяхцін, што ў Бялыніцкім раёне, размаўлялі. Улічваючы, што дарога няблізкая, да канца шляху мы ведалі пра кандыдата ўсё. Шмат з яго біяграфіі здавалася нейкім вельмі знаёмым: і былы дырэктар саўгаса, і з-пад Шклова...

— Дарэчы, вось тут, дзе пачатак Магілёўскай вобласці, пачынаўся і саўгас «Іскра», якім кіраваў Кастусёў, — расказвае наш гід, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Паміж іншым, тады гэта было адзінае на ўсёй трасе месца, дзе стаяў указальнік на беларускай мове.

Шклоўскі бацька

Гаспадар сустрэў нас проста на вуліцы. Побач круціўся малы белы сабачка. Як пазней высветлілася, ён і яшчэ двое катоў і складалі ўсю гаспадарку кандыдата.

— Гэта дом яшчэ майго дзеда, — паказваў нам радавое гняздо Кастусёў. — Тут я нарадзіўся. Прычым у наўпростым сэнсе: «хуткая» не паспела даехаць — дарогі тады горшыя былі. Цяпер мы ў асноўным жывём тут толькі летам. А так у Магілёве ці ў цешчы ў Шклове.

Экскурсію па падворку нам абяцалі адразу пасля бліноў, таму мы паспяшаліся ў дом. Пераступіўшы парог, мы застылі, прыгаломшаныя: ля печы спрытна завіхалася жонка кандыдата (я, шчыра кажучы, нават і не думала, што нехта яшчэ гатуе ў печы). А бліны ў яе — тоўстыя, духмяныя!

Пазнаёміліся на вяселлі

Мы пазнаёміліся. Аказалася,

спадарыня Ларыса нарадзілася на Гродзеншчыне, аднак усё жыццё пражыла на Магілёўшчыне. Працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. А пазнаёміліся яны з будучым мужам тут, у Цяхціне, куды Ларыса прыехала на вяселле да сваяка. У выніку — трыццаць гадоў шчаслівага сямейнага жыцця і трое цудоўных дзяцей — дзве дачкі і сын.

— Я і чацвёртага гатовая была нарадзіць, ды Грыша вырашыў, што хопіць,

— смяецца спадарыня Ларыса. — Хоць калі б я яго слухала, дык і гэтых не было б. Вечна яму на месцы не сядзіцца… Не, нельга яму быць прэзідэнтам. У яго за ўсё душа баліць. Усюды яму разабрацца трэба. А я тут сядзі сабе адна, як Галіна Лукашэнка.

— Няўжо зусім не сварыцеся? — усё не верылі мы, слухаючы, з якой любоўю гаворыць Ларыса пра мужа.

— Ой, яшчэ як бадаемся, — смяецца жонка і з задавальненнем дадае: — Затое як потым салодка мірыцца!

Тое, што Кастусёў — сем'янін узорны, мы асабліва і не сумняваліся.

— Бывае, выязджаем куды — усе гуляць ідуць у вольны час, а Кастусёў па крамах: жонцы і дзецям падарункі купляць, — расказаў потым Аляксей Янукевіч. — Ці

вунь у Амстэрдаме былі. Дык усе з цікаўнасці выправіліся на экскурсію ў квартал «чырвоных ліхтароў», а Кастусёў махнуў рукой і пайшоў у музей Ван Гога.

Яно і правільна, бо гаспадыня ў Кастусёва выдатная. Адны яе бліны з мачанкай чаго вартыя!

Неўзабаве на стол падалі і іншыя далікатэсы: перац з грады, марынаваныя баравікі.

— А гэтыя грыбы мы ўчора збіралі, — пахваліўся Рыгор Андрэевіч. — Я восемдзесят баравікоў знайшоў, і жонка столькі ж!
Месцы ведаю добрыя. Вы да нас наступным разам на даўжэй у госці прыязджайце. У грыбы сходзім, лазню зацеплім.

Каліфарнійскія чарвякі для кампоставай ямы

Толькі накарміўшы да адвалу, кандыдат павёў нас на экскурсію па сваіх уладаннях. Перш за ўсё зазірнулі ў тую самую лазню.

Мяркуючы па аповедах, Кастусёў — лазеншчык выдатны.

— Мы неяк смяяліся, што

трэба ўсіх нашых кандыдатаў у лазню загнаць: хто даўжэй выседзіць — адзіны, — згадвае Аляксей Янукевіч. — Някляеў, кажуць, таксама рэгулярна ў лазню ходзіць, але наш кандыдат дасць яму фору.

Вывучылі гарод, даведаліся пра каліфарнійскіх чарвякоў, якіх Кастусёў прывёз спецыяльна для кампоставай ямы, атрымалі кансультацыю, на якіх дровах лепш за ўсё смажыць шашлыкі, зазірнулі ў сад. Нават сабака Бам — верны спадарожнік кандыдата — з задавальненнем пагрыз з намі яблычак.

А запасы Кастусёва на зіму наогул вартыя асобнай размовы.

— Мы тут і вайну пратрымаемся, — смяецца Ларыса.

Дасць фору ў лазні

Пра вайну ў Цяхціне не думаюць, затое пра выбары пачалі пагаворваць. Пра тое, што іх зямляк хоча пазмагацца за прэзідэнцкі фатэль, аднавяскоўцы ведаюць. Вось толькі не асабліва вераць у перамогу. Не, у тым, што Кастусёў — чалавек добры і гаспадарлівы, тут ніхто не сумняецца. Проста пра тое, як у краіне праходзяць выбары, у Цяхціне ведаюць не па чутках. У свой час Кастусёў ужо быў кандыдатам у мясцовыя саветы.

— Сусед усё абураўся: «Як так? Я ж усёй сям'ёй за цябе галасаваў. А табе толькі тры галасы напісалі. А нас жа чацвёра!»

Дарэчы, з тых часоў у доме ў кандыдата вісіць у рамачцы яго перадвыбарчы плакат.

— Вы не думайце, гэта не я, гэта мая мама павесіла, — сціпла заўважае Рыгор Андрэевіч. — Сказала, каб не здымалі. Так вось і вісіць на самым бачным месцы.

— Ага, злодзеяў адганяе, — засмяялася жонка. — Залезе хто ў дом, зірне і спалохаецца.

Гэта не адзіная агітацыя за Кастусёва, да якой асабіста ён не мае ніякага дачынення.

— Нядаўна ў інтэрнэце сябры знайшлі і мне даслалі, — дэманструе кандыдат на ноўтбуку плакат, дзе гаўрошы распісваюць сцяну надпісам «Кастусёў». Крэатыў яшчэ той.

Памятае Рыгор Андрэевіч і выбары 1994 года. Тады ён асабіста ўгаварыў сваю маму прагаласаваць за Пазняка.

— Уся вёска галасавала за Лукашэнку, а мама — за Зянона. Яна потым нават неяк камплексавала. Затое, калі Лукашэнка ўвёў падатак на дом, уся вёска яго кляла. А мама хадзіла з такім гонарам, ажно свяцілася: «Трэба ведаць, за каго галасаваць!»

«Парадак навядзе»

Аглядаючы дом, мы нечакана заўважылі на шафе гармонік. Сумеснымі намаганнямі прымусілі кандыдата ўзяць інструмент у рукі. Аднак спяваць Кастусёў катэгарычна адмовіўся.

— Вы самі паспявайце, а я вам падыграю, — аднекваўся Рыгор Андрэевіч. — Я ўжо столькі гадоў яго ў рукі не браў. Мне гэты гармонік яшчэ бацька купіў, калі я ў школе вучыўся.

Як высветлілася, спецыяльных музычных установаў кандыдат не сканчаў. Усё, што ўмее, — вынік уласнай працы. І хоць ніколі нават нотнай граматы не ведаў, на вяселлях заўсёды быў выдатны музыка.

— Ён у мяне яшчэ і вершы піша, — хваліцца талентамі мужа жонка. — А калі прэзідэнтам стане — дык, нават не сумнявайцеся, парадак навядзе.

Ніхто і не думаў сумнявацца.

На дарожку нас напаілі гарбатай з цукеркамі — калі так далей пойдзе, то да канца праекта нам дакладна давядзецца сесці на найстражэйшую дыету — і далі з сабой гасцінцаў: яблыкі, бліны, вясковае малако.

— Паабяцайце, што яшчэ прыедзеце, — гасцінна запрашалі нас гаспадары.

Мы і не думалі аднеквацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?