gazeta.pl

gazeta.pl

Як паведаміў прэс-аташэ пасольства Беларусі ў Польшчы Аляксей Зелянко, беларускае генконсульства ў Беластоку садзейнічала найхутчэйшаму атрыманню віз для сваякоў загінулых. Сёння раніцай яны прыбылі ў Беласток і зараз гутараць з паліцыяй, а затым паедуць на апазнанне, сказаў прэс-аташэ.

Мяркуецца, што дастаўка цел загінулых на радзіму пачнецца 17 верасня.

Нагадаем, трагедыя адбылася ноччу 15 верасня. Два мікрааўтобусы з беларускімі нумарамі сутыкнуліся з польскім грузавіком Volvo. На месцы аварыі загінулі пяць чалавек, пацярпелі чатыры.

Паводле слоў Зелянко, дакладна ўстаноўлена, што ў ДТЗ загінулі пяць грамадзян Беларусі: двое мужчын (1967 і 1979 года нараджэння) і тры жанчыны (1958, 1959 і 1964 года нараджэння).

У мікрааўтобусе з гродзенскімі нумарамі знаходзіліся чатыры жыхары Гродна, усе яны загінулі. У другім аўтамабілі, з нумарамі Мінскай вобласці, знаходзілася пяць жыхароў Салігорска. Там загінула адна пасажырка.

Двое пацярпелых — мужчына і жанчына — знаходзяцца ў бальніцах Беластока. Чакаецца, што жанчына будзе выпісана 17 або 18 верасня. Мужчыне — кіроўцу аўтобуса з Салігорска сёння будзе зроблена аперацыя. «Жыццю абодвух пацярпелых нічога не пагражае», — сказаў прэс-аташэ пасольства.

Зелянко звярнуў увагу на тое, што «ўдзел у адным ДТЗ двух беларускіх аўтобусаў — трагічнае супадзенне».

«Яны не ехалі разам і праходзілі пагранічны кантроль у розны час», — патлумачыў прэс-аташэ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?