Дзяржавы-сябры Эўразьвязу адклалі на сьвятое ніколі плянаванае ўвядзеньне гандлёвых міні-санкцыяў супраць Беларусі. Гэткі крок, які раззлаваў Эўракамісію, у большай ступені пралівае сьвятло на загадкавыя нутраныя прынцыпы дзеяньня інстытуцыяў ЭЗ, чымсьці на дачыненьні паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

Дыпляматы ЭЗ мерыліся прагаласаваць у чацьвер 12 кастрычніка па пытаньні ўвядзеньня тарыфаў на імпарт зь Беларусі аб’ёмам 390 мільёнаў даляраў штогод пасьля таго, як Менск цягам 18 месяцаў ня выканаў 12 патрабаваньняў, датычных правоў прафсаюзаў, што былі вылучаныя расквартыраванай у Жэневе Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП).

Але галасаваньне было адменена, паводле афіцыйнага тлумачэньня, у зьвязку з тым, што намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў мае намер сустрэцца 19 кастрычніка ў Швайцарыі з кіраўніцтвам МАП, каб, мажліва, абвесьціць аб новых саступках па пытаньні прафсаюзаў, што патэнцыйна магло б падштурхнуць Міжнародную арганізацыю працы да адкліканьня ейнае скаргі.

Такі крок азначае, што дзяржавы-сябры ЭЗ ня зробяць новай спробы накласьці санкцыі раней за сакавік 2007 г. з улікам таго, што ўвесь працэс, – які прадугледжвае абноўленыя рэкамендацыі з боку МАП у адрас Эўракамісіі, якая, у сваю чаргу, павінна ўнесьці новыя прапановы дзяржавам-сябрам ЭЗ, - займае найменш шэсьць месяцаў.

Скасаваньне галасаваньня ставіць Эўракамісію ў няёмкае становішча, бо апошняя рашуча праштурхоўвала санкцыі, заяўляючы апошнімі тыднямі, што «палітычныя наступствы будуць проста велізарнымі», калі рашэньне ня пройдзе, і што «Эўразьвяз павінен прызнаць, што гэты (беларускі) рэжым чыніць абуральныя злоўжываньні».

«Мы, як і раней, цьвёрда стаім на сваёй прапанове, але цяпер разглядаем мажлівасьць даданьня новых элемэнтаў, каб дапоўніць яе», — заявіў у чацьвер афіцыйны прадстаўнік Эўракамісіі.

Сустрэча ў МАП – «не сапраўдная прычына»

Насамрэч, паварот на 180 градусаў, зроблены дзяржавамі-сябрамі, мае менш агульнага з візытам спадара Кабякова ў МАП, чым з кітайскім абуткам, польска-літоўскай заклапочанасьцю трансгранічным гандлем і рызыкай палітычнага прэцэдэнту, тады як палітычная воля Эўразьвязу да санкцыяў слабне, адзначаюць дыпляматы.

«Ніхто па-праўдзе ня верыць, што МАП адкліча скаргу, што б Беларусь не паабяцала на паперы», — паведаміў адзін з чыноўнікаў ЭЗ «EUobserver». «Але мы патрапілі ў такую сумятню ў пытаньні з антыдэмпінгавымі тарыфамі на кітайскі абутак, што ні ў каго больш няма жаданьня выклікаць якраз цяпер гандлёвую помсту з боку Польшчы і Літвы».

Раней Італія заблякавала папярэдняе галасаваньне 26 верасьня па санкцыях супраць Беларусі, бо хацела адпомсьціць дзяржавам, што падтрымліваюць санкцыі супраць Беларусі, у прыватнасьці, Германіі, Вялікабрытаніі і Швэцыі, якія перашкодзілі кіраванай Італіяй кампаніі за ўвядзеньне карных мытаў на імпарт таннага кітайскага абутку, патлумачыў чыноўнік.

Абутковая вайна скончылася. Але ў далікатным гандлёвым клімаце, які склаўся пасьля вайны вакол абутку, ніхто ня хоча, каб Польшча і Італія выкарысталі тактыку Італіі, пачаўшы галасаваць супраць іншых гандлёвых захадаў ЭЗ, каб дапячы дзяржавам-сябрам, якія праігнаравалі іхныя пратэсты пра тое, што санкцыі супраць Беларусі зашкодзяць трансгранічнаму гандлю.

Тым часам, крок па ўвядзеньні міні-санкцыяў, які прывёў бы да выключэньня Беларусі з Абагульненай сыстэмы прэфэрэнцыяў (АСП) ЭЗ, мог бы выклікаць вострыя пытаньні наконт таго, чаму такім краінам, як Куба і Ўзбекістан, што ня маюць добрай рэпутацыі ў абыходжаньні з прафсаюзамі, дазволена заставацца ў рамках АСП.

«Я насамрэч ня ведаю, што выклікала гэтае (прынятае ў чацьвер) рашэньне. За ім не было нейкай адной асобы альбо прычыны. Гэта было нешта накшталт паўзучай інстытуцыйнай мудрасьці», — дадаў чыноўнік.

Юрыдычныя хітрыкі

У дадатак да ўсяго гэтага, галасаваньне ў чацьвер сутыкнулася б з пэўнай юрыдычнай праблемай, бо рэглямэнт ЭЗ патрабуе, каб рашэньне па афіцыйнай рэкамендацыі Эўракамісіі – зробленай у гэтым выпадку 4 жніўня – было прынятае дзяржавамі-сябрамі не пазьней як празь месяц пасьля рэкамэндацыі, каб мець законную сілу.

Юрыдычная выкрутка – якая азначае, што папярэдняе галасаваньне ад 26 верасьня магло б быць прызнанае няважным, нават калі б яно было ў згодзе з рэкамэндацыяй Эўракамісіі, — была дадатковым фактарам у адмоўным кроку, зробленым дзяржавамі-сябрамі ў чацьвер.

«Камісія праспала гэтае пытаньне. Або, мажліва, нехта зрабіў гэта наўмысна, выпусьціўшы рэкамэндацыю ад 4 жніўня ў той месяц, калі нічога не адбываецца ў Брусэлі», — адзначыў дыплямат, блізкі да перамоваў. «Што б там не было, гэта паказвае, у якую вялізную сумятню ператварылася ўсё гэтае пытаньне».

Пераклаў Ігар Губарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?