4 кастрычніка журналісты “Вячоркі” выехалі на месца. Перад гэтым прачыталі ў “Зводзе” наступную інфармацыю: “Рэшткі замка месьцяцца каля вёскі, на правым беразе безыменнай балоцістай рачулкі. У XVII стагодзьдзі тут месьціўся замак князёў Чартарыйскіх. Захаваліся земляныя ўмацаваньні лініі абароны – валы, бастыёны, равы. Квадратнае ў пляне замчышча займае 10 га. З паўночнага ўсходу замак надзейна прыкрывала бастыённая сыстэма. Перад магутнымі валамі шырынёй 7-8 і вышынёй 4 м над пляцоўкай дзядзінцу праходзіць абарончы роў. Захаваліся сьляды былога ўезду. З захаду замак прыкрывалі балоцістая абалона і рачулка, таму штучныя ўмацаваньні тут значна слабейшыя. У заходнім куце дзядзінца знаходзіцца невялікае вадасховішча, абнесенае высокім земляным валам і злучаная спэцыяльным ровам з рачулкаю. На замчышчы знойдзеныя абломкі глязураванай кафлі і керамікі”.

Калі мы дабраліся да Крыўлянаў, пачалі пытацца ў мясцовых людзей, як праехаць ва ўрочышча Коранева, дзе колісь стаяў замак. Тры чалавекі нам прызналіся, што яны нядаўна пераехалі ў вёску (паводле іх словаў – з Украіны і Гомельскай вобласьці) і ніякага ўяўленьня пра гэта ня маюць. Толькі сталы мужчына паказаў нам дарогу: “А, дык вам патрэбны замак, дзе за польскіх часув знайшлі карэту, набітую золатам? Толькі вам, хлопцы, туды ехаць ня трэба – там зараз сьметнік”.

І такі ўсё так і захавалася! Так, тэрыторыя парасла, равы між насыпным валам і падмуркам замку зацягнуліся травой, але нават і сёньня ў іх ёсьць вада. Пэўны: функцыянуе сыстэма водазабесьпячэньня, якая захавалася з XVII стагодзьдзя. Хаця пазначаная “безыменная рачулка” сёньня ёсьць мэліярацыйным каналам Барысаўскім. Праўда, за ўсім гэтым буяньнем расьліннасьці цяжка разглядзець падмуркі пабудоваў. Але, калі спусьціцца з валаў уніз (там не чатыры мэтры, а добрыя шэсьць), бачыш чараду камянёў, якія абазначаюць контуры былога замку. Практычна неперапынная чарада таўшчынёй у адзін-два камяні цягнецца на 63 мэтры – замяралі рулеткай. Але замяраць было складана. Раз-пораз пад ногі трапляўся ржавы бідон, арматура.

Куды больш змрочны выгляда па краі замчышча – літаральна гурбы сьмецьця, скінутага ня толькі на падыходах да гістарычнага месца, але і ў равы былога абарончага збудаваньня. Выкінутыя памідоры шчэ не дагнілі, і над імі раіліся мухі.

Тое, што пясок на валах здабываецца ня першы дзень, бачна па шэрагу ямін. Сьляды зубцоў экскаватара (бульдозэра, скрэпэра?) яшчэ ня змытыя дажджом.

У сераду вечарам мы зьвязаліся і з адказнымі работнікамі Жабінкаўскага раёну. Начальнік аддзелу культуры райвыканкаму Васіль Чапялевіч сказаў нам: “На гэтай пасадзе я працую некалькі месяцаў. Пытаньне па звалцы ставілася супрацоўнікамі аддзелу, а потым і мной. Ведаю, што старшыня райвыканкаму жорстка запатрабаваў ад старшыні Крыўлянскага сельсавету і кіраўніцтва СПК “Надзея-Агра” (ні іх тэрыторыі і знаходзіцца аб’ект) навесьці парадак. Пытаньне ўзьнімалася на працоўных нарадах. Згодны з вамі, што такога бязладзьдзя быць ня мусіць”.

Не адмовіў у адказе на вечаровае тэлефанаваньне і старшыня райвыканкаму Мікалай Токар: “Я мяркую, што старшыня сельсавету Леанід Ігнатчык за дапушчанае бязладзьдзе ды ігнараваньне рашэньняў райвыканкаму не працягне працу на сваёй пасадзе. Парадак будзе наведзены найбліжэшымі днямі. Але што крыўдна, не было ж на замчышчы “афіцыйнай” звалкі. Сьмецьце вывозяць самі сяляне. І гарантаваць, што пустыя пляшкі там ня зьявяцца праз паўгода, я не магу. Ну ня ставіць жа там міліцэйскі пост!”

Тое, што на ўзьніклую калізію так востра адрэагавалі ўлады, варта пашаны. Але, магчыма, варта больш гаварыць пра нашу няпростую гісторыю, каб падобнае не паўтаралася?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?