Парламенцка-прэзідэнцкая форма кіравання, мадэрнізацыя эканомікі, шчыльныя адносіны з Расіяй і Еўропай ды інш.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» афіцыйна абвясціў пра свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі. Гэта адбылося 16 верасня а 8.30 у «Паціа Піцы». Прадстаўнікі прэсы атрымалі праект праграмы Някляева на 2011-2015 гг, выкананы ў выглядзе палітычнага меню.

«Асноўнай стравай» праграмы Някляева ідзе палітычная і канстытуцыйная рэформа. Паэт абяцае пераход да парламенцка-прэзідэнцкай формы кіравання, а таксама пашырэння паўнамоцтваў і незалежнасці мясцовай улады.
Палітычным партыям гарантуюцца роўныя ўмовы, прэсе — свабода.

Міліцыя і спецслужбы будуць вызваленыя ад ненатуральных для іх абавязкаў.

У якасці халодных закусак Някляеў прапануе пераадоленне крызісу, які дае шанец на мадэрнізацыю эканомікі. Найперш — развіццё малага і сярэдняга бізнесу. І не толькі ў сферы паслуг, але і бізнесу інтэлектуальных тэхналогій.

На гарачае — эканамічная рэформа якую, на думку някляеўцаў, немагчыма правесці без вывядзення з ценю асноўных фінансавых патокаў. А таму патрэбныя амністыя капіталаў і падаткаў, рэвізія пазабюджэтных фондаў, вяртанне ў бюджэт сродкаў, што ішлі ў абыход яго (у тым ліку сродкі ад продажу зброі).

«Сацыяльны пірог» немагчымы без эфектыўнай эканомікі.
Асноўнымі інгрэдыентамі «сацыялкі» ў праекце значацца рэформа аплаты працы, удасканаленне падатковай палітыкі ў інтарэсах сям’і, стымуляванне нараджальнасці — cем’ям пры нараджэнні другога дзіцяці абяцаюць выплату $25 000 (тут Някляеў зрабіў акцэнт на трывожнай дэмаграфічнай статыстыцы — скарачэнні насельніцтва краіны на паўмільёна чалавек), паэтапная рэформа пенсійнай сістэмы і г.д.
«Стравай дня» значыцца дактрына адказнага суседства.
Першым пунктам ідзе расійскі напрамак, дзе абяцаецца «перазагрузка» адносін. На еўрапейскім накірунку Някляеў будзе дабівацца адмены санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі, спрашчэння візавага рэжыму і г.д.
«Хлеб надзённы» Няклаева-прэзідэнта — строгае выкананне ўсіх міждзяржаўных пагадненняў з Расіяй,
якія забяспечваюць адсутнасць мытных візавых абмежаванняў паміж краінамі і свабоднае перамяшчэнне грамадзян, тавараў і капіталаў. Бо «Расія для значнай часткі нашага насельніцтва — крыніца існавання».
Любімая страва — пытанні нацыянальнай палітыкі і свабоды веравызнання, культуры і адукацыі.
Тут абяцаецца развіццё нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці ўсіх нацменшасцяў у спалучэнні з прыярытэтнай падтрымкай мовы тытульнай большасці. А таксама роўныя ўмовы для ўсіх канфесій. Сістэму адукацыі абяцаюць інтэграваць у агульнаеўрапейскую адукацыйную сістэму.
Кантроль народа над уладай, з дапамогай СМІ ў тым ліку, празрыстасць дзейнасці органаў улады — такі гарнір рыхтуе «шэф-повар» Някляеў да асноўных «страваў» свайго палітычнага меню.

І як жа без «гарчыцы»: «Хакей пакінем хакеістам. Працаваць давядзецца ўсім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?