«Рабыня каханьня», НТВ, 13.55
Расея (СССР), 1975, рэж. Мікіта Міхалкоў
Мэлядрама
Грамадзянская вайна. Зорка нямога кіно Вольга Вазьнясенская на здымках у правінцыйным гарадку. Гераіня ня здольная ні прыняць зьмены, ні ўцячы ад іх. Мо, дапаможа каханьне? Але ў рукі гераіні трапляюць кадры крывавае калатнечы...
Савецкае прывітаньне дарэвалюцыйнаму нямому кіно. Выкшталцоныя кадры Паўла Лебешава, музыка Эдуарда Арцем’ева – і безабаронная Алена Салавей з апошнім крыкам: «Панове, вы зьвяры!»
«Новае адзеньне імпэратара», «Лад», 20.30
Італія – Вялікабрытанія – Нямеччына, 2001, рэж. Алан Тэйлар
Камэдыя
1821 год. Змоўнікі-банапартысты зьбіраюцца падмяніць зьняволенага Напалеона двайніком. Пад выглядам марака Эжэна Ленармана ён выпраўляецца ў Парыж, а сам п’яніца Ленарман займае месца Напалеона на высьпе Сьвятой Алены. Але двайнік уваходзіць у ролю былога імпэратара, а самому Напалеону ніхто ня верыць. Парыскія вар’ятні перапоўненыя напалеонамі...
У галоўнай ролі Ян Холм («Пяты элемэнт»)
Прыз глядацкіх сымпатый на кінафэсьце ў Флорыдзе.
«Матч пойнт», БТ, 21.40
ЗША – Вялікабрытанія – Люксембург, 2005, рэж. Вудзі Ален
Драма
Змрочна-вытанчаная драма ад камэдыёграфа Вудзі Алена, якая прымушае ўзгадаць Драйзэра й Дастаеўскага. Выпадак, жарсьці, трагедыя без пакараньня – і геніяльная акторская гульня (Скарлет Ёхансан і Джонатан Рыс Маерс).
Прэміі «Давід»і «Гоя» за найлепшы эўрапейскі фільм, намінацыі на «Залаты глёбус» і яшчэ шэраг узнагародаў.
«Малхоланд драйв», НТВ, 23.00
ЗША – Францыя, 2001, рэж. Дэйвід Лінч
Трызьненьнік-дэтэктыў
Дзяўчына са згубленай памяцьцю абірае сабе імя Рыта і з дапамогай актрысы Бэці спрабуе разгадаць таямніцы...
Фірмовы лінчаўскі стыль, цягучая музыка, корсткія актрысы (Наомі Ўотс і Лора Хэрынг) – і загадкі, ад якіх вар’яцее глядач.